Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

11:53 26 мая 2017
15
Памер шрыфта

Вядомая беларуская марафонка распавяла “Народнай Волі” пра тое, чаму для яе марафон як наркотык.

Днямі выхаванка прафсаюзнай спортшколы Марына ДАМАНЦЭВІЧ выйграла ультрамарафон “Два акіяны” працягласцю 56 кіламетраў! Спаборніцтвы праходзілі ў паўднёваафрыканскім Кейптауне. Траса перасякала паўвостраў, што падзяляе Індыйскі і Атлантычны акіяны, новапалачанка пераадолела яе за 3 гадзіны і 37 хвілін.

–  Вось усе здзіўляюцца: “Як гэта наогул можна прабегчы больш за паўсотню кіламетраў?” – кажа спартсменка. – Але для мяне 56 кіламетраў – звычайная справа, нават не самая вялікая дыстанцыя. У звычайным марафоне траса – каля 42 кіламетраў, а тут – усяго на 14 кіламетраў больш. Тым больш што да ультрамарафону я спецыяльна рыхтавалася амаль тры месяцы.

Але не буду фанабэрыцца і казаць, што ў Кейптауне было ўсё так лёгка. Сама траса досыць складаная. У двух месцах трэба было па пяць кіламетраў пад гару бегчы, таму пасля таго, як ужо прабегла 40 км, браць гэтыя вышыні было няпроста. Без спецыяльнай падрыхтоўкі не кожны і адужыць. Увогуле, у нас кажуць так: у традыцыйным марафоне сапраўдная барацьба пачынаецца пасля 37 кіламетраў, на ультраспаборніцтвах – пасля 50 кіламетраў. Але ж бяжыш і церпіш.

– А як атрымалася, што вы паваліліся на старце?

– Я была ў першых шэрагах марафонцаў, і, калі пачаўся старт, мабыць, нехта падштурхнуў у спіну. Можа, і не наўмысна, там жа вельмі шмат удзельнікаў. Павалілася, падрапала сабе калені і локці… Каля хвіліны ляжала на асфальце і нават падняцца не магла, бо праз мяне скакалі нечыя ногі. А некаторыя скакалі і па мне, бо ў 6.40 раніцы было яшчэ цёмна і мяне проста не заўважалі. Добра, што нейкі хлопец за руку выцягнуў, дапамог падняцца. Ачомалася і пабегла. У цемры нават не ведала, на якім месцы знаходжуся – ззаду альбо ў лідарах. І толькі на 17-м кіламетры нехта крыкнуў мне, што я – першая.

– Мясцовы клімат вам не перашкаджаў?

– Нам пашэнціла з надвор’ем. Беглі недзе пры плюс 18 градусах, а сонца пачало прыпякаць ужо на фінішы. Да таго ж і гара хавала сонечныя прамяні, таму выступаць было досыць камфортна. А вось калі б беглі на наступны дзень, то для марафонцаў быў бы “падарунак” ад нябеснай канцылярыі – сонца пякло па поўнай праграме.

– Вы ў нечым абмяжоўваеце сябе, калі рыхтуецеся да такіх складаных стартаў?

– Уся падрыхтоўка ідзе за некалькі месяцаў да спаборніцтваў. А за тыдзень да марафону проста псіхалагічна настройваеш сябе і прытрымліваешся традыцыйнага правіла – не есці тлустае. Перад стартам звычайна п’еш салодкую гарбату, з’ясі кавалачак батона з джэмам, банан… Увогуле, для вынослівасці арганізму патрэбны вугляводы.

Дарэчы, у Кейптауне ўсіх спартсменаў паднялі ў тры гадзіны ночы. У 3.30 быў сняданак, а сам марафон пачаўся ў 6.40 раніцы.

– А падчас марафонскай дыстанцыі вас падкормліваюць?

– Так, можна і вады папіць, і той жа банан з’есці. Хаця я, як прафесіянал, у час спаборніцтваў не ем наогул. На трасе ў нас ёсць заўсёды ўласныя столікі са сваім адмысловым спартыўным напіткам, толькі гэта і дазваляю. А калі яшчэ выдаткоўваць час на тое, каб спыняцца і паесці, то тады пра перамогі не варта і марыць. Я ж за тысячы кіламетраў не есці ляцела. Безумоўна, калі ў марафоне ўдзельнічае аматар, то яму ўсё роўна, якім ён прыбяжыць на фініш. Можа нават спыніцца, добра паесці і сказаць арганізатарам “дзякуй” і “да пабачэння”. Паеў нармальна – ужо не дарэмна выйшаў на старт. А ў прафесіяналаў свае правілы.

– Вы беглі 56 кіламетраў больш за тры з паловай гадзіны. За гэты час можна і пра жыццё падумаць…

– Шчыра кажучы, калі бегла, то ўсё думала: “Як там мая 9-гадовая дачка ў Наваполацку, якая маму ўжо тры месяцы не бачыла?” Увогуле, усе думкі звычайна пра дыстанцыю, кіламетры, сапернікаў… А калі на фініш прыбягаеш, то здараецца, што і не ўспомніш, што там у галаву лезла падчас дыстанцыі.

– Можа, і дачка пасля матуліных перамог таксама падасца ў марафон?

– Не думаю, але сям’я ў нас і так спартыўная. Тата  займаўся гандболам, ён ростам больш за 2 метры. І паколькі па гэтых паказчыках дачка пайшла ў яго, то яна вырашыла  займацца валейболам.

– Марына, але для жанчыны марафон, напэўна, даволі складаны від спорту. Ці гэта меркаванне дылетанта?

– Ведаеце, калі прафесійна займаешся, то нічога складанага няма. Што тычыцца фізічных нагрузак, то да ўсяго ж прызвычайваешся. І ўжо жыць без гэтага не можаш. Марафон – гэта як наркотык. Нават “ламае” арганізм, калі перастаеш трэніравацца. А пабегаеш – і настрой з’яўляецца, і радасць у вачах.

– Марафон – гэта ваша прафесія? Зарабляеце на гэтым?

– Афіцыйна я працую трэнерам па лёгкай атлетыцы ў прафсаюзнай спартыўнай школе, але, напрыклад, той жа ультрамарафон “Два акіяны”– гэта камерцыйнае спаборніцтва. За перамогу арганізатары плацяць 18 тысяч долараў, хаця з гэтага даводзіцца яшчэ заплаціць падатак. У Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ён складае 30 працэнтаў ад прэміяльных. А ўвогуле, ёсць розныя старты, розныя прызавыя… Да таго ж усё залежыць ад таго, як выступіш.

– З такімі здольнасцямі вам у родным горадзе гарадскім транспартам можна і не карыстацца. Колькі таго Наваполацка ў шырыню…

– А я транспартам практычна і не карыстаюся. У Полацк магу збегаць, а ў магазін альбо ў іншае месца стараюся ездзіць на веласіпедзе.

– Пакуль “завязваць” з марафонам не збіраецеся?

– Прафесійныя марафонцы бегаюць дыстанцыі і ў 40-гадовым узросце і ў больш сталым. Я ведаю некаторых спартсменак, якія ўжо бабулямі сталі, а ўсё працягваюць выступаць на спаборніцтвах. Усё залежыць ад таго, як здароўе дазваляе. Ёсць здароўе – чаму б і не прабегчы 56 кіламетраў?

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".