Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:48 16 верасня 2016
14
Памер шрыфта

Ужо ў трэці раз на сцэну беларускага Вялікага тэатра вяртаецца шэдэўр балетнага мастацтва – «Пахіта» Людвіга Мінкуса. Спектакль запланаваны на 21 верасня.

«Пахіта» – так коратка называюць сёння Гран-па на музыку Людвіга Мінкуса з аднайменнага балета, пастаноўку якога ажыццявіў Марыус Пеціпа.

Упершыню балет з такой назвай быў прадстаўлены ў Парыжы ў 1846 годзе. Аўтарамі музыкі і харэаграфіі былі Жазэф Мазілье і Эдуар Дэльдэвез. Спектакль карыстаўся вялікім поспехам у Парыжы і Лондане, і таму не дзіўна, што «Пахіта» стала першым спектаклем, які 29-гадовы Марыус Пеціпа паставіў у Пецярбургу. Поспех «Пахіты» перасягнуў усе спадзяванні.

Марыус Пеціпа вярнуўся да «Пахіты» праз 30 гадоў, калі ім былі ўжо пастаўлены балеты «Дачка фараона», «Дон Кіхот» і «Баядэрка». Для новага спектакля па просьбе Пеціпа кампазітар Людвіг Мінкус напісаў параднае Гран-па, якое стала кульмінацыяй усяго балета. Дзякуючы чаму вясельны баль ператварыўся ў выдатную харэаграфічную кампазіцыю.

У савецкія часы «Пахіта» знікла з рэпертуараў тэатраў, а фінальнае Гран-па, захаваўшы ад былога балета толькі назву, пачало самастойнае жыццё і ўпрыгожвае сёння рэпертуар многіх тэатраў свету.

«Я сапраўды люблю Пеціпа, не ўяўляю, як наогул без яго генія змог бы развівацца балет, – гаворыць народная артыстка Беларусі Таццяна Яршова, адказны рэпетытар па аднаўленні пастаноўкі на нашай сцэне. – І танцаваць Гран-па з «Пахіты» – сапраўднае задавальненне, настолькі выдатны сам матэрыял – у ім столькі разнастайных па стылі варыяцый! Прычым геніяльнасць Марыуса Пеціпа ў яго… прастаце. Здавалася б, такія немудрагелістыя балетныя формы, а вынік надзвычайны!

Вярнуць «Пахіту» – слушнае і важнае рашэнне. Тут ёсць што станцаваць усім дзяўчынкам. І кардэбалет, як мы кажам, не глухі, а ўсяго восем артыстак на сцэне, магчымасць паказаць сябе атрымаюць лепшыя балерыны. Ну а пра зорны склад салістак і казаць няма чаго! Вольга Гайко, Марына Вежнавец, Кацярына Алейнік, Ірына Яромкіна, Людміла Хітрова, Яна Штанге, Аляксандра Чыжык! Артысткі з задавальненнем уключыліся ў працу, якой бы цяжкай яна ні была. А самае складанае ў Пеціпа – гэта стылістыка балета. Так, нехта хутка можа вывучыць парадак дзейства, але разыначку спектакля не адчувае. Менавіта ў Гран-па важна, наколькі добра ў харэаграфічным вучылішчы выкладалі характарны танец. Паварот галавы, жэсты, паставы, пачуццё сцэны і сябе на сцэне – тое, чаму, вядома, можна навучыць. Але было б нядрэнна, калі б гэтаму вучылі своечасова».

«Асабіста для мяне «Пахіта» – гэта своеасаблівы камплект каштоўнасцяў, – прызнаваўся пастаноўшчык спектакля ў беларускім Вялікім у 2008-м Павел Сталінскі. – А яшчэ – увасабленне мужчынскага і жаночага пачаткаў – вельмі строгага, акадэмічнага, без лішніх эмоцый, без лішніх жэстаў. Паглядзеўшы «Пахіту», вы зразумееце балетаманаў мінулых стагоддзяў, якія пасля спектакля беглі за карэтай балерыны альбо з асалодай пілі шампанскае з балетнага туфліка сваёй багіні…»

ПРА ШТО СПЕКТАКЛЬ?

Пахіта – маладая прыгажуня і выдатная танцоўшчыца. Яна нарадзілася ў шляхетнай сям’і, аднак у дзяцінстве была выкрадзена цыганамі і вандруе па Іспаніі з цыганскім табарам. У выніку розных падзей Пахіта пазнае праўду пра сваю сям’ю і знаходзіць страчаных сваякоў і жаніха – закаханага ў яе маладога двараніна Люсьена. Шчаслівы фінал заблытанай гісторыі – пышнае вяселле Пахіты і Люсьена.

Аўтар: Паліна ПЛАТОНАВА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.