Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 2 студзеня 2017
23
Памер шрыфта

Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што чарговы загад “усім па 500” – не жартачкі. 21 снежня ў размове з толькі што прызначанымі кадрамі сваёй Адміністрацыі — Наталляй Качанавай і Максімам Рыжанковым — ён падкрэсліў: “Пяцьсот долараў налета сярэдні заробак. Пры ўсіх цяжкасцях, чаго б гэта ні каштавала. Скрадзіце, адкапайце, знайдзіце, што заўгодна. Але пяцьсот долараў мусіць быць выканана”.

Зразумела, фармулёўка “скрадзіце, адкапайце” мае адценне іранічнай метафары. Але дэ-факта яна сведчыць пра тое, што прэзідэнт, мабыць, сам толкам не ведае, як дамагчыся сакральнай мэты. Пастаноўка задачы – чыста валюнтарысцкая: хоць у блін разбіцеся, а забяспечце вынік.

У блін вертыкаль разбівацца не стане, а, мяркую, пойдзе ўжо вядомым заганным шляхам. Давядзецца змякчыць грашова-крэдытную палітыку – прасцей кажучы, надрукаваць багата-багата новенькіх купюр. Бо іншыя, эканамічна абгрунтаваныя, шляхі істотнага павышэння заробкаў у сённяшніх беларускіх умовах нерэальныя. На добры лад рост заробкаў мусіць ісці следам за апераджальным ростам прадукцыйнасці працы. Іначай кажучы, каб сягнуць ад цяперашніх прыблізна 370 долараў да 500, трэба за год узняць тую прадукцыйнасць на трэць з гакам. Але ж афіцыйны прагноз (адпаведны ўказ падпісаў сам Лукашэнка) прадугледжвае рост гэтага паказчыка ў 2017 годзе толькі на 1,8%. Адкуль што возьмецца?

Глядзіце: эканоміка ў рэцэсіі, налета незалежныя эканамісты і аўтарытэтныя міжнародныя інстытуцыі кшталту МВФ, Сусветнага банка прагназуюць далейшае скарачэнне валавога ўнутранага прадукту. А гэта азначае, што і прыкметнага росту прадукцыйнасці працы не дасягнеш, калі не рэзаць бязбожна штаты прадпрыемстваў. Аднак жа ілюзія амаль што поўнай занятасці – яшчэ адна свяшчэнная карова беларускага рэжыму. Хай сабе рабацягі “забіваюць казла” ў халодным цэху, сядзяць у неаплатных адпачынках, але звальняць – ні-ні. Улада баіцца бунту тых, хто апынецца па-за бортам. Ствараць жа новыя працоўныя месцы – на гэта бракуе інвестыцый ды мазгоў.

Вось і застаецца адзінае выйсце – уключыць друкарскі станок. Такое ўжо рабілася перад прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года і скончылася дзвюма абвальнымі дэвальвацыямі ў 2011-м, рубель у выніку выпетраў амаль што ўтрая. Другі раз пад шчоўканне прэзідэнцкай пугі далі “ўсім па 500” напрыканцы 2012 года. Але праз два гады грымнула “Чорная пятніца”, беларусаў напаткала гібрыдная (замаскіраваная спачатку пад 30-працэнтны збор пры куплі валюты) дэвальвацыя. А потым схуднелыя заробкі яшчэ і замарозілі праз крызіс.

Дык нашто Лукашэнка зноў дзейнічае паводле прынцыпу “наперад, на міны”? Злыя языкі кажуць, што трымае ў галаве рэферэндум пра падаўжэнне тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў. У такім разе важна пракруціць яго адразу пасля напампоўкі эканомікі пустымі грашыма, пакуль яна не ляснулася. Спачатку наіўны электарат задаволена пахрабусціць новенькімі купюрамі, а потым ужо будзе чухаць рэпу ля цэннікаў у крамах (бо непазбежна скокне інфляцыя).

Зрэшты, той рэферэндум яшчэ віламі па вадзе пісаны. Што пяць, што сем гадоў кадэнцыі – неістотна, калі ўсё схоплена, механізм “элегантных перамог” адпрацаваны. Таму не выключаю, што афіцыйны кіраўнік проста хоча вылечыць уласную псіхатраўму ад таго, што ягоная місія цудатворцы дае прыкрыя збоі. Як жа так: быць, паводле ліслівага выразу аднаго вертыкальшчыка, трохі вышэйшым за бога – і не даць свайму народу хоць палову польскага заробку (у нашых заходніх суседзяў ён за тысячу долараў)?

Замест таго каб ладзіць даўно пераспелыя рэформы, беларускі кіраўнік жыве спадзевамі на цуды: а раптам нафта падаражэе, ці ў нас радовішчы знойдуцца, і мы тут зробім Эміраты, ці Масква з МВФам паралельна раскашэляцца – карацей, нешта такое здарыцца, і тады мо чарговы авантурны эксперымент над эканомікай абыдзецца без абвалу.

Нязменнаму і незмяняльнаму прэзідэнту сапраўды не раз шалёна шанцавала. Але сёння створаная ім сацыяльна-эканамічная мадэль відавочна вычарпала рэсурс, а знешнія спонсары і крэдыторы як ніколі строгія. Таму чарговы раз пастаўленая задача “ўсім па 500” абяцае беларусам падарунак, які вылезе бокам.

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ – спецыяльна для “Народнай Волі” 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.