Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Вёска Бычкі, што на Ушаччыне, робіцца своеасаблівай Мекай. Вось і ў мінулую суботу ў Дом-музей Быкава з’ехалася больш за 150 чалавек. Каго толькі не было! На радзіму славутага пісьменніка заглянулі музыкант Лявон Вольскі, лідар Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, паэт Анатоль Вярцінскі, мастак Алесь Пушкін, бард Віктар Шалкевіч, палітык і бізнесмен Андрэй Клімаў з жонкай, дачка Алеся Адамовіча Наталля, унучка Якуба Коласа Вера Міцкевіч і многія-многія іншыя.
6:00 3 лiпеня 2015
10
Памер шрыфта

На гэты раз нагодай для шматлюднай сустрэчы стала імпрэза па ўганараванні сёлетняга лаўрэата прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Ім стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. На жаль, па стане здароўя ён не змог прысутнічаць на традыцыйнай цырымоніі, таму ўзнагарода 

будзе перададзена яму ў Мінску. Але для прысутных прагучаў аўдыязапіс паэта з пранікнёнымі словамі:

Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя ў належнай меры пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё свабодай думкі. Вядома, і людзі свету мастацтва – паэты, музыкі, жывапісцы, скульптары. А можа, і ў першую чаргу яны, бо іх галоўная жыццёвая місія – выяўляць сябе, сваю душу. Што, якую душу выяўляеш, мастак? Душу свабоднага грамадзяніна ці душу халуя і лёкая? Каму служыш – праўдзе ці хлусні? Каму молішся – небу ці залатому цяльцу? Тут водападзел паміж творцамі сапраўднымі, вартымі людской павагі, і сервільнымі прыстасаванцамі ў мастацтве, якія на павагу свайго народу разлічваць не маюць права.

Падчас імпрэзы з успамінамі пра Васіля Быкава і віншаваннямі на адрас Ніла Гілевіча выступілі Алесь Пушкін, Лявон Баршчэўскі, Аляксей Марачкін… Таксама некалькі слоў пра дзяцінства Васіля Быкава сказала яго родная сястра Валянціна Быкава.

– Мы прыехалі з розных месцаў краіны, каб яшчэ раз узгадаць пра слаўнага сына Беларусі, вядомага пісьменніка – Васіля Уладзіміравіча Быкава, – звярнуўся да прысутных старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” Іосіф Навумчык. – Мы павінны думаць, як ідэі і прароцтвы аб нашай незалежнасці і нацыянальнай свядомасці, аб якіх казаў Васіль Быкаў, зрабіць сапраўднымі. Кланяюся ушацкай зямлі, якая дала знакамітых сыноў нашай Беларусі: Рыгора Барадуліна, Петруся Броўку, Генадзя Гарбука, Сяргея Законнікава

Цырымонію ўзнагароджання вёў акцёр і вядучы праграммы “Падарожжа дылетанта” Юрый Жыгамонт, які адзначыў, што Быкаў рабіў вельмі важную справу – “ён абуджаў у людзях нацыянальную свядомасць і любоў да Бацькаўшчыны”.

Скончылася традыцыйная сустрэча выступленнем колішняга лаўрэата прэміі “За Свабоду думкі” Лявона Вольскага і сяброўскімі размовамі ў дворыку былой школы Васіля Быкава. Арганізатары мерапрыемства частавалі гасцей салам, каўбасой, агуркамі, памідорамі і шмат чым іншым. Жадаючыя маглі падняць келіх гарэлкі, фужэр віна, куфель піва… А хто-ніхто задавольваўся цудоўным квасам.

Раман ВАСЮКОВІЧ.

Ушацкі раён.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.