Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 чэрвеня 2017
26
Памер шрыфта

Апублікаваны даклад Сусветнага эканамічнага форуму (СЭФ), які ўтрымлівае несуцяшальны прагноз адносна пенсіённага ўзросту.

Паводле дадзеных СЭФ, да 2050 года колькасць людзей ва ўзросце за 65 гадоў вырасце больш як у 3 разы – да 2,1 млрд чалавек. А сярэдняя працягласць жыцця да таго моманту складзе 100 гадоў. Гаворка, праўда,  ідзе ў першую чаргу пра такія краіны, як Вялікабрытанія, ЗША, Японія і Канада.

Эксперты адзначаюць: калі цяпер на кожнага пенсіянера ў сярэднім у свеце прыходзіцца восем работнікаў, то ў 2050 годзе гэтыя суадносіны скароцяцца ўдвая. Таксама адзначаецца, што калі ў 2015-м разрыў паміж пенсіённымі накапленнямі і патрэбамі ў выплатах у гэтых краінах ацэньваўся ў 67 млрд долараў, то да 2050 года з улікам інфляцыі і росту заробкаў разрыў у разліку на душу насельніцтва складзе 300 тысяч долараў. Таму хочаш не хочаш, а прыйдзецца адсоўваць пенсіённы ўзрост, і ў  развітых краінах на пенсію можна будзе выйсці не раней за 70 гадоў.

Беларусь асобна ў дакладзе не ўзгадваецца. Але раней ужо гучалі меркаванні, што цяперашняя пенсіённая рэформа (штогадовае павышэнне пенсіённага ўзросту на паўгода, пакуль ён не дасягне 58 гадоў у жанчын і 63 гадоў у мужчын) вырашае праблему дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва толькі да 2022 года. Пасля гэтага спатрэбіцца новая рэформа, якая можа выліцца ў чарговае павышэнне пенсіённага ўзросту. Напрыклад. эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова адзначала, што “адзіным сцэнарыем падтрымкі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва да 2040 года з прымальным дэфіцытам з’яўляецца павышэнне пенсіённага ўзросту да 65 гадоў як у мужчын, так і ў жанчын».

Трэба адзначыць, што на фоне размоў пра далейшае павышэнне пенсіённага ўзросту для беларусаў нічога не прадпрымаецца для таго, каб разам з узростам рос і памер пенсій. Сёння ў Беларусі сярэдняя працоўная пенсія па ўзросце складае ўсяго толькі 306 рублёў 57 капеек, альбо 165,7 долара па курсе Нацбанка.

Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.