Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Калі ўзгадаць, якімі неймаверна цяжкімі выпрабаваннямі былі напоўнены гэтыя два выключна драматычныя дзесяцігоддзі і што ёй, нашай дэмакратычнай ластаўцы, давялося перажыць, вытрымаць, то іх можна залічыць за 100!
1:55 20 лiпеня 2015
10
Памер шрыфта

У першым нумары “Народнай Волі” я пісаў: яе з’яўленне прадыктавана не столькі маім журналісцкім імпэтам, колькі воляй народа. І гэта, скажу шчыра, так і было. Калі з маіх рук груба і бесцырымонна, з парушэннем усіх існуючых законаў і нормаў маралі вырвалі “Народную газету”, створаную як орган Вярхоўнага Савета, але менавіта з маёй дэпутацкай ініцыятывы, хатні тэлефон літаральна расколваўся ад бесперапынных званкоў. Людзі з самых розных гарадоў, самых аддаленых вёсак, блізкага і далёкага замежжа, выказваючы шчырую падтрымку ў складаны для мяне час, прасілі знайсці сілы і не скарыцца перад тымі, хто свабоднага, праўдзівага слова баіцца больш, чым гарматных стрэлаў. Прасілі не складваць рук, не станавіцца на калені перад душыцелямі волі народа, а тэрмінова ўзяцца за выданне новай дэмакратычнай газеты.

Людзей свядомых абуралі, крыўдзілі інквізітарскія дзеянні новай улады. Уявіце такую карціну. 17 сакавіка 1995 года, літаральна адразу пасля з’яўлення ганебнага ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі аб адхіленні мяне ад пасады галоўнага рэдактара парламенцкай газеты, у рэдакцыйны корпус Дома друку заявіліся дужыя хлопцы ў спецформе з не менш дужай аўчаркай і, можна сказаць, на руках вынеслі мяне з рабочага кабінета. Гэта была дзікунская расправа не толькі нада мною, маёй прафесійнай, дэпутацкай і чалавечай годнасцю. Такім пачварным чынам тыя, хто толькі што прыйшоў да ўлады, імкнуліся першымі сваімі нецывілізаванымі крокамі растаптаць праўду, задушыць народную волю. І я не мог не ўстаць на бок беларускага народа. 

Ужо 11 ліпеня, у прыгожы летні дзень, на свет з’явіўся першы нумар “Народнай Волі”. І на яе загалоўнай паласе была надрукавана вялікая падборка пад кідкай “шапкай”: “Мінуў адзін год, як Беларусь выбрала прэзідэнта. Што за гэты час адбылося?”. Вядома ж, прынцыповая, аб’ектыўная ацэнка дзейнасці ўлады выклікала шалёныя рэпрэсіі ў адносінах да новай газеты, якая яшчэ не паспела ўстаць на ногі. Як штодзённай незалежнай газеце ёй удалося выдавацца менш за два тыдні – з дванаццатага нумара па сямнаццаты… Вечарам 10 кастрычніка, літаральна за некалькі хвілін да адпраўкі палос у друк, у рэдакцыю патэлефанавалі з выдавецтва, падпарадкаванага Кіраўніцтву спраў прэзідэнта, і ашаломілі звесткай: чарговы нумар друкавацца не будзе, заключаны дагавор скасоўваецца. Няцяжка здагадацца, чаму на такі разбой не адрэагавалі ні прэзідэнт А.Лукашэнка, якому я накіраваў тэрміновую тэлеграму, ні Міністэрства юстыцыі, ні Генеральная пракуратура. У краіне фактычна адбыўся антыканстытуцыйны замах на свабоду слова!

Пазбавіўшы “Народную Волю” друкарні, знішчальнікі першых парасткаў дэмакратыі, ворагі беларушчыны разлічвалі, што такім чынам удасца задушыць “Народную Волю” ў зародку. Не ўдалося! Ужо праз некалькі дзён яе выданне аднавілася. Восем чарговых нумароў былі адтыражаваны ў невялічкай друкарні “Чырвоная зорка”. Але і да яе дацягнулася лапа ўладных цэрбераў, якімі кіраваў і якіх нацкоўваў на газету сумна вядомы палкоўнік Замяталін. І тады “Народнай Волі” не засталося нічога іншага, як шукаць паратунак за мяжой, у эміграцыі. З 25-га нумара яна стала множыцца ў Вільнюсе, у друкарні выдавецтва “Летувас рытас”. Але колькі разоў на мяжы перад “Народнай Воляй” апускаўся шлагбаум!

У чарговы раз я вымушаны быў звярнуцца да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі. Звярнуцца са словамі: “Не бойцеся, Аляксандр Рыгоравіч, адкрытай, шчырай і, бясспрэчна, куслівай прэсы. Бойцеся лісліўцаў і падхалімаў… Газеты, якія толькі падгаўкваюць, губяць людзей і краіну”. На жаль, мае словы засталіся непачутымі. Час першай эміграцыі доўжыўся па ліпень 1996 года. З боем, але ўсё ж дабіліся дазволу на друк у Мінску. На гэты раз знайшлі паразуменне з прыватным выдавецкім прадпрыемствам “Мэджык”. Ды нядоўга музыка іграла! Кіраўнік друкарні апынуўся ў бязлітасных цісках улады. У лістападзе таго ж 1996 года “Народная Воля” зноў апынулася ў эміграцыі, вярнуўшыся ў тую ж вільнюскую друкарню “Летувас рытас”. Зноў бяссонныя ночы на мяжы, зноў ледзь не кожны нумар газеты давялося вырываць з расстаўленай уладай пасткі.

Магільшчыкі свабоднага слова пайшлі далей – скасавалі дамовы рэдакцыі з “Белпоштай”, “Белсаюздрукам”, а таксама з тымі транспартнымі структурамі, якія дастаўлялі газету ва ўсе рэгіёны. Адным словам, поўнасцю перакрылі кісларод. Што заставалася – пакутніцкая смерць? Народавольцы з гэтым не змірыліся. Тыражы газеты, якія дастаўляліся з Вільнюса, саматужна распаўсюджваліся па ўсёй краіне. На дапамогу прыйшлі сотні валанцёраў.

Так, без вялікай падтрымкі многіх людзей мы, вядома, маглі б і не вытрываць. Дзякуй вам, нашы дарагія прыхільнікі! Мы помнім той час, калі падпісчыкі газеты закідвалі суды іскамі, патрабуючы ад улад спынення дзікунскіх рэпрэсій у адносінах да “Народнай Волі”.

Пахвілінна магу аднавіць у памяці незвычайны працэс, ініцыятарам якога быў падпісчык газеты Эдуард Тобін са Смалявічаў. У суд ён заявіўся разам з жонкай. Суддзя звяртаецца да яго з пытаннем: “Якімі фактамі вы можаце пацвердзіць тое, што адмовай працягнуць падпіску на “Народную Волю” “Белпошта” нанесла ўрон вашаму здароўю?” У адказ гучыць: “Калі мне перасталі дастаўляць маю любімую “Народную Волю” – у мяне перавярнулася ўсё жыццё… На нервовай глебе я, паверце, згубіў мужчынскую сілу. Пацвердзі, жонка, калі ласка…” Пасля гэтых слоў я не ведаў, што рабіць – смяяцца, плакаць, выбегчы на вуліцу і крычаць “Каравул!”… Бачыў разгубленасць суддзі, якая ў рэшце рэшт абавязала “Белпошту” выплаціць няўстойку спадару Тобіну. Але справа была не ў грашах. Вось так людзі змагаліся за сваю газету! І я тады даў зарок: пакуль буду жыць, “Народная Воля” будзе выдавацца!!!

Шмат вады сплыло ў беларускіх і літоўскіх рэках, пакуль, дзякуючы нашым і вашым, шаноўныя прыхільнікі, намаганням, салідарнасці міжнароднай супольнасці, “Народная Воля” атрымала чарговы дазвол на друкаванне ў Мінску. Але па-ранейшаму для яе быў закрыты доступ да цэхаў спецыялізаванага газетнага выдавецтва “Беларускі Дом друку”. А менавіта пры ім працуе экспедыцыйная служба, якая развозіць газеты і часопісы па ўсёй краіне. За кожны пад’ём шлагбаума – плаці шалёныя грошы. Судзіліся з тагачасным кіраўніцтвам выдавецтва, але ж яно, выдавецтва, – прэзідэнцкае, а таму вердыкт быў не на нашу карысць.

Мы, народавольцы, не хацелі паміраць, а ўлады не хацелі здавацца. Калі не сваімі, дык рукамі розных рыбаковых, атрошчанкаў, гайдукевічаў і ім падобных яны гвалцілі газету на кожным скрыжаванні. Судовыя штрафы зашкальвалі! Напрыклад, Вярхоўны суд не адмяніў рашэнне абласнога, які пастанавіў выплаціць дачцэ забітага 5 мільёнаў рублёў замест 15 мільёнаў, заяўленых ёю ў іску. А з “Народнай Волі” і яе аўтараў спаганяюцца 52 мільёны (!) за тое, што газета быццам закранула гонар і дзелавую рэпутацыю тагачаснага старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Я.Рыбакова. Гэта крыху пазней той жа Вярхоўны суд вызначыць “гонар і дзелавую рэпутацыю” нахабнага злодзея і махляра Я.Рыбакова адзінаццаццю гадамі турмы. А тады за прынцыповае выказванне на старонках “Народнай Волі” былой вядучай тэлебачання Элеаноры Язерскай наконт таго, што нездаровая атмасфера, створаная кіраўніцтвам кампаніі, прыводзіць людзей да суіцыду (а такое было), нам давялося заплаціць, вобразна кажучы, сваёю крывёю. Як і за абнародаванне таго, што Ліберальна-дэмакратычная партыя на чале з тым жа С.Гайдукевічам супрацоўнічае з крывавым іракскім дыктатарам Садамам Хусейнам. Я ледзь не ўпаў, калі пачуў вырак суддзі: з рэдакцыі спаганяецца штраф у памеры 100 мільёнаў рублёў (прыкладна 50 тысяч долараў). За што? Ніводнай прэтэнзіі да тэксту матэрыялу. Усё правільна, вывераны кожны факт, кожнае слова. Вось толькі, быццам, у ксеракопіі тэлеграмы з Багдада заменена прозвішча аднаго з намеснікаў С.Гайдукевіча на яго асабістае. Хто з падлюг, набліжаных да кіраўніка партыі, гэта зрабіў, рэдакцыі на той час было невядома. Суд, які на працягу некалькіх дзён адбываўся пад пільным вокам спецслужбаў, не стаў унікаць у нюансы. 100 мільёнаў штрафу “Народнай Волі” – і выжывайце як хочаце.

Сёння я добра ведаю матывы таго страшэннага пакарання. Газета, якая не стала на калені перад уладамі, павінна была знікнуць з інфармацыйнага поля. А мы не зніклі! Больш за тое, у адным з чарговых нумароў рубам паставілі пытанні:

1.Хто ў Беларусі, акрамя Ліберальна-дэмакратычнай партыі, меў квоты ад Садама Хусейна на атрыманне нафты па льготных коштах?

2.Якія кампаніі прыцягваліся ў якасці аператараў для перапампоўвання іракскай нафты на міжнародныя рынкі?

3.Які прыбытак (лічы – “навар”) мелі ўдзельнікі здзелак і як ён дзяліўся паміж імі?

4.Ці паступалі якія-небудзь сродкі ад аперацый з “хусейнаўскай” нафтай у беларускі бюджэт?

За такія вострыя пытанні можна было і кулю ў лоб атрымаць. Дзякуй Богу, засталіся жывыя, хоць пагроз за 20 гадоў было незлічонае мноства.

Вайна, якую ўлады аб’явілі “Народнай Волі” з першых нумароў яе існавання, не сціхала ні на адзін дзень. Яе працяг – амаль пяць гадоў чарговага выгнання з Беларусі. Столькі часу, як вы ведаеце, газета друкавалася ў Смаленску.

А помніце, шаноўныя чытачы, што было пасля вяртання з апошняй эміграцыі? Іск у суд небезвядомага міністра інфармацыі А.Праляскоўскага аб закрыцці “Народнай Волі”. Некалькі месяцаў запар я амаль кожны дзень хадзіў на спатканне з Фемідай. Пакуль літаральна за хвіліну да вынясення вердыкту не пачуў заяву ад прадстаўніка Мінінфарма: “Іск адклікаецца”. Што гэта было – бесчалавечны шантаж? Выпрабаванне нерваў? Падрыў здароўя? Схіленне да кампрамісу?

…Так, за слова ПРАЎДЫ мы разлічваліся і разлічваемся коштам часткі свайго жыцця. Нішто не праходзіць бясследна, без маральных, матэрыяльных і фізічных згуб. Але нас, народавольцаў, ніхто не паставіць на калені! Таму што мы – за ПРАЎДУ! Я не аднойчы казаў і хачу паўтарыць гэта сёння, калі “Народная Воля” адзначае сваё 20-годдзе:

Мы служым не ўладзе.

Мы служым не партыям.

Мы служым не алігархам.

Мы служым не апазіцыі.

Мы служым свайму сумленню.

Мы служым Свабодзе Слова.

Мы служым Дэмакратыі, 

якая на першае месца ставіць

сілу закона, а не закон сілы.

Мы служым Чалавеку, які мае 

не толькі абавязкі, але і правы.

Мы служым Вам, паважаныя

чытачы!

Мы служым Беларусі!

Іосіф СЯРЭДЗІЧ,
заснавальнік, выдавец
і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.