Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:34 13 верасня 2016
11
Памер шрыфта

Колькасць вучняў, якія будуць навучацца па-беларуску ў Магілёве, павялічылася ажно ў тры разы! Праўда, радавацца не выпадае. Летась на роднай мове вучылася толькі шасцікласніца 1-й магілёўскай школы Ялінка Салаўёва. Летам, як і ў мінулыя гады, дзяўчынка дапамагала бацькам расклейваць абвесткі, каб знайсці сабе аднакласнікаў. Але на іх ніхто так і не адгукнуўся.

Яшчэ вясной было аб’яўлена, што класы з навучаннем па-беларуску будуць набіраць у дзвюх школах: згаданай 1-й, што знаходзіцца ў цэнтры горада, а таксама ў 34-й, што месціцца ў магілёўскім Задняпроўі. У выніку жадаючых амаль не знайшлося. Толькі ў школе №34 адкрыўся беларускамоўны клас, дзе пакуль усяго дзве вучаніцы – Таццяна Турандзіна і Эвеліна Самойленка. Ва ўсім горадзе, насельніцтва якога складае 378 тысяч чалавек (трэці паказчык у Беларусі пасля Мінска і Гомеля), знайшліся тры сям’і, якія хочуць, каб іх дзеці валодалі роднай мовай.

“Народная Воля” вырашыла пацікавіцца ў кіраўнікоў грамадскіх арганізацый і партый, чаму яны не адпраўляюць у Магілёў свой дэсант для агітацыі? Магчыма, сябры гэтых арганізацый пераканалі б мясцовых бацькоў аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы? Згадзіцеся, гэта ж вялікая бяда, калі ў абласным цэнтры нельга знайсці 25–30 дзетак для навучання на нацыянальнай мове!

Старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” Алег Трусаў лічыць пытанне недарэчным. Паводле яго слоў, адкрыццём класа ўсё лета якраз займалася магілёўская арганізацыя ТБМ. Таму адпраўляць з Мінска іншых актывістаў не было ніякай патрэбы. У той жа час ён не тлумачыць, чаму так дрэнна спрацавалі мясцовыя актывісты. І наогул, у чым заключалася іх праца? Ці не адбывалася ўсё на ўзроўні балбатні?

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі – БНФ Юрась Беленькі мяркуе, што ў глабальным сэнсе пытанне правамернае, але сфармулявана не зусім карэктна. “Цягам усёй нашай дзейнасці мы выступаем за вяртанне да беларускасці, беларускай мовы і культуры. Гэтага нельга не пабачыць. На гэтым фоне пераход на дробныя выпадкі выглядае ёрніцтвам. Усё даўно сказана і ўсім даведзена”, – лічыць палітык.

Як бачым, адказ Ю.Беленькага носіць дэмагагічны характар. Як і А.Трусаў, ён нічога канкрэтнага не сказаў. Ствараецца ўражанне, што ні сам Беленькі, ні яго сябры па партыі “магілёўскім пытаннем” па вялікім рахунку не займаліся.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, адзначыў, што яго паплечнікі якраз агітавалі за арганізацыю беларускамоўнага класа разам з ТБМ. “І яны, і я асабіста распаўсюджвалі пра гэта інфармацыю. У тым ліку ў сацыяльных сетках”, – кажа палітык.

Так, магчыма, нейкая інфармацыя і была. Але няўжо ж спадару Рымашэўскаму не зразумела, што ніякая абвестка не заменіць работу з бацькамі, як кажуць, з вока на вока. Што, сярод прыхільнікаў хрысціянскай дэмакратыі няма бацькоў, дзеці якіх маглі б вучыцца ў беларускамоўных класах? А хто канкрэтна працаваў з імі і іншымі бацькамі? Пра гэта – ні слова.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька акцэнтуе ўвагу на іншай акалічнасці. “Зараз ідзе выбарчая кампанія, – каментуе Лябедзька. – Нашы кандыдаты ясна выказваюць сваю пазіцыю адносна беларускай мовы і культуры. Гэта дазваляе ахапіць праблему ва ўсёй краіне, а не канцэнтравацца толькі на адным рэгіёне”.

Пры чым тут адзін рэгіён? У рэшце рэшт, калі б Магілёў стаў прыкладам стварэння і напаўнення беларускамоўных класаў – ці ж гэта не перадалося б іншым гарадам? Толькі без актыўнай грамадзянскай супольнасці тут не абысціся.

Што тычыцца Партыі БНФ, дык Зміцер Салаўёў, бацька Ялінкі, якраз з’яўляецца сябрам абласной арганізацыі гэтай партыі. Цяжка сказаць, якія акцыі на яе рахунку, хто з партыйцаў канкрэтна сустракаўся з бацькамі і чаму не ўдалося іх пераканаць (калі быў рэальны дыялог) у тым, што іх дзецям лепш было б вучыцца ў беларускамоўных класах. Дарэчы, ці ж у саміх сяброў Партыі БНФ няма дзяцей, для якіх роднае слова павінна стаць галоўным у жыцці? Гэтае ж пытанне адносіцца і да членаў іншых партый, а таксама грамадскіх арганізацый.

Натуральна, прычына такой магілёўскай пасіўнасці як у агульнай моўнай палітыцы, так і ў пазіцыі саміх бацькоў. Адносна першай Алег Трусаў сказаў “Народнай Волі”, што “пакуль не будзе нацыянальнага ўніверсітэта, пакуль у існуючых дзяржаўных універсітэтах беларускамоўных і рускамоўных патокаў не будзе пароўну, агітацыя за беларускамоўную школу будзе заставацца хобі айчынных патрыётаў”.

Спрэчнае меркаванне, ці не праўда? Перш чым ствараць нацыянальны ўніверсітэт, трэба паклапаціцца аб тым, хто ў ім будзе вучыцца. І не трэба заплюшчваць вочы на рэальную сітуацыю: у тым жа Магілёве ўлады адкрылі беларускамоўны клас, але падобна на тое, што палітычныя і грамадскія арганізацыі завалілі працу з бацькамі тых дзяцей, якія могуць навучацца ў іх.

Чатыры гады таму той жа Зміцер Салаўёў казаў “Народнай Волі”, што галоўная цяжкасць – “бацькоўскі менталітэт”. “Нямала было размоў на гэтую тэму, шмат хто з бацькоў падаваў заявы на навучанне дзяцей у беларускамоўным класе, – разважаў Салаўёў. – Але потым, калі даведваліся, што ў іх школе больш ніхто з бацькоў такога жадання не выказаў, адмаўляліся ад сваіх намераў. Звычайна кажуць: “Не, не хачу, каб дзіця было адно ў класе. Лепш няхай ходзіць разам з усімі дзецьмі, каб адчуваўся калектыў. Не хапала яшчэ адмоўных эмоцый”.

Усё гэта, магчыма, і так. Але факт застаецца фактам: пакуль свайго важкага слова не скажуць партыі, грамадскія арганізацыі, праблема не зрушыцца з месца. Нельга дапусціць, каб улады заявілі: “Вось бачыце, мы за тое, каб адкрываліся беларускамоўныя класы, але тыя, хто на словах за нацыянальнае адраджэнне, ухіліліся ад канкрэтнай работы з бацькамі дзяцей, якія могуць вучыцца ў іх”.

Аўтар: Вадзім БРОННІКАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Гавары праўду» правяла у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў

Зарэгістраваная ў якасці грамадскага аб'яднання кампанія "Гавары праўду" правяла 16 снежня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясц

Не очень смелые шаги к приватизации

Шаги властей по ускорению приватизационного процесса – это несомненно важный шаг и положительный сигнал для привлечения капитала в экономику.