Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 11 мая 2017
32
Памер шрыфта

Навошта Міхаіл Фінберг ездзіць у Чарнобыльскую зону?

Хто будзе прадстаўляць Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў «Славянскага базару»?

І чаму некаторым артыстам абвясцілі вайну на тэлебачанні?

Пра гэта «Народная Воля» распытала стваральніка і кіраўніка легендарнага Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

– Міхаіл Якаўлевіч, ведаю, што ваш аркестр зусім нядаўна вярнуўся з Чарнобыльскай зоны. Якім ветрам вас туды занесла?

– Мы 11 разоў працавалі ў Хойніках і столькі ж – у Чачэрску. Я наогул у Чарнобыльскую зону ездзіў практычна адразу пасля аварыі, так што гэта не паказныя выступленні напярэдадні чарговай гадавіны…

– Чула, што вас там вельмі душэўна прымаюць…

– Так і ёсць. Па-першае, больш ніхто з артыстаў туды не ездзіць. А па-другое, мы не з адным канцэртам, а з цэлым фестывалем прыязджаем, у нас адразу пяць выступленняў!

– Шчыра кажучы, пра гэта мала хто ведае. Гэтыя паездкі нейкія неразрэкламаваныя

– Ну а хто гэтым павінен займацца? У мяне лішніх фінансаў на піяр няма. Мы атрымліваем грошы на рахунак аркестра, яны сыходзяць на аплату нашых выдаткаў. Па рэгіёнах ездзім за сродкі, якія атрымліваем за канцэрты. Хапае, каб заплаціць за транспарт, і на сутачныя. Велізарных ганарараў, як у тых, хто называе сябе зоркамі, не атрымліваем.

– А хто прыдумаў гэтыя канцэрты ў Чарнобыльскай зоне? І якая публіка да вас прыходзіць?

– Гэта мая ідэя. І мне, шчыра кажучы, падабаецца туды ездзіць. Там атмасфера ў зале заўсёды асаблівая. Людзі прыходзяць добра апранутыя, прыбраныя. Ну і рыхтуюцца да канцэртаў вельмі сур’ёзна. Ведаюць гісторыю беларускай музыкі пачынаючы з XVI стагоддзя лепш, чым сталічная публіка!

Ад мяне вялікая падзяка кіраўніцтву Гомельскай вобласці, старшыні аблвыканкама Уладзіміру Дворніку. Ён добра прымае нас, падтрымлівае, заўсёды кажа добрыя словы.

– Квіткі на вашы канцэрты людзі самі купляюць ці ўсё за кошт, напрыклад, прафсаюзаў?

– Вядома, самі! І залы ў нас поўныя. А калі нехта каму і падарыць квіток – што тут дрэннага?

– Дарэчы, а што там з заламі? Відаць, Дамы культуры не ў лепшым стане?

– Выдатныя! У новую канцэртную залу ў Чачэрску проста прыемна заходзіць. Я хацеў бы, каб і ў Мінску былі такія залы. Наогул, у мяне ад гэтых паездак самыя лепшыя ўражанні.

– Чула, вы маеце намер у гэтым годзе арганізаваць новы фестываль. На гэты раз у Вілейцы.

– Дагавор падпісаны, фестывалю быць! Я прыдумаў гэты фэст. Адна частка канцэрта будзе ісці ў храме (у Вілейцы багаты храм, з гісторыяй), а другая частка – прысвячэнне беларускай навуцы, бо цяпер Год навукі. Гэта будзе першы такі канцэрт. Як усё будзе драматургічна выбудавана, цяпер расказаць не магу – гэта трэба бачыць.

– У гэтым годзе Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў «Славянскага базару» будзе прадстаўляць 19-гадовы саліст вашага аркестра Ягор Шаранкоў…

– Так, гэта наш хлопец. Ён нядаўна прыйшоў у аркестр. Вельмі цікавы, здольны, адзін з самых яркіх на сённяшні дзень выканаўцаў. На нацыянальным адборы ўсё журы яго падтрымала.

Спадзяюся, яго выступленне на «Славянскім базары» будзе ўдалым.

Ягора ў аркестры ўсе любяць. Ён стараецца, назапашвае сур’ёзны рэпертуар. І ў нас ёсць каму яго падтрымаць. У нашым аркестры сёння працуюць ўладальнікі першых прэмій «Славянскага базару» Дзмітрый Качароўскі і Валерыя Грыбусова, ды і многія іншыя выканаўцы, якія прайшлі праз гэты конкурс. Адным словам, Ягору ёсць на каго раўняцца.

– Міхаіл Якаўлевіч, а чаму так атрымліваецца, што пераможцаў віцебскага конкурсу маладых выканаўцаў, лаўрэатаў знакамітага маладзечанскага Нацыянальнага фестывалю песні не відаць і не чуваць. Адгрымеў конкурс і яны быццам растварыліся ў атмасферы…

– Гэта адбываецца не па маёй віне. Я рыхтую выканаўцаў да конкурсу, але не магу ладзіць ім гастролі, раскручваць іх. Я і так раблю што магу і нават больш за тое! Амаль кожны год (ці праз год) выстаўляю новага канкурсанта. А дзе астатнія канцэртныя арганізацыі? Чаму яны не падаюць прыклад у гэтым? Чаму не займаюцца раскруткай маладых?

– А чаму вас у апошні час няма ў тэлевізары?

– Не ў апошні час – нас няма на беларускім тэлебачанні шмат дзясяткаў гадоў!

– І з чым гэта звязана?

– Не ведаю, гэта пытанні не да мяне. Хоць мы больш за ўсіх у Беларусі даём канцэртаў, мы больш за ўсіх робім тэматычных праграм, у нас усе канцэрты аншлагавыя… Мы ездзім па ўсёй краіне, але па тэлевізары нас не паказваюць.

– У вас ёсць добрыя праграмы на тэксты беларускіх паэтаў…

– 38 праграм на тэксты беларускіх класікаў! Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Адам Русак, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, ёсць праграмы па паэзіі XVIII і XIX стагоддзяў.

Але ўсё гэта чамусьці не гучыць у эфіры.

Толькі што мы правялі фестываль “Шлягеры на ўсе часы”, у Мінску адбыўся 29-ы фестываль джаза. Усяго мы правялі 323 фестывалі ў маленькіх культурных цэнтрах Рэспублікі Беларусь. Але нас пра гэта чамусьці ніхто не пытаецца…

Мы даўно сышлі са сталіцы і ездзім па рэгіёнах. У Нясвіжы зрабілі 23 фестывалі, у Заслаўі – 16, не засталося амаль ніводнага закутка Беларусі, дзе не выступаў бы наш аркестр!

Паўтараю: я заўсёды з задавальненнем выступаю ў маленькіх гарадах. Там людзі нас абагаўляюць, любяць. Мы выступаем у палях і нават у цэхах прадпрыемстваў. На Мазырскім НПЗ, у Жодзіне кожны год  прама ў цэху працуем. Рабочыя нас абдымаюць, цалуюць, яны ведаюць па імёнах кожнага нашага артыста! І гэта таксама ніхто не паказвае…

Але я ўсё роўна буду рабіць для развіцця Беларусі і яе культуры ўсё магчымае і немагчымае. Бо люблю сваю краіну і свой народ.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.