Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 25 мая 2017
10
Памер шрыфта

Нядаўна на волю з мінскай “Валадаркі” выйшаў Ян Міхалькоў – адзін з абвінавачаных па так званай “справе патрыётаў”.

Як вядома, крымінальная справа, пра якую ідзе размова, была ўзбуджана яшчэ ў сакавіку бягучага года. Больш за два дзясяткі чалавек былі затрыманы і кінуты за краты. Многім з іх было прад’яўлена абвінавачанне па сумна вядомым артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі – “Масавыя беспарадкі”. Фігурантаў справы абвінавацілі ў іх падрыхтоўцы. А некаторых з затрыманых абвінавачваюць яшчэ і па артыкуле 287 КК – “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Справа па гэтым артыкуле ў Беларусі распачынаецца ўпершыню.

За аснову крымінальнага пераследу была ўзята дзейнасць вайскова-спартыўнага клуба “Патрыёт” з Бабруйска, якім кіруе Мікалай Міхалькоў. Адзначым, што клуб “Патрыёт” – легальная структура, якая працавала на базе адной з бабруйскіх школ і дзейнічала з дазволу мясцовага аддзела адукацыі. Акрамя таго, за кратамі апынуліся людзі, якія ў свой час мелі дачыненне да не існуючай зараз арганізацыі “Белы легіён”, – напрыклад Міраслаў Лазоўскі.

Пасля вызвалення Яна Міхалькова, які, дарэчы, да затрымання быў кадравым беларускім вайскоўцам, “Народная Воля” паспрабавала расшукаць яго, каб з першых вуснаў даведацца пра ўсе акалічнасці справы, якую многія беларускія праваабаронцы лічаць палітычна матываванай.

Аднак гэта аказалася не так проста. На кантакт з журналістамі Ян не ідзе. Мы дазваніліся да ягонай жонкі Вольгі. Яна сказала літаральна наступнае: “Зразумейце нас правільна: зараз у мужа не тая сітуацыя, каб расказваць пра нейкія акалічнасці справы”. Дакладна не вядома, на якіх умовах Ян Міхалькоў выйшаў на волю. Паводле нашай інфармацыі, у турме дагэтуль застаецца бацька Яна – Мікалай Міхалькоў.

Варта адзначыць, што ўсе затрыманыя па “справе патрыётаў” – людзі беларускамоўныя. Некаторыя да затрымання мелі дачыненне да сілавых структур краіны. Так, Андрэй Дундукоў да затрымання працаваў у рэспубліканскім атрадзе спецыяльнага прызначэння МНС Беларусі, быў інструктарам Чырвонага Крыжа і нават здымаўся ў іміджавым роліку МНС. Ілля Грэк – памежнік. Вячаслаў Дукшт – спецназавец. Двое апошніх пазней былі адпушчаны з СІЗА КДБ.

На сённяшні дзень за кратамі працягваюць заставацца 18 чалавек.

Аўтар: Антон ВІТАЛЬЕЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко открыл завод «Белджи» и рассказал об указе по стимулированию покупки автомобилей Geely белорусами

В Беларуси разрабатывается проект указа, направленный на стимулирование покупки белорусами отечественных легковых автомобилей, произведенных СЗАО "Белджи".

МНС сможет блокировать операции плательщиков по их электронным кошелькам

Министерство по налогам и сборам Беларуси получило право приостанавливать операции плательщиков по их электронным кошелькам.

В Беларуси задержан корреспондент «Украинского радио». Его обвиняют в шпионаже

Руководитель Национальной общественной телерадиокомпании Украины Зураб Аласания сообщил, что посольство Беларуси уклоняется от ответа о причине задержания украинского журналиста Павла Шаройко.