Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 23 чэрвеня 2017
22
Памер шрыфта

У нумары “Народнай Волі” за 28 красавіка я апісаў сітуацыю: Брэсцкая мытня рэквізавала ў мяне два экзэмпляры “Народнай праграмы “Вольная Беларусь”, створанай пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка (таму з яго аўтографамі) і з маім удзелам. Адразу ж пасля інцыдэнту я напісаў на адрас кіраўніка адпаведнай структуры згаданай мытні сп. М.М.Яроцкага запыт наконт лёсу рэквізаваных выданняў, якія, як я падкрэсліў, з’яўляюцца маёй прыватнай уласнасцю інтэлектуальнага характару. У запыце я не выказваў асаблівых прэтэнзій да наогул ветлівых у тую ноч брэсцкіх мытнікаў, але настойліва папрасіў вярнуць мне абодва экзэмпляры 76-старонкавых кніжак.

І вось я атрымаў адказ на свой зварот, падпісаны намеснікам сп.Яроцкага А.А.Кудашом, зместам якога хачу падзяліцца з чытачамі. Адразу адзначу, што зварот напісаны на добрай беларускай мове. Адказ выкладзены ажно на дзвюх з паловай старонках, таму я мушу перадаць яго збольшага ў сваім пераказе. Сп.Кудаш сцвярджае, што дзеянні яго падначаленых у дачыненні да мяне былі правамернымі, бо існуе “Рашэнне Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 21.04.2015 №30 “О мерах нетарифного регулирования” ў дачыненні да друкаваных і аўдыёвізуальных матэрыялаў, якія “змяшчаюць заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці або публічнае апраўданне тэрарызму”, і што, маўляў, выданні, якія я вёз праз мытную мяжу, паводле думкі А.А.Кудаша, “могуць змяшчаць прыкметы праяўлення экстрэмізму”. Што тут сказаць? Па-першае, высвятляецца, што ў нашай краіне дзейнічаюць не законы ці нарматыўныя акты прэзідэнта або ўрада, а “рашэнні калегіі”. Па-другое, “Народная праграма “Вольная Беларусь” наогул не ўтрымлівае ніякіх заклікаў: там няма сказаў у загадным ладзе ды клічнікаў, бо гэта досыць сухі выклад поглядаў дзевяці суаўтараў “Народнай праграмы” на магчымую будучыню Беларусі ў самых розных сферах яе жыцця. Па-трэцяе, мая заява не была скаргай на канкрэтных асоб з Брэсцкай мытні, а канстатавала парушэнне маіх правоў як уласніка ў прынцыпе.

Што ж далей? Намеснік кіраўніка мытні сп.Кудаш паведамляе мне, што цяпер адабраныя ў мяне выданні “знаходзяцца на экспертызе ў Брэсцкай абласной экспертнай камісіі, якая дзейнічае пры Брэсцкім абласным выканаўчым камітэце” і што “экспертыза яшчэ не завершана”. Мне ласкава паведамляюць, што пры паступленні ў мытню заключэння эксперта я буду “неадкладна праінфармаваны Брэсцкай мытняй аб выніках правядзення мытнай экспертызы”. Як кажуць, за гэта дзякуй, але ўзнікае яшчэ адно пытанне. Хто ўпаўнаважыў абласныя выканаўчыя камітэты (не выбарныя органы!) займацца экспертызай (а фактычна цэнзураваннем) якіх-кольвечы выданняў і ці іх гэта фукнцыі? Ды яшчэ, як я вычытаў з гэтага дакумента, канфіскаваныя на мытні выданні могуць падлягаць “знішчэнню або ўтылізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаў–членаў Мытнага саюза”. А раптам у ананімнага брэсцкага эксперта ёсць асабістая непрыязь да кагосьці з аўтараў “Народнай праграмы” ці нейкія іншыя, чыста прыватныя, матывы? Я зразумеў бы, калі б нейкая асоба, якой змест выданняў падаўся падазроным, звярнулася ў суд ці ў пракуратуру, а тыя, пры неабходнасці, папрасілі б экспертаў у адпаведных галінах даць сваё заключэнне. Тады, прынамсі, можна было б абскардзіць тое ці іншае рашэнне такой інстанцыі ў вызначаным заканадаўствам парадку.

Шчыра скажу, беларускай пракуратуры (калі яна беларуская) трэба было б паглядзець зусім у іншы бок. У “адзінай мытнай прасторы ЕАЭС”, напраўду, ёсць на што звярнуць яе ўвагу. Зайшоў я днямі ў адну рэспектабельную кнігарню ў цэнтры Мінска. Свабодна на паліцах стаяць выданні, як на мой погляд, выразна ксенафобскага (а значыць, экстрэмісцкага) зместу – назвы гавораць самі за сябе: Андрэй Буроўскі “Москвабад: как мигранты пожирают Россию”; Алена Панамарова “Преступный Интернационал в центре Европы. Как NATO создают государства-бандиты”; Канстанцін Палтаранін і Аляксей Чалнакоў “Россия не для русских? Косовский сценарий в Москве”; Таццяна Міронава “Русская душа и нерусская власть”; Уладзімір Махнач “Империя для русских (как построить русский мир”) і г.д., і да т.п. І ніхто распаўсюднікаў падобнай літаратуры, як я разумею, не чапае… Не кідаюць іх на Валадарку, як распаўсюдніка беларускай літаратуры Алеся Яўдаху!

Мне, папраўдзе, не шкада тых двух канфіскаваных асобнікаў кнігі “Народная праграма”, што ў мяне забрала Брэсцкая мытня: дома я спакойна спампаваў іх тэкст з інтэрнэту. Але трывалае ўражанне, што Канстытуцыя і законы ў нас як… самі ведаеце што, застаецца.

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным