Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 4 верасня 2016
10
Памер шрыфта

Асабіста для мяне Алімпіяда – гэта не ачкі, галы, секунды. Ну што з таго, што тытулаваны Усейн Болт прабег 200 метраў за 19,78 секунды, а цяпер ужо 23-разовы алімпійскі чэмпіён Майкл Фелпс праплыў 200-метроўку батэрфляем за 1.53,36? Прабег – і прабег, праплыў – і праплыў. Для мяне на першым месцы падчас Алімпійскіх гульняў – людзі. Спартсмены, у якіх я не бачу машыны па здабычы медалёў з каштоўнага металу. Трэнеры, якія сціпла знаходзяцца на другім плане, але часам выходзяць і на авансцэну. Спартыўныя чыноўнікі, паводзіны якіх падчас такіх адказных спаборніцтваў могуць сказаць больш пра чалавека, чым некалькі гадоў яго працы ў кабінетным крэсле. Алімпіяда і тое, што адбываецца пасля яе завяршэння, – лакмусавая паперка, якая паказвае, хто і чаго варты. Хто – асоба, а хто  – звычайны балбатун. З кім пайшоў бы ў разведку, а каго лепш наогул абысці.

Вось, напрыклад, дрэнна выступілі ў Бразіліі беларускія плыўцы. Не паказалі нават тых вынікаў, што паказвалі да Алімпіяды. Не пайшло на першых стартах і ў Аляксандры Герасімені. Што робіць трэнер Дзмітрый Манцэвіч? Не прымае удар на сябе, а займае пазіцыю “мая хата з краю”, заяўляючы, што “перад Алімпіядай спартсмены прынялі рашэнне рыхтавацца самастойна”. Так паступае нармальны мужчына і трэнер? Дарэчы, Саша пасля гэтага заваявала “бронзу” і шчыра выказалася з вышэйназванай нагоды: “Гэта крывадушнасць! Не паважаю за гэта людзей”.

Парадаваліся беларусы і за 28-гадовага шматборца Аляксандра Лесуна, які нарадзіўся ў Барысаве, але залаты медаль прынёс зборнай Расіі.

“У Беларусі мне сказалі, што я не маю права займацца спортам па стане здароўя, – распавёў пасля перамогі спартсмен. – Праўда, у Маскве мяне абследавалі ў пяці клініках і ні ў адной не знайшлі праблемы, пра якую казалі беларусы. А ўвогуле, у беларускай камандзе былі тры чалавекі, якія займаліся ў майго настаўніка, і адзін – у галоўнага трэнера. Калі гэты спартсмен губляў месца ў ёй, сваёй пасады пазбаўляўся і трэнер. Дапусціць такой сітуацыі ён не хацеў і рабіў усё, каб я не трапіў у асноўны склад… У маім выпадку справа ў грашах: трэнер не хацеў іх губляць і проста не дапускаў у каманду спартсмена, які займаўся ў іншага настаўніка”.

Не хачу сцвярджаць, што ў словах шматборца – стопрацэнтная праўда, але ж, напэўна, не можа быць і дыму без агню. Бо як тады пасля змены грамадзянства Аляксандр Лясун, які “не меў права займацца спортам па стане здароўя”, стаў чатырохразовым чэмпіёнам свету, трохразовым чэмпіёнам Еўропы і алімпійскім чэмпіёнам? Гэта сюжэт, які мае права нават на экранізацыю! Трохкутнік: спартсмен–трэнер–грошы. Пра спорт ужо ніхто і не ўспомніць.

А хіба не драматычна разгортваліся падзеі для беларускага барца, бронзавага прызёра Алімпіяды 2000 года Дзмітрыя Дзябелкі? Арганізм спартсмена проста не вытрымаў трэніровачныя нагрузкі. Праз нейкі час урачы паставілі страшны дыягназ – гломеруланефрыт (адно з самых агрэсіўных захворванняў нырак). Тры разы на тыдзень – кропельніцы. Амаль тры гады змагання за жыццё практычна ў адзіноце, пры падтрымцы блізкіх. За той час, што Дзіма змагаўся, у асобных спартыўных чыноўнікаў як быццам памяць знікла, і яны, бы тыя страусы, дружна закапалі галовы ў пясок, забыўшы і пра былыя дасягненні спартсмена, і пра яго цяжкае становішча. Быў нават выпадак, калі Дзмітрый звярнуўся з просьбай аб дапамозе да аднаго адказнага работніка Федэрацыі барацьбы. Той выслухаў, а затым як плюнуў: “Як ты ўжо задаўбаў!”

Гісторыя алімпійца Дзмітрыя Дзябелкі мела шчаслівы працяг. Пасля рэзанансу ў СМІ спартыўныя чыноўнікі заварушыліся, дапамаглі, спартсмену зрабілі перасадку ныркі. Але колькі чалавеку і яго сям’і давялося перажыць?! Варты гэтага быў алімпійскі медаль?

Таму ачкі, галы, секунды – гэта не галоўнае. Сёння яны адны, а заўтра будуць іншыя. Як мне падаецца, галоўнае – каб людзі заставаліся людзьмі. Што ў жыцці,  што ў спорце. Вось гэта – дасягненне самай высокай пробы…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: КГБ пресек получение крупнейшей в истории Беларуси взятки в размере $5 млн.

В последние годы общими усилиями компетентных служб коррупцию удалось обуздать, однако о ликвидации негативных явлений еще говорить не приходится. Об этом Александр Лукашенко заявил 15 декабря на торж

Меркель и Макрон намерены реформировать еврозону

Германия и Франция намерены в 2018 году существенно продвинуться на пути реформирования еврозоны.

Анатоль Лябедзька аштрафаваны за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны, сведка-міліцыянер прыгразіў яшчэ адным судом

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 15 снежня аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1.150 рублёў) за збор подпісаў у падтрымку адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова, якую супра