Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 29 снежня 2016
109
Памер шрыфта

Пагоня

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах, –

Ўспомню Вострую Браму сьвятую

I ваякаў па грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, –

Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце,

А за вамі, прад вамі – гады.

Вы за кім у пагоню сьпяшыце?

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся

За тваімі дзяцьмі уздагон,

Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!

Не усьцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

Санет

Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;

Твая пара, зімовая нуда!

Цяпер няма ўжо руху ні сляда,

I нават зверху слоем снег лажыцца.

Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца

Магутная, жывучая вада.

Чакай! Яе йшчэ прыйдзе чарада!

Здалее хваляў хор на вольны свет прабіцца.

Прыклаў я гэты сімвал да сябе,

Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,

I разгадаў прыроды роднай словы.

Як – прамаўчу, бо кожны з вас – паэт.

Рассейце ж самі лёгкі змрок прамовы,

Сваёй душы туды праліце свет!

Беларусь, твой народ дачакаецца…

***

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётных агня….

***

Досі ўжо, браты чужынцам мы служылі,

Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;

Не сваю – чужую долю баранілі,

Пад чужымі сцягамі ўміралі.

***

Ты не згаснеш, ясная зараначка,

Ты яшчэ асвеціш родны край.

Беларусь мая! Краіна-браначка!

Ўстань,свабодны шлях сабе шукай.

Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

А за сцяной смяецца поле,

Зіяе неба з-за акна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расцвіла вясна;

Дзе блішча збожжа ў яснай далі,

Сінеюць міла васількі,

Халодным срэбрам ззяюць хвалі

Між гор ліючайся ракі;

Цямнее край зубчаты бора…

І тчэ, забыўшыся, рука,

Заміж персідскага узора,

Цвяток радзімы васілька.

ВАС ЦІКАВІЦЬ…

Ці будзе “Трайпл” аднаўляць дом Багдановіча?

Не так даўно недзе краем вуха пачуў, быццам кампанія “Трайпл” паабяцала аднавіць дом Багдановіча ў Мінску. Ці сапраўды гэта так?

Валерыя ПЯТРОВІЧ, Мінск.

Сапраўды, некаторыя сайты на пачатку снежня паведамілі такую навіну. Але сёння ў кампаніі “Трайпл” кажуць, што домам Багдановіча яны займацца не будуць і ніякімі праектамі з гэтай нагоды не займаюцца. “Упершыню пра гэта чую, шчыра кажучы”, – сказаў Народнай Волі” дырэктар службы заказчыка “Трайпл” Дзмітрый Сяргееў.

Варта адзначыць, што аднаўленне дома Багдановіча – далёка не новы праект. Ён быў распрацаваны амаль 20 год таму, ідэя ж гучала аж з 1980 гадоў.

Дом меркавалася аднавіць ля вуліцы Аляксандраўскай на Траецкай гары на 120-годдзе паэта. Але жыхары чатырох дамоў выступілі на тагачасным грамадскім абмеркаванні супраць праекта. Замест яго «Трайпл» збудаваў у тым раёне так званы «Дом Чыжа».

Максім Багдановіч жыў у тым доме нядоўга, крыху больш за паўгода, амаль усё жыццё ён правёў далёка ад малой радзімы. У доме на першым паверсе была школа (у адноўленым доме таксама планавалі адкрыць школу ці цэнтр дзіцячай творчасці), на другім – кватэры настаўнікаў, у тым ліку бацькі Багдановіча, які тады выконваў абавязкі загадчыка Першай мінскай прыходскай вучэльні. Частка дома згарэла ў час Другой сусветнай вайны, а што не згарэла – разбурылі ў 1960-я гады.

У Мінску цяпер ёсць «Беларуская хатка» – філіял музея Багдановіча ў доме, дзе паэт жыў у 25 год і дзе напісаў у тым ліку верш «Пагоня». Асноўны будынак музея – у Траецкім прадмесці. Недалёка ад музея, па левы бок Опернага тэатра, стаіць помнік Багдановічу.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".