Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 10 студзеня 2017
9
Памер шрыфта

“КРЫВАЯ ПРАЎДА”

Да праўдалюбства быў ахвочы,

Хоць прыстаўляй да горла нож.

Здаецца, рэзаў праўду ў вочы,

Аднак душой крывіў усё ж.

“АДНО АКНО”

Што б ні казалі, ведаю адно –

І рацыю, магчыма, маю:

Нас прапускаюць праз “адно акно”

Туды, дзе ў дзверы не пускаюць.

СТВАРАЛЬНІКІ

Стварае чалавека праца.

Якое мудрае выслоўе!

А мне так хочацца дазнацца,

Каго стварае беспрацоўе.

УЛАДА І ПРАЎДА

Хоць спераду глядзі, хоць ззаду,

Ды ў тым зусім няма сакрэту:

Калі баіцца праўды ўлада,

То ўлада знае праўду гэту.

УГОРУ – УНІЗ

Урадавых заяў бадзёрых

Шмат давялося чуць штогод.

… Ды толькі скачуць цэны ўгору,

І коціцца уніз народ.

ПАНЧОШНЫЯ ГРОШЫ

Складалі мы ў часы былыя

Ў панчоху грошы – бачыў Бог!

Цяпер, аднак, за грошы тыя

Не купіш нават і панчох.

НІЖАЙ – ВЫШАЙ

Мы ад чыноўнікаў яскрава

Адну аддачу звеку бачым:

Чым ніжай падае дзяржава –

Тым вышай вырастаюць дачы.

АДСПЯВАЛІСЯ…

Спявалі так:

“Хто быў нічым –

Той стане ўсім”.

                             І як спявалі!

Чаму ж цяпер, аднак, маўчым,

Нібыта ў рот вады набралі,

Калі нічым раптоўна сталі?

Адно хоць добра: між нягод

Вады набраць паспелі ў рот.

НЕ НАША РЭКЛАМА

Якую ні ўключы праграму –

Ў вачах страката ад рэкламы.

На жаль, ні слова ў той рэкламе,

Як звесці нам канцы з канцамі.

ГЕРБАВЫ ЗАКАЗ

На выраб герба атрымалі

Заказ.

           На камбінаце – свята.

Каб кожны месяц герб мянялі –

Былі б штомесяц тут з зарплатай.

УСЕАГУЛЬНАЕ ПАЗВЯРЭННЕ

У тым не нашая віна,

Што ўсе звярэем мы патроху.

Калі кусаецца цана –

Загаўкаць і самім нядоўга.

ХТО НА ЛАНЦУЗЕ?

Так бывае ўжо нязменна,

Хоць крычы ва ўвесь моц-дух:

З ланцуга спускаюць цэны –

Мы садзімся на ланцуг.

ШТО КУВАЦЬ?

Не кувай на поўны рот

Мне, зязюлька, многа год.

Лепей ты ўжо, калі можаш,

Накувай мне болей грошай.

РЫНАК СКРЫНАК

Узяўшы курс да рынку,

Мы сёння лаем час застойны.

Пакуль жа зажывём прыстойна –

Сыграем самі ў скрынку.

КАНЦЫ

Ледзь зводзячы канцы з канцамі,

Мы спасцігаем ісціну адну,

Што да канца ідзем і самі…

О, дзе ўзяць грошы на труну!

“СЕРАДНЯК”

Сярэдзіны трымаўся залатой,

І – як яго ты не карай –

Усіх да крайнасці такой

Давёў,

Што хоць ты памірай.

КУДЫ ІДЗЕМ?

Можа, я каго б і славіў –

Толькі ж коцімся з гары.

Як абраць свой шлях дзяржаве,

Калі ёсць правадыры?

“ГЕРОЙ”

Ягоны воблік зберагу

І ў міліцэйскім пастарунку:

З усімі крочыў у нагу,

Хаця і ў іншым накірунку.

БАРТЭР

Не еў, не піў, не спаў Захар,

А думкі ў галаве ганяў,

Хто б на яго прыродны дар

Дары прыроды абмяняў?

НА ПАЖАРЫ

Успыхнула гумно. Гарыць.

Ужо й страха зляцела долу.

А гаспадар Антось стаіць

Чамусьці гэтакі вясёлы.

— Чаму так радуешся ты?

Пабач, як шмат дабра прапала!

— Падумаеш, тае бяды.

То ж ляснула й мышэй нямала.

“ДАПІЛІСЯ”

Раней жылі мы ўсе на славу:

Да кавы цукар быў заўсёды.

Цяпер ні цукру ўжо, ні кавы,

Ваду – і тую п’ём халоднай.

НЯМА ПРАБЛЕМ

У кума кум пытае жартам:

— А ці пранёс бы на сабе ты трактар?

— Пранёс бы, — той адказвае, дарэчы, —

Калі б ты ўскінуў мне яго на плечы.

Аўтар: Анатоль ЗЭКАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Амерыка ўжо не такая страшная?

На мінулым тыдні ЗША абвесцілі, што рыхтуюцца зрабіць два радыкальныя крокі. Гэта выклікала ў свеце гучны рэзананс, але не з боку нашае краіны.

Мария ШАРАПОВА: «Удар может решить любую проблему!»

Совсем недавно в московском издательстве «Эксмо» вышла автобиографическая книга известной теннисистки с белорусскими корнями Марии Шараповой «Неудержимая». В качестве эпиграфа к книге пятикратная п

Итальянцы на «Беларусьфильме»

17 октября генеральный директор «Беларусьфильма»  Игорь Поршнев проводил экскурсию по киностудии для итальянского режиссера Джанфранко Кабидду и его товарищей. Прекрасно отремонтированные павильоны, н