Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
17
Памер шрыфта

Адзін з трэнераў сярэбранай прызёркі Алімпіяды распавёў пра сваю вучаніцу, асаблівасці жаночай цяжкай атлетыкі і прыгажосць у спорце.

– Я працую з Дашай Навумавай 5 гадоў, і пра яе заўсёды можна было сказаць: перспектыўная, – кажа Міхаіл Мікалаевіч. – У чалавека вялізнае жаданне займацца спортам і нечага дасягнуць. Праўда, не адразу яна вызначылася, спачатку займалася штурханнем ядра. Затым ужо запрасілі ў цяжкую атлетыку, яна пагадзілася. І, думаю, не шкадуе.

– З бацькамі не было праблем? Не кожная ж маці захоча, каб яе дачка “жалеза” тонамі цягала…

– А на той час бацькі не ведалі, якім відам спорту займаецца Даша. Яна не казала ім. Пазней, праўда, прызналася, і першая рэакцыя, безумоўна, была не вельмі станоўчая. Але Дар’я выступіла на першых міжнародных стартах, паказала сябе, і маці стала зусім па-іншаму глядзець на тое, чым займаецца дачка. А сёння нават удзячна, што лёс склаўся такім чынам.

– Даша – спартсменка з характарам?

– Калі ў чалавека лідарскія якасці, то па-іншаму і быць не можа. Таму ўсялякага хапала ў нашых узаемаадносінах. Вялікія спартсмены не бываюць ідэальнымі.  Тым больш калі гэта дзяўчына. Дзяўчаты заўсёды патрабуюць да сябе больш увагі.

– Вы сказалі, што Дар’я займалася штурханнем ядра, але затым кінула. Не спадабалася?

– Не падышла па росце. У Дашы – 1 метр 65 сантыметраў, а вы бачылі, які ў штурхальніц рост? Пад два метры! Таму перспектыў там не было ніякіх.

– І ўсё ж такі цяжкая атлетыка – гэта, напэўна, больш мужчынскі від спорту.

– Ведаеце, я сам быў адным з ініцыятараў развіцця жаночай цяжкай атлетыкі ў Беларусі і рады, што яна атрымала такое развіццё. Я пачынаў працаваць з дзяўчатамі яшчэ ў 1990 годзе, пры Саюзе. Не паверыце, але самі прыходзілі запісвацца ў секцыю.

– Дзяўчаты ж павінны быць грацыёзнымі…

– Адна з маіх першых вучаніц выступала ў суперцяжкай вагавай катэгорыі і мела вагу каля 90 кілаграмаў. Зараз у яе сям’я, двое дзетак, і пры росце 1 метр 75 сантыметраў яна важыць 58–60 кілаграмаў. Стройная, прыгожая! Таму сам від спорту не накладвае нейкі адмоўны адбітак на чалавека. Калі спартсменка выступае, безумоўна, неабходна падтрымліваць пэўны ўзровень мышцаў, але жыццё ў спорце – не бясконцае.

– Прабачце, а на жаночай фізіялогіі цяжкая атлетыка не сказваецца?

– Асабліва не сказваецца. І сем’і спартсменкі ствараюць, і дзетак здаровых нараджаюць… Часам, праўда, з’яўляюцца нейкія змены, але яны нязначныя: голас больш грубы можа стаць альбо нешта яшчэ. Але ўсё знікае, як толькі спартсменка перастае трэніравацца. Вось Даша ўжо амаль месяц да штангі не падыходзіць, ніхто нават не скажа, што яна займаецца цяжкай атлетыкай.

– А як наконт фармакалогіі, без якой не абыходзяцца штангісты? Не шкодзіць здароўю 21-гадовай дзяўчыны?

– А што, лепш піць ды паліць, чым займацца спортам? І што сёння ў нас “чыстае”? Вы якую-небудзь кілбасу альбо напіткі праверце. Што ўбачыце пасля лабараторнага даследавання? Табліцу Мендзялеева, якую мы штодня ўжываем! І ці вы ніколі не п’яце таблеткі? Яны што, карысныя? Таму ўсё дапушчальна, калі ў меру.  Увогуле, фармакалогія дапамагае арганізму аднавіцца і пераносіць нагрузкі. А злоўжываць можна чым заўгодна. І не толькі ў спорце.

– Сярэбраныя прызёры Алімпіяды атрымаюць грашовыя ўзнагароды ў памеры 75 тысяч долараў. А настаўнікам спартсмена нейкія бонусы прадугледжаны?

–  Дар’ю трэнірую я і Валерый Сізёнак, таму на дваіх мы павінны атрымаць 60 працэнтаў  ад памеру прэміяльных Дашы. Кожнаму атрымліваецца, здаецца, па 22,5 тысячы долараў.

– Дар’і – 21 год, спартыўная кар’ера толькі пачынаецца…

– Мяркую, так, калі ўлічваць, што яе асноўнай саперніцы ў барацьбе за “серабро” іспанцы Лідзіі Валенцін Перас – 32. А наша вяслярка Каця Карстэн выступала на гэтай Алімпіядзе і ў свае 44 гады.  Таму, калі здароўе дазваляе, можна выступаць і выступаць.

– Але некаторыя маладыя людзі, якія ў такім узросце дасягаюць буйных поспехаў, не праходзяць элементарную праверку на “зорнасць”. Прыклад цяжкаатлета Арамнава – таму пацвярджэнне…

– У кожнага чалавека сваё выхаванне і свой характар. Я ўпэўнены, што “зорнасць” – гэта не пра Дашу.

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сколько стоит домашний повар?

Как правило, поваров в семью сегодня нанимают не так часто. Считается, что это барство, лишние расходы. Чаще приглашают няню или домработницу. Однако мало кто представляет, что личный повар поможет сэ

В Новогрудском районе застолье закончилось убийством двух человек

Посиделки компании из трёх человек окончилось ссорой и смертью двоих участников, третий обвиняется по уголовному делу.

Физкультуру и спорт избавили от налога на прибыль

Учреждения физической культуры и спорта, финансируемые из бюджета, освобождаются от уплаты налога на прибыль. Соответствующий указ № 443 президент подписал 12 декабря.