Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Жыхары вёскі Стараград Кармянскага раёна, а таксама насельнікі некаторых іншых вёсак Гомельшчыны і Магілёўшчыны падрыхтавалі калектыўны зварот да Аляксандра Лукашэнкі: “На нарадзе Вы далі даручэнне старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёну Шапіру схадзіць у сінагогу і папрасіць дажджу. Ён Ваша даручэнне выканаў, і дажджы ў Мінску прайшлі. У нас жа працяглы час дажджоў няма, і мы лічым гэта дыскрымінацыяй – чаму Вы іх у нас не заказалі?”
6:00 3 лiпеня 2015
3
Памер шрыфта

Бядуе ўвесь вясковы люд:

Адна, агульная турбота

(А для кагось і шмат пакут),

Бо на дварэ стаіць спякота.

Пажоўклі кукуруза, лён,

Пасохлі і ячмень, і жыта,

Завяла сеянка…

Праклён

Хтось на людзей наслаў нібыта.

І як жа рады даць бядзе?

Калі не будзе навальніцы,

Дык праца марна прападзе –

Выкладвай зубы на паліцы.

Шаптала зранку да начы

Замовы слынная шаптуха,

Ды не змагла дапамагчы:

З нябёс – ніводнай кроплі. Суха.

І поп, і вернікі ў царкве

Свае малітвы слалі ў Неба: 

Няхай прырода ажыве!

Дарэмна. Перасмягла глеба.

Мясцовы нейкі гумарыст

Прапанаваў праект цікавы: 

– Давайце мы напішам ліст

Ажно кіраўніку дзяржавы!

Ён, калі трэба грамадзе,

Праблему вырашыць любую.

Дождж цэлы месяц не ідзе?

Няхай Шапіру патурбуе…

Лухту, вядома, блазан нёс

(Ён нават у бядзе жартуе),

Аднак жа ўспрынялі ўсур’ёз

Вяскоўцы прапанову тую.

Знайшлі настаўніка Кузьму

(Што грамацей ён – знае ўсякі)

І сталі дыктаваць яму,

Як запарожскія казакі:

“Шаноўны Бацька! Выбачай,

Што адрываем ад работы…

Ды гора ў вёсцы: ураджай

Загінуць можа ад спякоты.

Мы і маліліся, ды Бог 

З нябёсаў не паслаў нічога –

Ці нас не ўважыў, ці не змог…

Аднак жа ты вышэй за Бога!

Не дакучалі б, ягамосць,

Табе самому, скажам шчыра,

Але для гэтай справы ёсць

Начальнік абласны Шапіра.

Яму ты ў спёку загадаў

У сінагозе памаліцца,

І з неба хлынула вада –

“Ледзь не ўтапілася” сталіца.

Няхай яшчэ схадзіў бы раз

Шапіра гэты ў сінагогу

І памаліўся там для нас

Свайму (бо ён спагадны) Богу…”

Павінны ведаць кіраўнік

Пра ўсё, што дзеецца 

ў дзяржаве.

І ліст – аб дапамозе крык –

Яму прынеслі неўзабаве.

Вядома гэта й гламаздзе:

Усім наш Бацька дагаджае,

Тым больш калі размова йдзе 

Аб малаку або ўраджаі.

І пазваніў Шапіру ён:

– Каб не застаўся люд 

без хлеба,

У сінагогу зноў, Сямён,

Схадзіць і памаліцца трэба.

Ніяк не запярэчыш тут,

Бо на расправу Бацька скоры.

Шапіра пагартаў Талмуд,

Перачытаў малітвы ў Торы…

Зварот да Бога плён прынёс,

І апраўдаліся спадзевы:

На вёску ў той жа дзень з нябёс

Такія хлынулі залевы!

Усім вяскоўцам у мазгі

Няўзнак закралася выснова:

Хрыстос, Алах – дарма багі,

І Буда, пэўна, неблагі,

Ды самы лепшы – Іегова!

* * *

Паўсюль чакаецца сухмень,

Што выклікае ў нас трывогу…

Дык давядзецца кожны дзень

Хадзіць Шапіру ў сінагогу.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.