Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

“Народная Воля” павіншавала легендарнага беларускага трэнера па акрабатыцы Міхаіла ЦЭЙЦІНА з 95-годдзем.
1:59 10 лiпеня 2015
13
Памер шрыфта

“Зараз моладзь, 

як глісты…”

– Не хочуць студэнты вучыцца, – уздыхае мой суразмоўца. – Гэта зараз, напэўна, такая агульная з’ява ва ўсіх ВНУ. Якасць навучання нікога не цікавіць…

– Раней нацыя была больш фізічна здаровай?

– Пра што вы кажаце?! Зараз стан фізічнага развіцця моладзі такі, што проста катастрофа! Як глісты, непрыемна глядзець. І Міністэрства адукацыі ў гэтым накірунку мала што робіць, бо, на мой погляд, школьная праграма абсалютна непісьменная. У школе галоўная задача – прывучыць школьнікаў да фізічных практыкаванняў, прымусіць палюбіць іх. У мяне распрацавана такая сістэма, але гэта, відаць, нікому не цікава…

У гэтым плане я ўспамінаю сваю маладосць, дык тады ж быў культ фізічнага развіцця! Усе хацелі быць моцнымі і хуткімі. Часткова гэта яшчэ і ад таго, што час быў перадваенны, але ўсё ж такі і дзяржава гэтаму надавала вялікую ўвагу. Я таксама шмат займаўся спортам у маладыя гады… Вось паглядзіце на гэты ўнікальны здымак – на ім зборная юнакоў па гімнастыцы Горацкага раёна на чэмпіянаце СССР. 1934 год. Тады ж усе раёны выстаўлялі каманды. У Мінску мы занялі 3-е месца, пасля чаго нас паслалі ў Маскву.

– Падабалася гімнастыка?

– О-о, не тое слова! Я памятаю, што тады паказалі фільм “Знак Зера”, і там галоўны герой быў такі спрытны, што ўсе літаральна захварэлі гэтым. У дварах будаваліся перакладзіны, вешалі кольцы, моладзь круцілася на іх… А ўвогуле, ведаеце, хто мне даў такую любоў да фізічнай культуры і спорту? Мая настаўніца біялогіі. Яна так прыгожа распавядала пра прыгожую мускулатуру чалавека!.. 

Розная вайна

– Вы прайшлі дзве вайны. Спорт дапамагаў вам выжыць?

– Вельмі! Калі фарсіравалі Сож, плыў пад абстрэлам, пад кулямі. І нармальна, хапіла сіл. І сам жывы, і зброю захаваў. Паўтаруся: тады нормы “Гатовы да працы і абароны” (ГПА), якія мы здавалі, былі не дзеля галачкі на паперы. Моладзь на самай справе была моцная і фізічна развітая. Дарэчы, у 1938 годзе я атрымаў знак выдатніка ГПА ў Крамлі ў ліку першых дванаццаці беларусаў. 

– Сёння вы часта ўспамінаеце свае ваенныя гады?

– А як жа гэта выкінуць з памяці? На пачатку вайны было надзвычай складана. Але я не ведаю выпадку, калі хто-небудзь не верыў бы ў перамогу. Хоць немцы і раскідвалі лістоўкі, што да 25 ліпеня 1941 “вёска Масква” будзе ў іх руках. Сам я ваяваў у пяхоце, затым быў сувязістам, пасля – у авіяцыі… Успамінаецца, як на вайне мне ледзь не ампутавалі нагу. Тады, можна сказаць, дапамог выпадак. Восенню 1941-га мяне параніла пад Яльцом. Адвезлі ў шпіталь у Тамбоў, вырашылі, што нагу неабходна ампутаваць, каб не пачалася гангрэна. На раніцу прызначылі аперацыю. Але пачалася бамбёжка, нас накіравалі на ўсход, я 19 дзён ехаў без перавязкі! Прывезлі ва Уфу, планы па ампутацыі ў дактароў не змяніліся, і тут я сустракаю Барыса Навумавіча Цыпкіна – свайго былога выкладчыка, які ў Інстытуце фізкультуры чытаў нам траўматалогію. Гляджу, а прафесар Цыпкін – ужо генерал, начальнік хірургічнага ўпраўлення Паўднёва-Уральскай ваеннай акругі. Паглядзеў ён маю нагу і сказаў, што чэрві, якія развяліся на ране, з’елі ўвесь бруд, так што пагрозы гангрэны ўжо няма.

– Міхаіл Ільіч, вы распавядаеце, што ўсе верылі ў перамогу. А ў Сталіна народ верыў?

– Ведаеце, я гарэлку піў са Сталіным, калі давялося патрапіць да яго на прыём 20 ліпеня 1940 года. Банкет быў з 10 вечара да дзвюх гадзін ночы. Тады ж штогод праводзіліся Усесаюзныя фізкультурныя парады, у якіх удзельнічаў і я, і пасля аднаго з іх Сталін зрабіў у Георгіеўскай зале прыём для тых удзельнікаў парада, хто быў добраахвотнікам фінскага фронту. Памятаю, на развітанне Сталін мне працягнуў руку, але побач са мной стаяў беларускі футбаліст Яша Ермакоў, які ў гэты момант хуценька прыбраў маю руку і працягнуў сваю. Дарэчы, выступаў Сталін складна, ведаў розныя спартыўныя нюансы. Не тое што Хрушчоў, які пасля вайны заявіў: маўляў, хацеў усе вашы стадыёны і спартыўныя пляцоўкі перакапаць пад кукурузу. І такую бязглуздзіцу нёс дзяржаўны дзеяч!

– Вы ведалі пра мільёны расстраляных па загадзе “лепшага сябра ўсіх фізкультурнікаў”?

– Так, знішчалі прыстойных людзей, цудоўных спецыялістаў, геніяльных военачальнікаў.

– Спартыўныя дзеячы таксама траплялі пад рэпрэсіі?

– Усе траплялі. Быў у Беларусі такі старшыня камітэта па фізічным выхаванні і спорце Панфілаў. Ён атрымаў ордэн, а праз некалькі дзён яго расстралялі. Вораг народа. Мы адчувалі, што нешта адбываецца не так, бо ведалі людзей, якіх знішчалі. Ведаю, што ў адну ноч ці то ў 36-м, ці то ў 37-м у Оршы расстралялі ўсіх праваслаўных святароў, ксяндзоў і равінаў. Мой сусед быў святар, цудоўнейшы чалавек. Быў такі час… Памятаю, перад вайной з’явіліся магазіны “Торгсин”, дзе тавары можна было набыць за валюту. Некаторыя людзі заходзілі ў крамы, проста каб паглядзець, нічога не набывалі, але ўжо і гэтага было дастаткова, каб чалавека можна было паставіць да сценкі. Ды яшчэ і катавалі тыдзень, каб прызнаўся, дзе валюта ды золата. Гэта было жудасна!

– Адным словам, ішла вайна і супраць уласнага народа?

– Безумоўна! Мы ўсю ноч слухалі, дзе спыняліся “варанкі”, і разумелі, што і да чаго. Маму маю таксама арыштавалі, катавалі…

Як ажыў
беларускі футбол

– Калі вайна скончылася, куды вы пайшлі працаваць?

– Трэба было спачатку давучыцца ў Інстытуце фізкультуры. Больш за 300 студэнтаў пайшлі на фронт, вярнуліся толькі 18. Нас, студэнтаў-франтавікоў, пасялілі ў баракі, якія стаялі на месцы сучаснай плошчы Якуба Коласа. Памятаю, да нас кожны вечар прыходзіла Алена Мазанік, якая падарвала Вільгельма Кубэ. Яна выпіць любіла, а ў нас гарэлка заўсёды была…

Пасля інстытута мяне нечакана зрабілі начальнікам аддзела кадраў рэспубліканскага спорткамітэта, але мне гэта было зусім не патрэбна. Я ў гэтай справе нічога не разумеў і, шчыра кажучы, не працаваў. А старшынёй спорткамітэта тады быў Савельеў. Неяк зайшоў, паглядзеў і кажа: “Бачу, што гэта не тваё”. Адказваю: “Праўда ваша, мне б практычную работу…” І мяне перавялі на кафедру гімнастыкі ў Інстытут фізкультуры. Так амаль 70 гадоў там і працую. І, акрамя таго, зараз яшчэ і трэнірую футбалістаў.

– Кажуць, што не без вашай дапамогі футбольнае мінскае “Дынама” ў 1982 годзе заваявала золата чэмпіянату Саюза.

– Увогуле, з футбалістамі я пачаў працаваць у 1962 годзе, хоць да гэтага ніякага дачынення да футбола не меў і нават балельшчыкам не быў. У 62-м годзе каманда “Беларусь” знаходзілася ў падвале турнірнай табліцы, галоўным трэнерам там быў Сан Саныч Сявідаў. А я ў гэты час трэніраваў зборную Беларусі па акрабатыцы. На базе ў Стайках мы працавалі разам з футбалістамі. І вось з Сявідавым сустракаемся неяк у парылцы. Ён стаў мне скардзіцца на дрэнную гульню каманды. Я яму ў лоб: “А як яшчэ гэтыя інваліды могуць гуляць?” Сан Саныч крыху пакрыўдзіўся, пачаў апраўдвацца: маўляў, мы ж працуем… “Дрэнна працуеце, – дабіваю калегу. – Футбалісты фізічна абсалютна не падрыхтаваны”. Сявідаў пасля гэтага вырашыў прыйсці на маю трэніроўку. Паглядзеў і кажа: “Гэта менавіта тое, чаго не хапае нам. Дапамажыце”. І я восенню 1962-га пачаў з камандай працаваць тры разы на тыдзень. А ўжо ў наступным сезоне “Беларусь” заваявала бронзавыя медалі чэмпіянату СССР. За мяне ўчапіліся, каб і надалей працаваў, але часу ўжо проста не хапала – запрасілі ў зборную Саюза па гімнастыцы. Каманду я пакінуў. А вось калі Эдуард Малафееў узначаліў мінскае “Дынама”, ён успомніў, як я трэніраваў яго, калі ён яшчэ выступаў за “Беларусь”. І таксама прапанаваў папрацаваць з камандай. У 1979 годзе я прапанову прыняў, а праз тры гады “Дынама” стала чэмпіёнам.

– Каманда была “зорная”…

– Тэхнічныя хлопцы, нічога не скажаш. Хоць маю методыку спачатку прынялі ў штыкі. Пералом наступіў, калі каманда адправілася ў госці да кіеўскага “Дынама”, “Кайрата” з Алма-Аты і ташкенцкага “Пахтакора”. Напярэдадні “Пахтакор” у Ташкенце з буйным лікам перамог ленінградскі “Зенит”. Галоўны трэнер “Зенита” Паша Садырын затым мне распавядаў: “Там спякота – пад 50 градусаў. Дзесяць хвілін хлопцы пабегалі, а затым ногі як драўляныя сталі”. Пытаюся: “Вы размінку праводзілі?” – “Якая размінка пад такім сонцам?!” Я пасядзеў, падумаў і вырашыў, што трэба зрабіць. Эксперымент ставіў на дублёрах “Дынама”, мы вырашылі правесці заняткі ў Ташкенце перад матчам, нягледзячы на спякоту. Усё – хлопцы ажылі! І “дубль” выйграў у “Пахтакора”, і асноўная каманда. І ігракі ў мяне паверылі.

– Што вы яшчэ прапаноўвалі футбалістам?

– Я дабіўся, каб перад гульнёй раніцай праводзілася трэніроўка, хоць Малафееў напачатку быў супраць. Потым я адмяніў зарадку. Зрабіў, каб трэніроўка была не 1 гадзіну 15 хвілін, а дзве гадзіны. Размінку пачыналі не за 30 хвілін да матча, а за паўтары гадзіны. А колькі балельшчыкаў збіралася на стадыён паглядзець! Я ўпэўнены, што перамогі прыходзілі да каманды яшчэ да пачатку гульні.

Пракапенка:
“Калі не буду піць, то не буду і галы забіваць”

– Ігрок таго зорнага складу Юрый Пудышаў распавядаў мне, як Міхаіл Ільіч Цэйцін за руку вадзіў Аляксандра Пракапенку здаваць экзамен у Інстытут фізкультуры, а той ўсё роўна ўцякаў у рэстаран гасцініцы “Мінск”… 

– Не толькі на экзамены я вадзіў Сашу, але і ўтрымліваў, каб ён не піў. Памятаю, трэба было рыхтавацца да нейкай гульні з венграмі, я забраў Пракапенку з дома (а мы былі суседзямі), пасадзіў да сябе ў машыну. Едзем у Стайкі. Праязджаем міма басейна на Партызанскім праспекце, Саша мне кажа: “Міхал Ільіч, жонка Наташа прасіла пасылку перадаць у рэгістратуру басейна, спыніцеся на хвіліну”. Спыніўся – і больш у той дзень Пракапенку я не бачыў. Ой, як з ім было складана! Ён усё разумеў, згаджаўся, але рабіў па-свойму.

– Як яму ўдавалася сумяшчаць алкаголь, вялікія фізічныя нагрузкі і бліскучую гульню на полі?

– Ён мне казаў так: “Калі не буду піць, то не буду і галы забіваць”. Але што і казаць – нагрузка на арганізм ішла вялізная. Выратоўвала тое, што Пракапенка быў талентам ад Бога, іграком з інтуіцыяй. Ён за чатыры хады ведаў, дзе будзе мяч. Такая ж багатая трэнерская інтуіцыя і ў Эдуарда Малафеева. Я настойваў на тым, каб каманда праводзіла аднаразовую трэніроўку, а не двухразовыя, але Малафееў мне на гэта адказаў так: “Па вялікім рахунку я не супраць аднаразовай, але двухразовыя мне патрэбны, каб вечарам упэўніцца, што футбалісты цвярозыя”.

“Прыслухоўваюся толькі да свайго арганізма”

– З кім яшчэ вы працавалі, акрамя футбалістаў?

– Быў нейкі час кансультантам у зборнай Саюза па конным спорце, правёў некалькі заняткаў з жаночай валейбольнай камандай. Прапаноў было шмат – як раней, так і зараз. Вось Федэрацыя хакея просіць папрацаваць з хакеістамі.

– А з-за мяжы былі прапановы?

– Гады тры таму прыехалі да мяне на трэніроўку ва ўніверсітэцкую залу спецыялісты з бельгійскага футбольнага “Андэрлехта”. Здымалі на відэа, ім неверагодна спадабалася тое, што ўбачылі, сказалі: “Еўропа толькі падыходзіць да гэтага”. Пасля тэлефанавалі з Бельгіі, прапаноўвалі пераехаць да іх на працу. Я адмовіўся. Моўны бар’ер, нязвыклая абстаноўка – гэта не па мне. А бельгійцы, дарэчы, на падставе тых дыскаў, што знялі, зараз праводзяць міжнародныя семінары.

– Напэўна, былі б багатым чалавекам, калі б пагадзіліся на замежныя прапановы…

– Я ведаю, бо сумы прапаноўваліся канкрэтныя. У Штаты запрашаў прэзідэнт сусветна вядомай фірмы, якая робіць гімнастычныя снарады. Абяцаў вялікі заробак, дом, сям’ю перавезці і забяспечыць усім неабходным. “Не, – адказаў, – не змагу я там жыць”. Я і на самай справе настолькі прывязаны да Беларусі… Памятаю, ва Уфе ляжаў у шпіталі, і неяк раніцай па радыё чыталі беларускія вершы. Я так расчуліўся…

– Магчыма, вы знаёмы з кімсьці з беларускіх пісьменнікаў ці паэтаў?

– З Піменам Панчанкам быў знаёмы, з Васілём Быкавым неяк перасякаліся… Чытаў апавяданні Быкава, спадабалася, як ён пісаў пра вайну. Пісаў горкую, але праўду.

– Міхаіл Ільіч, як вы пачуваеце сябе ў 95 гадоў?

– Выдатна, мяне падтрымліваюць станоўчыя стрэсы. Напрыклад, вучань нешта выйграў – гэта ўжо дае дадатковыя сілы. Праўда, апошнім часам стала турбаваць нага, таму, напрыклад, сальта ўжо не магу зрабіць, як тры гады таму. А вось стойка на руках для мяне – не праблема і зараз.

– Ранішнюю зарадку робіце?

– Навошта яна мне? Я і так шмат рухаюся.

– Можа быць, дыету захоўваеце?

– Перастаньце! Мне за ўсё жыццё столькі розных рэкамендацый давалі, што галава можа кругам пайсці. То сала можна есці, то нельга. То каву забароняць, то яйкі… Я ні да кога не прыслухоўваюся, акрамя свайго арганізма.

– А сто грамаў можаце сабе дазволіць?

– Чаму б і не? І цыгарэты палю да гэтага часу, хоць ужо і ў меншай колькасці – усяго па 5–6 цыгарэт на дзень. Ведаеце, для мяне не праблема кінуць паліць, але баюся. Усё ж такі палю ўжо 80 гадоў.

– Ужо думаеце, як будзеце адзначаць стогадовы юбілей?

– Ды, напэўна, адзначым гэтак жа, як і 95-гадовы. Шматлікія віншаванні – гэта ацэнка маёй працы. Значыцца, недарэмна жыў і працаваў…

Алесь СІВЫ.

Фота аўтара.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.