Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 6 снежня 2016
19
Памер шрыфта

Зорка Купалаўскай сцэны Марыя Захарэвіч дзень народзінаў святкуе двойчы. У дакументах яе памаладзілі на цэлы тыдзень!

“Мама сказала, што я нарадзілася 21 лiстапада – на Мiхаiла Архiстрацiга, – гаворыць актрыса. – А запісалі днём нараджэння 28 лістапада – мабыць, калі мяне хрысцілі. Так і атрымалася, што святкую два дні народзінаў…”.

“Народная Воля” павіншавала народную артыстку Беларусі з юбілеем.

– Марыя Георгіеўна, а якія ў вас узаемаадносіны з узростам?

– Нармальныя! Абсалютна гадоў не адчуваю, цьфу-цьфу-цьфу! Я і на радыё зараз была многа занята, запісвала новыя вершы. Мне на гэта сіл хапае. Дый трэба варушыцца! У тэатры вялікіх роляў ужо няма, таму трэба ўвесь час сябе бударажыць, падштурхоўваць наперад.

– А натхненне адкуль на ўсе гэтыя справы?

– Натхненне?.. Я ўсё жыццё працавала, ніколі не сядзела дома. Прывыкла рухацца. Дзякуй Богу, з гадамі гэта не прайшло. Наадварот, хочацца яшчэ нешта зрабіць. Для мяне наша беларуская літаратура, паэзія – такі клад! У мяне, напэўна, большая палова жыцця звязана з паэзіяй. Увогуле, гэта вялікі дар для кожнага акцёра ад нашых пісьменнікаў! Трэба карыстацца гэтым – і эмоцыі свае варушыць, і сэрца, і душу.

У мяне вельмі многа было сустрэч за тыя гады, што мы ездзілі па Беларусі. І на кожнай сустрэчы я чытала вершы, і нешта пра жыццё гаварыла, і з жанчынамі рознымі сустракалася. Слухала іх маналогі, цёплыя і добрыя словы. Гэта такі падарунак!

На адзін са сваіх мінулых юбілеяў я падрыхтавала кампазіцыю па вершах беларускіх паэтаў. І чырвонай ніткай там праходзіў лёс жанчыны. Не ведаю, можа, каму і сумна было на той вечарыне, бо паэзія – гэта ж праца. Вершы трэба слухаць. Над імі трэба думаць. Таму ў мяне юбілей быў не забаўляльны. Я і ў запрашальніку тады напісала: “Чаго папрасіла душа…”

– А чаго сёння ваша душа просіць?

–  Каб нарэшце я трошкі спынілася і прысвяціла час сабе і сваім блізкім. Бо я вельмі мала ўвагі ім надавала. Лічу, што рабіла няправільна. Прыбягу дадому на пару гадзін, нешта зраблю – і зноў на працу. Здымкі, запісы, гастролі… Такі рытм толькі маладосць магла вытрымаць!

Але зараз, канешне, душа радуецца, што мае перадачы дагэтуль гучаць па радыё – амаль кожны дзень. І такія харошыя пастаноўкі! Я вось зараз уключыла “Канец бабінага лета” – вельмі прыемна слухаць і ўзгадваць акцёраў, якіх ужо няма. І ў самой мяне тут роля харошая, спяваю прыгожа… Ёсць маналог, дзе я гавару: “Божа мой, мне ўжо 50! І як бы ні жыла – у адзін момант праляцела жыццё! І чаго толькі не паспытала я ў сваім жыцці, колькі перажыванняў, колькі ўсяго!” Дык сяджу зараз слухаю і смяюся: 50 гадоў – гэта ж амаль маладосць!

– Дзеці не крыўдуюць, што для вас праца заўсёды была на першым месцы?

– Не, яны не ўмеюць крыўдзіцца. Бо вельмі добра ўсё разумеюць. І раслі самастойнымі. Я імі магу толькі ганарыцца. У першую чаргу яны харошыя людзі. І харошыя дзеці… Дзякуй Богу за ўсё!

– Марыя Георгіеўна, а сваім жаноцкім лёсам вы задаволены?

– Ой, пра гэта я ніколі не гавару… Дзякуй Богу, выхавала сына і дачку. Можна сказаць, адна. Мама мне дапамагала. Як бы я там ні жыла, але ўсё рабіла сама і нікому не скардзілася. Думаю, гэта было правільна.

– Відаць, штосьці не вельмі ўдала склалася…

– Ну чаму? Чаго сама хацела, тое і атрымлівала. Па-рознаму было. Але я пра сямейныя адносіны ніколі не гавару ў сваіх інтэрв’ю.

– Ведаю, што вы дагэтуль ведзяце дзённікі, дзе робіце запісы пра жыццё…

– Не кожны дзень, канешне, але раблю. Запісваю тое, што мяне ўразіла. Ці некія думкі разумных людзей. Альбо падзеі. Ведаеце, я падчас перачытваю дзённікі Зінаіды Браварскай. Яна пісала мне, калі я доўга, больш за два месяцы, ляжала ў раённай бальніцы. Даўно гэта было! Але яна вяла для мяне дзённік тэатра. І я зараз чытаю ўсё гэта і ўспамінаю яе добрым словам.

Раней ведаеце, які дзённік я вяла? Проста фіксавала распарадак дня, куды і ў які час я павінна бегчы, што ў магазіне трэба купіць, потым ізноў на здымкі бегчы. У мяне і такія запісы захаваліся – цэлая кніжка. Мама, калі прыязджала і назірала за маім рытмам, толькі галавой качала: “Якое жыццё…” Ну вось такая ў мяне была галава! Мама мяне далікатна называла неразумнай. Заўважце, не дурной, а ласкава – неразумнай…

– Чула, што вы адмовіліся ад вялікіх урачыстасцяў у тэатры з нагоды юбілею…

– Дый столькі ўжо было гэтых юбілеяў – хопіць! Няма сіл рабіць творчы вечар.

– А распавядзіце тады, калі ласка, пра кнігу, якая днямі будзе прэзентавана ў ваш гонар…

– Для мяне самой гэтая кніга будзе сюрпрызам. Так атрымалася, што я да яе складання мела ўскоснае дачыненне, толькі здымкі дала. Ведаю, што там ёсць вельмі харошыя вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя мне… Укладальніца кнігі – Соф’я Жыбулеўская, якая працавала дарэктарам “Акадэмкнігі”.

– Многія артысты скардзяцца на тое, што на тэатральныя заробкі сёння амаль немагчыма выжыць. А як у вас з фінансамі?

– Я ніколі за ўсё сваё жыццё не скардзілася. І хоць іншы раз было вельмі туга, выкручвалася і амаль ні ў каго не пазычала. Абыходзілася так, як ёсць. Але ж сёння зусім іншае жыццё ў маладых… Некаторыя здымаюць кватэры і актыўна падпрацоўваюць, бо тэатральнай зарплаты сапраўды не хапае. Нехта пенсію мае як дадатак. А заробкі амаль ва ўсіх аднолькавыя, вельмі сціплыя! Але артысты так хочуць працаваць і выходзіць на сцэну, што проста не звяртаюць на гэта ўвагі. Бо сцэна – наша жыццё…

АД ДУШЫ

“Такія ласкавыя словы мне казалі!..”

Прыхільнікі шануюць цудоўную актрысу, а юбілей стаў нагодай для таго, каб яшчэ раз выказаць Марыі Захарэвіч словы падзякі: за талент, за працу, за жыццё.

– Я за гэтыя дні ўжо атрымала столькі званкоў з раёнаў – з Івацэвічаў, Беразіно, Нясвіжа, Барысава, Мядзела, Сватак, Вузлы і іншых гарадоў, усе нават і не пералічыш! – гаворыць Марыя Георгіеўна. – А 21 лістапада пазваніў настаяцель нашай сельскай царквы, дзе я хрысцілася, – айцец Пётр. Царква гэта ўнікальная, з рэдкімі іконамі. Яна працавала ўсю вайну…

Я хацела б падзякаваць усім тым людзям, якія такія ласкавыя словы мне казалі, пра мой голас гаварылі. Божа мой, ну вось як пасля гэтага не працаваць і не рабіць новыя задумы!..

Дзякуй вам усім, дарагія, і нізкі паклон!

 

ДАРЭЧЫ

Уваход – толькі па запрашальніках!

Прэзентацыя кнігі пра Марыю Захарэвіч “Талент, адухоўлены любоўю”, адбудзецца 28 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы.

“Год за годам, вобраз за вобразам – у тэатры, на тэлебачанні, у кіно, па радыё. Настойлівае творчае сталенне, уваход у заслужаную народнасць. Мы любім Вас, Маша, і нас вельмі многа, і Вы пра гэта ведаеце і сама”, – такімі цёплымі словамі Янкі Брыля пачынаецца кніга, якая днямі ўбачыла свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

У прэзентацыі возьмуць удзел укладальнікі кнігі: землякі, калегі, сябры Марыі Захарэвіч, якая будзе рада сустрэчы з аматарамі сваёй творчасці!

Уваход на мерапрыемства па запрашэннях.

 

З асабістай справы

Марыя Захарэвіч нарадзілася 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

У 1957 годзе скончыла акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці “Актрыса драматычнага тэатра і кіно” (курс народнага артыста БССР Канстанціна Саннікава). Працуе ў тэатры з 1957 года.

У 1984 годзе за ўдзел у радыёспектаклях «Рыбакова хата» Я.Коласа і «Хамуціус» А.Куляшова ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі.

Фота Уладзіміра КРУКА.

 

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".