Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Язэп ЛЁСІК
6:00 13 лiпеня 2015
8
Памер шрыфта

Як вядома, у далёкія дваццатыя гады мінулага стагоддзя нацыянальная ідэя здолела падняць з каленяў неадукаваныя і затурканыя масы. Да 1927 года на беларускую мову амаль цалкам было пераведзена справаводства ў дзяржаўных і партыйных органах, а ў 1928-м гэтай мовай у цэнтральных дзяржустановах валодала 80% чынавенства. Пасяджэнні і пратаколы бюро ЦК і акруговых камітэтаў КП(б)Б сталі весціся толькі на беларускай мове, на ёй друкаваліся і дзяржаўныя рашэнні. Тады краіна ачуняла, задыхала і імкліва рушылася наперад. Ды крывавай лавінай абрынуліся масавыя сталінскія рэпрэсіі і патапілі ўсё дасягнутае. Бальшыня прыхільнікаў беларушчыны трапілі пад бязлітаснае кола як “ворагі народа”.

…За апошнія дваццаць гадоў на нашай зямлі вырасла цэлае пакаленне маладых людзей, адлучаных ад нацыянальнай ідэі, з выхалашчанымі, апусцелымі душамі, з неразуменнем, а навошта ў XXI стагоддзі ім, такім “прасунутым”, тая “мова”: вось англійская ці руская – іншы каленкор! Асноўныя прынцыпы нацыянальнай ідэі, выспеленай і вынашанай у душах нашых папярэднікаў, уладнікі свядома перакруцілі, не стамляючыся ўбіваць народу ў галовы, быццам ніхто не ведае, што гэта за ідэя. Нібыта і зараз патрабуецца шматгадовая распрацоўка ледзь не цэлай акадэміі навук… Словам, шукайце, ламайце коп’і, а пакуль знойдзеце – сплыве шмат часу, і ляснецеся вы са сваімі нацыянальнымі помысламі…

І ўсё ж ёсць сярод сучаснай моладзі такія, хто адчувае, у якім небяспечным духоўным вакууме мы апынуліся. У ім жа немагчыма дыхаць! Яны справядліва патрабуюць, да прыкладу, адкрыць беларускі нацыянальны ўніверсітэт. Сябры недзяржаўнага грамадскага аб’яднання ў Інстытуце матэматыкі і кібернетыкі імкнуцца развіваць свае дысцыпліны ў Беларусі на роднай мове. Слухаю каардынатара праграмы Змітрака Канаплянікава і думаю: такія вось рупныя і натхнёныя энтузіясты, на жаль, не адчуваюць падтрымкі з боку апазіцыі (не кажу ўжо пра дзяржаву), часта страчваюць сваю энергію ўпустую. А маглі б прынесці шмат карысці роднай зямлі, яе развіццю ў духу XXI стагоддзя…

Нам нельга забываць імёны і справы адданых Радзіме дзеячаў мінулага – такіх як Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Цішка Гартны, Язэп Лёсік, Браніслаў Тарашкевіч, Сцяпан Некрашэвіч, Алесь Гарун і шмат-шмат іншых, хто ў цяжкія часы камуністычнага тэрору ўсе свае таленты, веды, здзяйсненні, а то і жыцці паклалі на тое, каб увасобіць высакародныя перакананні ў рэаліі сучаснасці. Паслухаем хаця б, што казаў на гэты конт Язэп Лёсік: “Хто хоча працаваць на карысць народу нашага, той павінен звяртацца да яго на яго роднай мове, дбаць пра развіццё нашай культуры, пашыраць нашу літаратуру і абуджаць у беларусаў яго свядомасць нацыянальную і грамадзянскую. Хто гэтага не разумее або не хоча разумець, той вораг наш і вораг прагрэсу агульначалавечага”.

І далей:  “Народ… Што значыць народ? Як ён можа захацець сваёй беларускай школы, калі ён яе ніколі ў жыцці не бачыў? Як ён можа захацець вучыцца на сваёй мове, калі за яе яго лаялі, бэсцілі, крыўдзілі і за людзей не лічылі? Калі ён пастаянна бачыў, што калі хто гаворыць па-беларуску, той бедны, цёмны, галодны, а хто гаворыць іначай, той багаты, асвечаны і сыты? Народ трэба навучыць, яму трэба паказаць, што покі не запануе ў краі яго наша родная беларуская мова, да таго часу ён будзе бедны, цёмны і галодны”. (Выдзелена мною. Аўт.).

Не зразумеем гэтага – так і застанемся на закінутай выспе сярод балоцістай багны, хоць яна і бліскае дзе-нідзе паказушнымі палацамі і мыльнымі пухірамі.

Пятро ВЫСПА.

Мінск.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.