Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:36 14 верасня 2016
24
Памер шрыфта

Сярэбраны прызёр Гульняў-2016 па вольнай барацьбе Марыя МАМАШУК распавяла “Народнай Волі” пра шлях да алімпійскага медаля праз сінякі, пра дзявочыя слёзы і жаданне займець сваё жыллё.

Усе мы ў гэтым жыцці спадзяёмся на лепшае. Але не ўсё здараецца так, як жадаем. Хіба не хацела Маша Мамашук перамагчы ў фінале японку Рысаку Каваі? Яшчэ як хацела! Не атрымалася, але ж жыццё на гэтым не заканчваецца…

– Зараз ужо крыху адышла ад той паразы, – кажа Марыя. – Хаця заўсёды крыўдна спыніцца ў кроку ад золата.

– Як праводзіце вольны час пасля Алімпіяды?

– Калі шчыра, то яго не так і шмат. З усімі трэба сустрэцца, усе хочуць пагаварыць, павіншаваць… Цэлы дзень – у руху.

– А перш-наперш пасля вяртання дадому куды накіраваліся?

– Перш-наперш я добра выспалася пасля доўгага пералёту з Бразіліі і змены часавых паясоў. А затым паехала да мамы ў пасёлак Зябраўка Гомельскай вобласці.

– Мама падрыхтавала вашы любімыя блінчыкі з кампотам?

– О, гэта і на самай справе для мяне – далікатэсы, і мама ведае, чым парадаваць. Праўда, кампот чамусьці не зрабіла, а вось блінчыкі і яблычны пірог мне забяспечыла. Ведаю, што вельмі моцна за мяне перажывала. Хаця і падтрымлівалі з ёй сувязь, але моцна яна мяне не турбавала падчас спаборніцтваў. Радавалася за мой сярэбраны медаль, на птушкафабрыцы, дзе працуе, яе таксама павіншавалі. І нават мяне, калі прыехала дадому, туды запрасілі і далі падарунак.

– Курэй-нясушак і пеўня?

– Да курэй справа не дайшла, а вось кветкі і кававарку атрымала.

– Ваша мама, наколькі вядома, у свой час вельмі рашуча выступала супраць таго, каб дачка займалася вольнай барацьбой.

– Мама ёсць мама. Напэўна, у яе тады таксама склаўся стэрэатып, што барацьба – не для дзяўчынкі. Тым больш што ў секцыі з дзяўчат была толькі я адна. Усе астатнія – хлопцы. Але нічога, з часам усе прызвычаіліся. Ды і трэнер сваё важкае слова сказаў: маўляў, Маша – перспектыўная, з яе можа атрымацца толк. І мама змірылася.

– Самі вы таксама лічыце нармальнай з’явай, калі дзяўчына займаецца мужчынскім відам спорту?

– На вуліцы – XXI стагоддзе. Што, мы сёння будзем падзяляць віды спорту на мужчынскія і жаночыя? Паглядзіце, як дзяўчаты гуляюць у амерыканскі футбол, колькі там сутычак! Пасля гэтага вольная барацьба вам падасца мастацкай гімнастыкай. І да таго ж мне падабаецца тое, чым займаюся. Тым больш што жаночая барацьба становіцца ўсё больш папулярнай у свеце.

– Што прыгожага, калі пасля трэніровак ды спаборніцтваў усё цела, напэўна, у сіняках?

– Не без гэтага, але пасля доўгіх трэніровак да ўсяго прызвычайваешся.  Да слова, мне яшчэ ў дзяцінстве даводзілася ўступаць у бойкі з хлопцамі, таму тут нічога незвычайнага няма.

– Мама адна вас выхоўвала…

– Так, але я ёй асабліва не скардзілася. Аднойчы яна  сказала мне: “Разбірайся сама, калі такі ўжо ў цябе характар”. Пасля гэтых слоў мой чарговы сіняк ці адарваны рукаў проста канстатаваўся як факт. Не больш за тое. Але, як бачым, усё скончылася алімпійскім медалём.

– А як вучылася прызёрка Алімпіяды?

– Не скажу, што вельмі добра, але ў адказныя моманты даводзілася сціскаць волю ў кулак і знаходзіць час не толькі на трэніроўкі і спаборніцтвы, але і на вучэбныя дапаможнікі.  Любы спартсмен вам скажа, як цяжка сумяшчаць дзве справы.

– На чэмпіянаце Еўропы ў 2014 годзе вы выступалі ў вагавай катэгорыі да 63 кілаграмаў, а сёлета выйгралі Еўра ў катэгорыі да 69 кілаграмаў…

– Перад Алімпіядай еўрапейскае першынство не мела вялікага значэння, а таму і вырашыла перайсці ў іншую катэгорыю, каб не “ганяць” вагу. А ўвогуле, трымаць вагу – гэта даволі складана, тут цэлая навука. Трэба прыслухоўвацца да ўласнага арганізма, карэкціраваць харчаванне. Некаторыя спартсмены па 3–5 кгза два дні скідваюць, але гэта не вельмі добра. Трэба ўсё рабіць паступова, нечым ахвяраваць. Хаця салодкае – мая слабасць.

– Дык прыслухаліся б да арганізма, пакуль трэнер не бачыць.

– Абмежаванні ж не трэнеру, а ў першую чаргу мне патрэбны. А настаўнік можа і так сказаць: “Еш, што хочаш, але затым табе выходзіць на дыван і змагацца”. Зрэшты, я магу сабе раз-пораз крыху дазволіць нешта забароненае. Тым больш што салодкае добра дапамагае ад дэпрэсіі.

– Дзяўчаты любяць не толькі салодкае, але і паплакаць, калі нешта не атрымліваецца. Гэта пра вас?

– Пасля паражэння ў алімпійскім фінале я, безумоўна, дала волю эмоцыям, бо і на самай справе крыўдна было да слёз.  Хаця і разумела, што слёзы ўжо нічым не дапамогуць.

–  Ваш хлопец падтрымаў у складаны момант?

– Безумоўна, ён ведае, як я рыхтавалася да Гульняў, колькі працы было. Казаў: “Ты і так для мяне самая лепшая”. Дарэчы, ён таксама барэц.

– Алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце збіраецца ажаніцца з батуцісткай Ганнай Гарчанок, рыхтуюцца да шлюбу плыўцы Яўген Цуркін і Аляксандра Герасіменя. Магчыма, у хуткім часе чакаецца вяселле і барцоўскай пары?

– Можа, і чакаецца, але ў гэтым плане канкрэтыкі пакуль няма. Час пакажа.

– Якраз да месца прыйдуцца і прызавыя за сярэбраны медаль – 75 тысяч долараў…

– Можа быць, буду ўкладваць іх у будаўніцтва кватэры, хаця спадзяюся, што тут і кіраўніцтва Гомельскай вобласці дапаможа. А пакуль у Гомелі даводзіцца здымаць жыллё.

КАМЕНТАРЫЙ ТРЭНЕРА

Сяргей СМАЛЬ:

– Пасля паражэння Машы ў фінале я быў проста раз’юшаны, бо ведаў, на што спартсменка здольная, і бачыў, што яна паказала. Няхай супакоіцца, адпачне, а далей будзем усё аналізаваць і рабіць высновы. Зразумела, што і срэбра – гэта добра, але без эмоцый назіраць, як прайграе твая вучаніца, я не магу.

– Марыя збіраецца зараз у адпачынак. А вы дзе плануеце адыходзіць ад алімпійскіх эмоцый?

– На 3–4 дні з’еду на Днепр на рыбалку, каб ніхто мяне не бачыў і не чуў. І каб я нікога не бачыў. На прыродзе лепш за ўсё можна супакоіцца ад перажыванняў, а ў дадатак і пачаставацца свежай рыбай. Мой рэкорд, дарэчы, лешч на 4 кілаграмы. Не алімпійскі рэкорд, але вынік, думаю, прыстойны…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Некоторые не знают, что в феврале будут выборы!»

Как белорусы реагируют на просьбу поставить подпись за выдвижение кандидата в депутаты?

Хто і куды ідзе з апазыцыі на мясцовых выбарах

10 сьнежня пачалося вылучэньне кандыдатаў на выбары мясцовых саветаў 18 лютага 2018 году.

Хоккеисты «Динамо-Минск» одолели «Слован» и прервали серию из четырех поражений в КХЛ

Новости Беларуси. Минское «Динамо» вечером 11 декабря принимало в рамках континентальной хоккейной лиги «Слован» из Братиславы, сообщили в программе «СТВ-Спорт».