Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Інваліду другой групы Вялікай Айчыннай вайны з 1946 года, бацьку (айчыму) Мікалаю Мікітавічу Скуцэню (1920 –1997) прысвячаецца
6:00 24 лiпеня 2015
154
Памер шрыфта

Артылерыйская падрыхтоўка закончылася. Выбухі снарадаў і авіябомбаў па лініі нямецкіх акопаў і траншэй пасунуліся назад, заціхлі. Чырвонаармейцы ляжалі, у атаку не паднімаліся.

– Слухай маю каманду! На-пе-э-эра-ад! Ура-а-а!! – паўторная каманда.

Байцы ляжалі.

Гучныя і рэзкія, глухія і пісклявыя каманды гучалі тут і па баках, поклічна пішчалі свісткі, а салдаты ляжалі.

Наступленне працягвалася другі дзень, атакі праводзіліся ў розных месцах палка і дывізіі.

Чарговы раз за гэтыя два дні мусілі чырвонаармейцы паднімацца ва ўвесь рост, бегчы наперад, бегчы пад варожым агнём, кметкім, густым. Адкочваліся назад не ўсе. Цяпер салдаты ляжалі – то бок стаялі ў брустверах і акопах, прыціскаліся да зямлі ў траншэях, напружаныя, суровыя, глухія да ўсяго ваколля. Не пазіралі адзін на аднаго.

Дзесьці далёка ў тыле адной і другой супрацьлеглых армій вялікія і маленькія начальнікі і начальнічкі, кемкія і разумныя, тупаватыя і зусім дурныя, склалі вялікі добры план наступлення і абароны. Яны рашылі за палкі, дывізіі. Разлічылі агнявыя сродкі, магчымасці тылу, колькасць танкаў і самалётаў. Выбралі найспрыяльны час наступу, абароны, правялі інжынерную разведку мясцовасці і разведку войск боем.

Настаў гаркэчны пякельны час, усё сышлося тут, бліз возера Балатон, планы і мары, парыванні і засцярогі – у батальёне, нават не ў батальёне – роце, узводзе.

Яфрэйтар Мікалай Макарэня ляпнуў па спіне Мыколу Цывулю, заспакойна глянуў на Віцьку Каланчу. У яфрэйтара, як і ў кожнага вопытнага байца, пад апекаю па два-тры навічкі. Ні слова паміж траімі.  Другі тыдзень маладзесенькія ўкраінскія хлопцы ва ўзводзе, самы дарагі для іх гэты беларус.

Напозаддзі бухнуў снарад.

– У час першага артабстрэлу я крычаў “Мама!”. У сорак першым. Пад Кіевам. – Паменела напругі на тварах навічкоў узбоч яфрэйтара, яго словы для іх цёплы кампрэс. – Нічога, брацця, пераможам. Сусед таксама “мама” крычаў.

Ніводзін баец з усіх трох узводаў роты старшага лейтэнанта Валянціна Іванова не паднімаўся пад кулі ворага, здавалася, поўнасцю ашаломленага артпадрыхтоўкаю і штурмоўкаю авіяцыі. У ціха-сціхасці мільгатнуліся секунд  дзевяць, дванаццаць, пятнаццаць, доўгіх невыказна цяжэрных секунд, дзевятнаццаць, трыццаць, байцы не рушыліся. Прыклеіліся да зямлі. 

Узводны Карп Перабінос не вытрываў гнёткай цішыні пярэдняга краю, выскачыў пад агонь ачунялых нямецкіх траншэй, узмахнуў наганам на немцаў. Крыкнуць украінец нічога не паспеў. Упаў, загрэбаў зямлю рукамі.

Напружаны старшы лейтэнант Валянцін Іваноў не крычыць на ардынарца, не адказвае на моцны, пачуты знячэўна зумер сувязі. Нічога не загадвае. Нядаўні старшына, 52-гадовы камроты моўчкі прынік да бруствера. Застыў. Стары воін ваяваў яшчэ на першай германскай, ён добра разумеў імгненні перад атакаю. Іваноў назірае за першымі дзвюма лініямі з напружанымі байцамі акурат як салдаты, лёс якіх ён ужо дзеліць паўтара года.

Высокая святая хвіліна перад атакаю, калі чалавек ні пра што не думае, не хоча думаць, і думае пра ўсё. Узгадвае самае дарагое, зробленае і нязробленае, моліцца Богу і просіць лёс. Трымае вінтоўку і глядзіць наперад, вышуквае вачыма ненавіснага ворага, якога абавязкова трэба знішчыць, толькі знішчыць. Не перамагчы – знішчыць. Яны хацелі вялікую вайну, атрымалі, займеюць большую. Мы не для таго грудзі падстаўляем пад іх кулі, каб прасіць ворагаў падняць перад намі рукі ўгору.

Салдат і афіцэр напярэдадні хвіліны літасці роўныя, малады – пажылому, вопытны – навічку. Кожны хацеў аднаго: ацалець, не атрымаць цяжкую рану.

Высокае святое маўчанне слабых людзей, знітаваных агульнаю, адною на ўсіх небяспекаю. Адною дзеля адной – Перамогі. Маўчанне перад атакаю. Людзі ў траншэях абапал нічыйнай паласы не былі забойцамі. Перад Астралам і Космасам яны не былі вінаватыя. Забойцамі іх зрабілі іншыя. Кату руку не падаюць, бо ён забівае без рызыкі, а воіну, байцу – падавалі і будуць падаваць. Яны рызыкуюць, яны выконваюць загады, яны шурубчыкі вялікай машыны. 

Выскачыў на бруствер сяржант, таксама малады, азіраўся адзінокі. Закрычаў ад страху і жадання дзейнічаць, выканаць загад. Упаў. Жвава папоўз наперад, зазыўна ўзнімаў вінтоўку. 

Байцы глухія, яшчэ болей жорсткія і неміласэрныя, чым імгненне таму, засуравелыя, не людзі, а машыны; бязлітасныя робаты не чулі і не бачылі нічога. Геройства маладога камузвода і сяржанта не праняло, не парушыла даўкую цішыню (стрэлы цішыні не мяшалі). Хто-ніхто напагатоўна кратаў траншэю, не выскокваў.

– Ребята! За Ро-о-о-дину! – закрычаў раптам Глеб Марозаў, радавы, рускі, двойчы паранены, за тры гады перадавой заслужыў адзін медаль – “За абарону Адэсы”. Глеб Марозаў не ўмеў ладзіць з начальствам, часцяком атрымліваў наганяі ад старшыны. Быў у штрафбаце. Ва ўзводзе яшчэ двое прайшлі штрафбат.

Марозаў выскачыў з траншэі і, не азіраючыся, укосікі, як з няверыцы, што жывы, пабег наперад, за сяржантам. Марозаў як і не зваў за сабою, проста пабег салдацік і ўсё.

Не прашпарыў сагнуты і пяці шагоў, як хлынула чалавечая маса. Уроссып, укосікі, падаючы і ўзнімаючыся, з крыкам і без крыку. Ярасць у напружаных тварах, сцятых кулаках, гнеўных постацях.

Ад канца артпадрыхтоўкі да гэтага моманту прайшло секундаў дзевяноста.

– Усім – наперад! – крануў сувязіста на кампункце ротны; Валянцін Іваноў выскачыў да салдат, пабег заслед, паднімаў, падганяў, дзьмуў у свісток, крычаў “ура”, страляў. Зазыўна махаў заградатрадаўцам.

– За Сталіна! Ура!!! – на ўсё горла рычаў палітрук роты ўкраінец Вячаслаў Малібога.

– Уррра! – гула зямля ад крыку, тупату ног, рокату танкаў.

Беглі беспартыйныя і партыйныя, маладыя і пажылыя. За Радзіму – і кожны з іх, хто ў звычайным жыцці на адзіноце, пры сваяках і нават чужых людзях,  мог кпіць з яе, іранізаваць, кляў яе і ўсіх кіраўнікоў, цяпер гатовы быў выканаць абавязак, даручэнне Радзімы – разбіць ворага. Нават ахвяруючы самым высокім, адзіным, што ў яго ёсць на цяперашні момант – душою і целам, жыццём.

Беглі рускія і ўкраінцы, беларусы і літоўцы, татары і грузіны, комі і ненцы, усе, хто быў у шарэнгах, знаёмыя адзін аднаму і незнаёмыя, беглі, спатыкаліся, усхопліваліся, стралялі. Паўзлі. Тупат, грукат, стралянеча. Лавіна чалавечых целаў, згусткаў энергіі і злосці.

Ура! а! а!!

Стальная лавіна людзей, цвярозых і падвясёлелых ад ста грамаў, накочвалася на вогненныя траншэі немцаў – яны білі ў воінаў з зоркамі на пілотках і фуражках густымі кметкімі стрэламі, чэргамі. Хвілін колькі таму сціснутыя да мяжы магчымага дзве спружыны пачыналі распроствацца, савецкая і нямецкая.

 Мікалай Макарэня не вырываўся наперад і не адставаў. Бег дзесьці ў другой-трэцяй лініі атакі. Страх і бесшабашнасць валодаюць яфрэйтарам, смеласць духу. Толькі наперад. Ура – і наперад! Падхоплены хваляю акрыленасці і шчасця Макарэня сігаў за першымі. Не азіраўся, ведаў, за ім яшчэ тры-чатыры перарывістыя лініі воінаў, дзесьці там, яшчэ далей, метраў за шэсцьдзясят, камроты. Голас і свісток старшага лейтэнанта Іванова далятаў, чуўся выразна. 

Да атакі, у атацы, пасля атакі Мікалай Макарэня, як і ўсе вопытныя байцы, не лаяўся. Грэх. Брыдкаслоўе ў баі, як нож у вясковай спрэчцы, зачэпіць, параніць.

Эвенк Іван Кітаеў, мужчына гадоў пад трыццаць, прыйшоў у роту пасля ранення, бег моўчкі, траха не першы. Былы паляўнічы часта прыпадаў да зямлі, з вінтоўкі меціў цэль, зноў бег.

Большасць чырвонаармейцаў не стралялі, калі стралялі – няметка, прыблізна.

Немцы адбіваліся з лютасцю смелых і ўмелых абаронцаў вялікай Германіі, любімага фюрэра. Калі ярасны паток праклятых рускіх дакоціцца да іх – не ўцалець нікому.

 Мікалай Макарэня бег не толькі дзеля сябе. Яго заўсёды будуць чакаць на Случчыне – маці ў Працавічах, замужняя сястра Анюта ў Вялікай Ігрушы. Бег, кіпеў усім, што і выказаць не мог, і дзеля іх. “Уцалееш, калі ў крытычную хвіліну застанешся самім сабою; дзейнічацьмеш, як салдат, – заберажэшся”. Чаго вартыя прароцкія словы бесарабскай цыганкі ў шквале металу, аголеных нерваў? Гадалка пра яго даўно забыла, а маці – ніколі. Ёй сын заўсёды трэба. 

За маці – ура-а-а! За свае Працавічы – ура!

Атака; за ротаю рота першага батальёна пайшлі ў рух людзі, пад кулі.

Чым бліжэй да траншэй варожых, тым меней крыку, хутчэй бег, прыцэльней стрэлы зненавідзеных немцамі іванаў.

Мікалай Макарэня выцэльваў жывыя мішэні. Залягаў. Бег хутчэй і павольней. Былі думкі ў галаве? Была, адна, усяго адна, галоўная – ацалець, а таму паболей забіць, паболей і хутчэй. І  ўсё, ні перажыванняў, ні эмоцый. Як у папярэдніх атаках – ніякага шкадобства спалоханых вачэй немцаў, раз’ятрана-злосных ці ўмольных твараў. Нават злосць не паспявала тады ўзяць Мікалая Макарэню, калі знячэўку бачыў прама перад сабою паднятыя ўверх рукі праклятых зялёнашынельнікаў – страляць нельга, не забіваюць слабых і хто здаецца. Прабягаў міма. Далейшы лёс тых, без зброі, не цікавіў яфрэйтара.

– Браткі, за радзіму – уррраа-аа!..

Падхоплівалі мужчыны, гайдалі ў ахрыплых гартанях дарагое слова, люлялі, закалыхвалі, пакуль яно не застывала рэхам, вадгалоссямі ў разгарачанай паветранасці. Або стогнам пакуты і болю.

Мала думаў пра родныя мясціны Мікалай Макарэня да вайны. Жыў турботамі сям’і, сваякоў. Позна спазнаў, якая дарагая яму Случчына, родныя Працавічы і вёскі вакол. Прачуласць і любасць не да чалавека, а мясцовасці, хатаў і сенажацяў прыйшлі ў тлумную ваенную хвіліну; небяспека целу абудзіла душу.

Сапраўднае значэнне родных звычаяў і песняў усвядоміў Макарэня з чужых рук і вуснаў. Украінец і літовец, латыш і татарын, эвенк і таджык даражаць сваімі мясцінамі і песнямі, ганарацца, а беларус Макарэня, нібы ў яго няма роду-племені, нібы ён да вострага болю ў грудзях, да блаславёнага знемажэння душы не можа адчуваць крэўнасць і радзімнасць, – ён не думаў нават пра гэта. Не падказалі, не намякнулі, не сказалі. Любое слова пра беларускую мову здавалася ў Слуцку і Мінску чымсьці вычварным. Слова пра рубель і гарэлку не было лішнім, а слова пра мову сваю было. Без кораня і лопух не бывае; чалавек не адразу будуецца, чаму ж будуем іншых, а сябе не бачым?..

У арміі, у ліхалетны час вайны і разрухі прыходзілі на перадавую на беларускай мове лістоўкі і газеты, сагравалі сэрца, напаўнялі гонарам байца; іх выпускалі з разлікам на Макарэню і Капусту, Бялько і Самусевіча ў дывізіі і арміі, на фронце і ў далёкім тыле. Гледзячы на свядомае асэнсаванне ўкраінцам і літоўцам, рускім і татарынам радзімных месцаў, паразумнеў Мікалай Макарэня. Бацькаўшчына – маці, чужына – мачыха, зразумеў гэта, як стаў далёка ад Айчыны. Радзіма не бывае вялікай ці малой, яна адна, як маці. 

– Наперад! Ураа!!

Пачуццё ачышчальнай любасці пры ўспаміне пра Случчыну пашырылася да ўсведамлення асабістай еднасці з усёю мілаю Беларуссю, яе песнямі, прымхамі, прыкметамі.

– За Радзіму, славяне!!! – выкрыквае карэл Арві Ціманен.

Уторыць беларус Мікалай Макарэня.

Сваю дзяржаву, справядлівую і несправядлівую, заўжды дарагую для іх абодвух, трэба бараніць. Варожасць да прыблудных прышэльцаў расквечвалася ўнутры поўным букетам. Чужога Мікалаю Макарэню не трэба, сваё не аддасць. Ва ўсіх войнах Еўропы ягоная Беларусь у цэнтры полымя, апрыкралі яны, вогненныя, пякельныя, час жыць спакойна. За гэта варта змагацца. Фашысты да нас прыйшлі, а не мы да іх, яны нас забіваюць і нявечаць – дык ніякай літасці. Запамятайце ўсе. Клятвапераступнікі атрымаюць пакаранне, і хутка, сабе і блізкім.

– За Радзіму, браточкі! – крычаў парторг Малібога, і беспартыйны Мікалай Макарэня сіліў заслед. Выцэльваў бліжнія і дальнія жывыя мішэні.

Махаў аўтаматам Малібога, крычаў азвярэла і лёгка, як усе.

Падала ўсё болей чырвонаармейцаў. Баляслаў Капуста, высозны, негаваркі, настаўнік, адзін з найблізкіх Макарэню ў роце, як і Юрка Астроўскі, няўклюдна павярнуўся спінай да нямецкіх траншэй, па-дзіцячы здзіўлена заўзіраўся на сяброў і паплечнікаў, трымаўся за грудзі. Гімнасцёрка пад пальцамі правай чырванела. Упаў Капуста, губы вышэптна паспешлівалі:

– За нашу і вашу волю. За цябе, Варшава. Я твой сын, вялікая Польшча, адрадзіся… закрасуй, як раньш… – цяжка вымольваў у неба настаўнік. – Няўжо… 

Спалатнелы Капуста баяўся падумаць “канец”, правільна рабіў, смерць не знайшла яго.

На бронзава-рыжым твары Капусты ззялі, кленчылі дапамогі яркія лужынкі-вочы, сталі блакітныя поўнасцю, без зрэнкаў і бялкоў. Рукі выцягнуліся насустрач роднаму чалавеку – зямелю, байцу, сябруку; апусціліся. Далоні гладзяць зямлю, нячутна крычаць губы. Поруч Капусты грабе пад сябе і на сябе зямлю батальённы асабіст, рукі ў крыві, твар лагаднее.

Параненых не чуюць, імклівяць наперад байцы, не зважаюць на крыкі Капусты “Падыдзіце да мяне!”, вышэпты афіцэраў “Наперад!”, не азіраюцца нават, ці ідуць следам санітары.

– Наперад! Урра! – грымяць, перакочваюцца ў полі здушна-глухія мужчынскія ўскрыкі, выі, стогны.

Дзясяткі, сотні шырока разяўленых ратоў. Зубы ды бялкі вачэй, сціснутыя рукі. Штыкі вінтовак наўскідку. Штыкі як праменні. Гэтыя прамяні перальюцца ў праменне салютаў. Пасля.

За тры з паловай гады вайны не раз ішоў на ворага Мікалай Макарэня. Так, грудзі на грудзі, у атацы, прамой і бескампраміснай, трэці раз. Кожны з гэтых разоў сядзіць у сэрцы, разлёгся зверам, распластаўся на векі вечныя. Так разлёгся звяруга, аж страшна памяць устрасаць. Жах у душы ад подум’я. Як і абодва раненні.

Галоўнае зараз – не адстаць. Адстанеш, будзеш болей пад кулямі, загінеш. Адстаў – ты сляпы, нічога не бачыш. Куля – дурніца, разумная дурніца, яна знойдзе цябе ці абміне, дзе б ні быў.

З Мікалаямі і Васілямі, Іванамі і Алесямі, Сяргеямі і Пятрамі крычаў, уракаў яфрэйтар Макарэня – і бег; і не было сілы, здольнай супыніць іх, прагных перамогі, адной, адной на усіх. Апроч свінцу. Воіны ведалі гэта і не палахлівілі. Небаязлівасцю адчайных яны былі страшныя. 

Яны беглі паўз Капусту, як і дзясяткаў іншых параненых. Наперад, браткі. Сярод зялёнашынельнікаў няма герояў і патрыётаў, хутчэй іх трэба знішчыць.

– Ура-а-а! За Радзіму, ура!

Упаў, усхапіўся, ківаў наперад перабітаю рукою вясёлы дружбацкі ўкраінец Віцька Каланча, хлопчык, які ўвесь час гаварыў пра сваю вясковую дзяўчыну, не заўважаў цяпер белізны твару пасябрукоў і ўласнага, не адчуваў болю і слабасці. Глеб Марозаў ужо не крычаў, сляпымі і спакойнымі вачыма ўзіраўся ў чыстае і назаўжды яснае для яго неба. Няўмела, з цяжкасцю Зураб Жванія заціскаў сваю руку перавязкавым бінтам.

Ніхто не супыняўся. Атака! Ярасныя злыя людзі набягалі на нямецкія траншэі. Кожны мінаў сябра і прыяцеля, мёртвага ці жывога яшчэ, але ўжо не ў агульных шэрагах, наліваўся гараю лютасцю.

Наперад! За сябе і паплечніка, наперад.

Гэта былі ўжо не проста байцы. Кожны гатовы сам упасці (хоць не думаў пра гэта і марыў пра жыццё), але не супыніцца. Гладыятары выконвалі абавязак.

Хто дабяжыць, не ведалі, але імклівілі ўсё мацней… Бліжэй праклятыя траншэі, меней прыгінаюцца воіны. Рэдкі паўзе.

Паляцелі гранаты. Адзін рывок – і мы ўжо там! Памажы, вінтоўка, і будзь вернай, рука. Не падвядзі, вока. Ратуй, Божухна!

У наступе пяхота – царыца палёў, каралева бітваў. У наступе адкрытыя кожнай кулі і асколку людзі, нічым, апрача вопраткі, не прыкрытыя і ад усведамлення мажлівай параненасці яшчэ болей жахлівыя, злавесныя. Атака!

Калі на тэрыторыі вялікага Трэцяга Рэйха ішоў салдат з нашыўкаю-сведчаннем на фрэнчы – удзельнічаў у трох атаках, – зачаста першымі казыралі герою афіцэры. Адзначыўся ў атацы ці не адзначыўся – быў, удзельнічаў. Герой вытрымаў жах сузірання жывой смерці. Яна коціцца на цябе, а ты не сыдзі, не здрэйфі, не ўцячы, – ты забі яе! Альбо памры. За любы Рэйх.

Паветра не стала. Раства-рылася. Раднюсенькія ўздыхі вятрыскі імпэтна разгойдвалі, люлялі людское «Гу-ы-а! Гу-а-а!». Вырычвалыя з гарлякоў жудасныя выдыхі страху, адвагі і моцы цішылі травы, самыя крэпенькія травінкі прыніцваліся долу.

Несуцешна плакала асірочваная зямля, наўзрыдма і адчайна – па найвышшых уласных стварэннях, двуногія і галавастыя за нішто сціралі сябе з планіды, гэтасветнасці.

Не ляталі птушкі. Не кацілі воды блізкай рэчкі. Не ўзбліскваў далёкі Балатон.

Усё скарылася здушаным і працяжным гураканнем, высардэчнай роспачнасці ўздыхаў сутаргава ўпалых, памярцвела тужлівым узмольванням мёртвых і жывых – Богу, маці, Айчыне. Раднюсенькая цёплая зямля прымала сваіх дзяцей, абвейвала нечаканым святлом і азарэннямі, як заўжды перад сыходам у Тагасветнасць герояў, свядома аддалых жыццё за іншых.

За Перамогу.

– Урр-а!.. а.. а!..

Парадзелыя хвалі савецкіх байцоў дасягнулі нарэшце першых нямецкіх траншэй. Каму пашчасціла прабегчы, прахістацца, прапаўзці трыста з лішнім метраў нічыйнай зямлі, ужо выразна бачыў асабістых, звекавечна праклённых ворагаў. Стралялі ў гітлераўцаў на хаду, часцей прыцэльна. Кожны выбіраў мішэню імгненна, аўтаматычна, біў ворагу ў галаву і грудзі. Каб напавал, дашчэнту.

Зусім парадзелая хваля бязлітасных, азвярэлых людзей укацілася ў траншэі зялёнашынельнікаў. Літасці чакаць нельга было, праявіць літасць не было як. Або ты – або цябе. Гэта ведалі людзі над траншэямі і людзі ў траншэях. 

Немцы і венгры не вытрывалі. Пабеглі. Выскоквалі, аўтаматамі з пояса, прыцэльна білі па праклятых рускіх. Кідалі гранаты. Беглі назад. Хутчэй, барджэй назад. Уцякалі.

Няскладны, знешне слабы Іван Кітаеў у траншэі лоўка калоў штыком, біў прыкладам, не азіраўся ні на кога. Не мог азірнуцца. Мікалай Макарэня, такі ж перакошанатвары і лёгкі, бачыў людзей у траншэі і ўкрыццях, ча-ла-ве-каў – і нікога не выдзяляў, не мог выдзеліць. Кожнаму аднолькавая ўзнагарода. Для Макарэні воіны сталі розніцца колерам вопраткі, формаю каскі, відам зброі. Старшы лейтэнант Вячаслаў Малібога з фінкаю ў адной руцэ і наганам у другой; афіцэр сумленна рабіў салдацкую няўдзячна-чорную працу. Слова саступіла месца дзеянню, самае важкае, палкае і высокае слова не магло замяніць наганны стрэл, удар нажа. Палітрук Малібога памагаў сваім, спадзяваўся на дапамогу сваіх.

– Даеш Грунвальд, славяне, – шэпча Малібога і б’е аберуч. Рэжа.

З вамі Бог, а з намі хто? Вас жанчына спарадзіла, а нас хто? Вы прыйшлі да мяне ў хату і мяне хочаце забіць?! Вы, прыстойныя і добрыя, нашых дзяцей гоніце перад сабою ў атацы, затуляеце імі сябе… Гады, падлюгі!

Вы кожнаму свайму воіну хочаце паставіць асобны крыж на нашай зямлі, а мы дзясяткам, нават сотням дабрачных хлопцаў на сваёй і чужой зямлі капаем адну брацкую магілу, ставім адну зорку. Запісаць усіх не можам. Вы паліце нашы хаты і вёскі. З людзьмі. Цяжарных і дзяцей паліце жыўцом. Грабежнікі, гвалтаўнікі. Вылюдкі. І мы вас пашкадуем?

Не падвядзі, рука. Вось так. Так будзе з кожным. З кожным.

Стралялі, білі, душылі. І выйсце было адно перад магутным і пякельным валам ярасці і лютасці воінаў савецкіх – сысці з дарогі, упасці, замерці, або з ходу ўзняць рукі.

Не сыходзілі адважныя, упэўненыя, не падалі, не ўзнімалі просьбітна рукі. З усіх відаў зброі білі немцы ў віхурны чалавечы вал. Траплялі.

Для людзей па абодва бакі траншэі не хісталіся травы, не спявалі птушкі, не дзьмулі вятры і не свяціла сонца. Не стала родных і блізкіх. Толькі таварышы па зброі і ворагі. Дзейнічалі дзе паўзком, дзе бяжком. Стралялі і рэзаліся, біліся не падлеткі, не хлопцы – здаровыя мужчыны. Мужыкі.

За сённяшні парыў страшэннай вынішчальнай узаемнай нянавісці абсалютна незнаёмых людзей астральныя сілы ўжо значылі вінаватых, неслі ім і продкам кару.

За парадзелымі чырвона-армейцамі роты і поруч нарэшце сталі паўзці тры танкі. Металам хоць трохі патрэбна было прыкрыць аголеныя чалавечыя сэрцы. 

Сумленне, шкадаванне за няўдала зробленае і зусім нязробленае не заміналі атакоўнікам. Радавыя і лейтэнанты, яфрэйтары і сяржанты былі радавымі перад смагаю аднаго – перамогі.

У траншэях, першай і другой, трэцяй, мітусіліся ўсё болей. Стралялі прыцэльна, з чаго маглі, стралялі ўсе. Гранаты ляцелі ў наступоўнікаў.

Нескарэнне ворага не ўразіла савецкіх. Вораг ёсць вораг, яго трэба знішчыць чым хутчэй, расцерці на друз. Толькі мацней перасохла ў грудзях Макарэні і Кітаева, Малібогі і Астроўскага, смялей пасігалі за танкамі, – іх на роту прыйшлося тры, адзін ужо немцы падбілі.

– Браточкі, наперад, – не загадваў, маліў палітрук Малібога.

– Санітара сюды!

Санітары нароўні з пехацінцамі ў першых радах, перавязваюць, выносяць.

– Дзякую, браце, што аддаў свой пакет, бяжы, мяне медыкі знойдуць.

На тым жа высокім парыве ўзнёслай рашучай адвагі савецкія выскоквалі з першай нямецкай траншэі, сігалі да другой, трэцяй. Адразу за немцамі. Ужо не крадком ці ўподбегі, усе ляцелі адкрыта, перамоганосна. За батальёнам батальён.

Атака, тая ж імклівая, да бязлітаснасці жорсткая, працягвалася. Або ты – або я; мяне ці цябе.

Страляніны меней, ярасных акрываўленых людзей болей.

Падбіла другі танк, супыніўся трэці, а пехацінцы беглі, гэтак жа імпэтна, шпарка. Перад імі адпаўзалі людзі, падала ніц зброя. Пяхота заслужана даказвала сваю перавагу і моцу; безразважныя святкавалі перамогу.

Дарогу пяхоце, дарогу царыцы палёў!

І не было сярод пехацінцаў слабых і моцных. Усе асілкі, волаты, вярнідубы. Беглі і паўзлі, падалі і ўскоквалі героі. Кожны ім стаў, незалежна ад усведамлення цяперашняй уласнай дарогі, будучай адзнакі. Ацэнкі тут не было як ставіць, кожны быў варты сябе. Магло толькі заўважацца выключнае – подзвіг ці подласць. Астатняе – простая праца, гераічная, разняволеная праца.

– Наперад! – гарланіў старшы лейтэнант Валянцін Іваноў.

– Ура-а!

Не было ў шарэнгах лепшых і горшых. Усе роўныя. Як на споведзі, як перад смерцю. 

Супраціўляліся атакоўнікам забойцы. На іх ішлі забойцы. Людзі ў акопах і траншэях абапал нічыйнай палоскі зямлі гэтага не ведалі. Лічылі сябе правымі. Яны выконвалі волі вышэйшых, загады мудрэйшых.

Яны біліся за Айчыны, родных, звычаі. Хаця па вялікім рахунку былі з аднаго кораня і зямлі – славянскіх. Лаба (Эльба) і Одра (Одэр) для прашчураў атакоўнікаў былі некалі айчызнаю, як цяпер айчызна для абаронцаў. Як Бярлог (Берлін) і Ліпецк (Лейпцыг).

Два яфрэйтары, Мікалай Макарэня і Лявон Астроўскі, языкаты і смелы, якога ўжо двойчы прадстаўлялі да медалёў, беглі ўпоплечкі, амаль разам падалі і паднімаліся. У азарце аднолькавасці рухаў не заўважалі часу.

Лёнька Астроўскі выручыў Макарэню – высокі паранены немец падхапіўся нечакана, аўтамат упёр сабе ў жывот. Націснуць на курок не паспеў. Макарэня зразумеў небяспеку, калі яе не стала, нават не падзякаваў Астроўскаму. Усё ўспрымалася, быццам так трэба, нібы іначай нельга. Макарэня адчуваў да Астроўскага блізоту і парадненне, як да брата. Адчайныя разам тварылі адну справу, аглушальную на ўвесь свет і на кожнага ўдзельніка, адчайную.

Бухаўшыся на зямлю, шкрабучыся ў выяміны ў пошуках прытулля ад куль і асколкаў, сябры не заўважалі мокрасці/сухасці зямлі, мух, чарвякоў. Усе помыслы пра адно – варожыя траншэі. Ура, атака. Палахлівасці, якая горш раны ў жывот, у яфрэйтараў не было.

Як і не было другой зямлі на свеце, апрача гэтай, дагледжанай акуратнай венгерскай зямлі. Я і вораг. Толькі ў тэорыі або я, або мяне, у сапраўднасці выйграю адзін я.

Мікалай Макарэня па-ранейшаму вясёлы і рэзкі, злы, воля яго рухаў нічым не скоўвалася. Былі моманты, калі працавічанцу здавалася, ён не ўзнімецца, не выберацца з ямы, не перакоціцца на другі бок калдобіны, ён абавязкова ўпадзе ад цяжару гранат, патронаў, вінтоўкі, але паказваліся людзі ў сакавіта-зялёнай ці светла-карычневай форме, у незнаёмых касках, і Мікалай Макарэня ўзнімаўся, выпаўзаў, хітраваў, дабягаў – і рабіў патрэбнае. Што тыя людзі, насупраць, хацелі зрабіць з ім. Рукі і ногі ўсё выконвалі інстынктыўна. Без думак і перажыванняў.

Бессвядомы аўтаматызм рухаў, лоўкасць і знаходлівасць радавалі Макарэню і не радавалі, ён проста не мог адчуць гэтае пачуццё, хаця ведаў – яно ёсць. Хвілінамі яму невыказна лёгка і шчасна. Усё рабілася цудоўна, нават лепш. Ён не бег, поўз, хаваўся – ляцеў. Усе рухі зліліся ў лінію палёту.

Вось ён выручыў Астроўскага і не думаў, быццам зрабіў штосьці вялікае, – каштоўнасць выратаванага жыцця ацэніцца потым. Падаў і зноў бег Мікалай Макарэня, наракаў на фізічную нямогласць, задышнасць, ні разу не мільганула, што не дабяжыць ці ўпадзе нерухомы, бяздыханны, – ні разу не думаў пра кашчавую.

Параненыя немцы паднімалі рукі, іх не чапалі, аббягалі. Адзін з немцаў, Курт Гекель, пачаў страляць у спіну атакоўнікам. Курта пакрыўдзіла, да глыбіні душы абразіла недарэчная смерць пабраціма Манфрэда. 

Курт хацеў знішчыць забойцу блізкага чалавека, падбіў савецкага байца. Азірнуцца, кінуць аўтамат Курт не паспеў. У вачах атакоўнікаў забойцам быў не чырвонаармеец, забойцам стаў Курт задоўга да сённяшняй атакі, сёння ж ён, ухапіўшы зброю ў паднятыя было рукі, проста ўкараціў уласны век і век прыяцеляў-абаронцаў. Курта не паспеў забіць свой жа паплечнік Ганс; поўнасцю ўсвядоміў Ганс цану выхадкі Курта занадта позна.

За першымі шарэнгамі савецкіх войск пабеглі новыя шарэнгі, пайшлі новыя танкі. Рэзервы камандзіра палка, такія ж ярасныя і ліхія, бачылі страляніну Курта Гекеля. Калі новая хваля савецкіх волатаў прабегла, жывых фашыстаў на ўчастку роты Валянціна Іванова ў гэтым месцы не было. Ні аднаго.

Мікалай Макарэня не памятаў, колькім чалавекам ён выратаваў жыццё, колькі чалавек выратавалі яго. Яфрэйтар аўтаматычна, з бясстрашнасцю выў і ўракаў, шчаслівым бег за іншымі. Быў першы і не першы. Хвіліна зодуму перад атакаю не ўспаміналася, яна – жыццё, без яе, калі молішся Богу, лёсу, выпадку, немагчыма. Такая хвіліна прыходзіць да любога разумнага перад кожнаю вялікаю справаю.

З Мікалаем Макарэнем, ты праўду наваражыла цыганка, нічога дрэннага не будзе, ні-чо-га. Адно не зявай, Міколка. Не ты, дык цябе.

“Чакаюць цябе два сыны”. Напляла ў Бесарабіі нежанаціку цыганка кашалі з лапцямі. Смяяліся пасябрукі з слуццака. Які ты халасцяк! А яфрэйтар аддаў вядунцы буханку хлеба, дзве кансервы. Дарэмна, мусіць, паверыў выдумшчыцы. 

Хочацца верыць чарняўцы, хочацца… 

У пекле выбухаў, стрэлаў, крыкаў узводаўцаў ужо нябачна, не відаць Макарэню сваіх двух маладзёнаў.

…Позна ўвечары збярэцца ўзвод, нядаўна пераўкамплектаваны з разлікам на выбыццё байцоў. Папаўненне – дзевятнаццаць вясковых украінскіх хлопцаў. Сённяшняя атака – і з трыццаці сямі чалавек на зборны пункт узвода прыцыбалі, прыпляліся восем. У тым ліку два былыя штрафнікі. Смерць іх раней не забрала, шкадавала, злітасцівіла і сёння. Звычайна пасля зацяжной атакі, наступлення праз цэлы дзень, застаецца палова баявога складу ўзвода. Хто забіты, паранены… А тут выбыла дваццаць дзевяць! Пад Балатонам у чарговы раз немцы паказалі  выдатнае ўменне ваяваць, нават у абароне.

Старшына скажа: “Хлопцы, гарэлкі ўдосталь”, – і толькі двое стануць піць, узгадваць, плакаць, эхаць, выдзяквацца Богу. Рэшта, як Мікалай Макарэня, сухама ўкінуўшы чаго ў рот, зваляцца на бакавую: спаць, трызніць, плакаць, эхаць, узгадваць Бога.  Вопытныя байцы, кшталту Мікалая Макарэні перад атакаю не выпівалі, пасля атакі таксама. Гарэлка цягне не ў геройства, найперш у адчайнасць рызыкі, да раны. 

Стане ўзгадваць баец Макарэня сённяшнюю дзею і праз год, у Порт-Артуры – і будзе моцна стагнаць, плакаць. Як сёння ўночы. Сціскаў кулакі, скрыгатаў зубамі, божкаў, калі ўведаў, што немцы ў Беларусі спалілі шэсцьсот дзевятнаццаць вёсак, з дарослымі і дзецьмі. Два мільёны дзяцей гітлераўцы загналі ў канцэнтрацыйныя лагеры, амаль з усіх бралі кроў для сваіх параненых.

Савецкае войска ні адно нямецкае дзіця не змясціла ў канцлагер, не сцэджвала кроў з яго, а фашысты свалачніліся…

Эх, страшная балатонская атака! Паўтарыся зноў – і баец Макарэня выкіне з сэрца і душы шкадобу да любога нападніка на сваю Радзіму. Сам рване ў атаку, рэзаць, нішчыць, усіх пад корань.

…Атакі няма, атака працягвалася.  Наяве ці ў сне баец падае, цалуе зямлю і выпадак, моліцца. Усхопліваецца. Ухіляецца ад кулі.

Смерці не будзе, калі ты застанешся сам сабою, ты праўду казала чарадзейка. Нашай будзе перамога. 

Нічога не баяўся не адзін Мікалай Макарэня. Смерць – вызваленне, пераход у лепшы свет, і ніхто ў шарэнгах атакоўнікаў не думаў пра яе. Не меў часу. Старую з шчарбатаю касою на плячах проста адмаўлялі, яе няма. Зачараванне ярасным боем поўніла ўсіх, і хто падаў бяздыханным – пачуваўся шчаслівым, лучыўся пяшчотаю, замілаваннем. Як і кожны, хто ідзе ў лепшы свет за блізкіх, крэўства, Айчыну.

…Атака працягвалася ўвесь дзень. Чацвёртай лініі абароны ў немцаў і венграў не было. Савецкія танкі пайшлі ў прарыў. Пяхота за імі.

Яшчэ ўчора Мікалая Макарэню і паплечнікаў турбавала яда, зямлянка, вінтоўка, былі лепшыя і горшыя камандзіры – асабістае пераважвала, а ўжо сёння ўсё навокал стала добрым, людзі залатымі. Сёння на першым плане ў воінаў стаялі непераходныя паняцці – Бог, выпадак, жыццё. Сёння байцы самі сталі анёламі, вызначалі чужы лёс.

1984, 2004.

Аўтар: Валер САНЬКО 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.