Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 15 чэрвеня 2017
144
Памер шрыфта

Такую прапанову нядаўна агучыў былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў на адным публічным мерапрыемстве.

“Разам з папраўкамі ў выбарчае заканадаўства для стварэння спрыяльнай атмасферы выбараў неабходна змяніць склад Цэнтрвыбаркама і ўсіх выбарчых камісій, – заявіў Пастухоў. – На мой погляд, усе члены Цэнтрвыбаркама і старшыня павінны прызначацца парламентам па рэкамендацыі палітычных партый».

«Народная Воля» пацікавілася, што думаюць пра ініцыятыву Міхаіла Пастухова іншыя грамадска-палітычныя дзеячы.

Валянціна БОЛБАТ, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Жаночая альтэрнатыва”:

– Абсалютна згодна з прапановай! Мне падаецца, гэта дасць магчымасць і палітычным партыям быць больш запатрабаванымі. І наяўнасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў палітычных партый – гэта крок да дэмакратызацыі выбарчага працэсу.

Павел ВІНАГРАДАЎ, грамадскі актывіст:

– Я не кампетэнтны ў пытанні, якім чынам трэба абіраць старшыню і членаў Цэнтрвыбаркама. Але стопрацэнтна згодны з тым, што спадарыню Ярмошыну даўно трэба папрасіць з пасады. У яе выдатны сын, вялікі і прыгожы дом – жыві і радуйся, кветкамі любуйся! Альбо ў Парыж яна марыла паехаць. Харошы горад, праўда, дарагі. Але з грашыма, я так разумею, у яе праблем няма…

Юрый ГУБАРЭВІЧ, старшыня праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Рух «За Свабоду»:

– Думаю, гэта слушная ініцыятыва. Мусіць існаваць нейкі дэмакратычны механізм прызначэння кіраўніка Цэнтрвыбаркама з улікам меркаванняў не толькі тых, хто знаходзіцца пры ўладзе. Гэта створыць магчымасці для аб’ектыўнай працы Цэнтрвыбаркама і здыме тыя прэтэнзіі, якія выказваюцца зараз на адрас той жа Ярмошынай. Ці магчыма гэта зрабіць? Канешне, усё залежыць ад таго, наколькі Аляксандр Лукашэнка гатовы пайсці на змену заканадаўства дзеля нацыянальнага кансэнсусу.

Алег ГУЛАК, старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”:

– Мне падаецца, што гэта несур’ёзна. Тут няма чаго каментаваць. Канешне, выбары – гэта тая сфера, якая патрабуе сур’ёзнага рэфармавання. Але ідэя, з якой носіцца амаль уся наша партыйная тусоўка, – “Свабодныя выбары – пачатак перамен” – не вытрымлівае ніякай крытыкі. Таму што свабоднымі выбарамі, на мой погляд, усё якраз заканчваецца. У нас вельмі шмат пытанняў, якія павінны быць вырашаны да таго, як нейкім плюралістычным чынам сфарміраваць Цэнтрвыбаркам.

20 гадоў наша апазіцыя нешта гаворыць, абмяркоўвае. Прычым усё адно і тое ж! А калі пачнём рабіць высновы з усяго гэтага і займацца канкрэтнымі справамі? Можна фантазіраваць што заўгодна, але нельга палітыкам адрывацца ад рэальнага жыцця.

Валерый КАРБАЛЕВІЧ, палітолаг:

– Ініцыятыў розных у нас многа, у тым ліку і шматлікія спробы некага адправіць у адстаўку. Усё гэта, канешне, добра, але да нашай рэальнасці не мае ніякага дачынення.

За той час, што Ярмошына на пасадзе, змяніліся практычна ўсе высокія службовыя асобы. Прыходзілі новыя прэм’ер-міністры, старшыні КДБ і МУС, а старшыня Цэнтрвыбаркама заставалася ў сваім крэсле. Логіка тут простая: гэта своеасаблівы сігнал усім, што выбары будуць адбывацца па звыклым сцэнарыі. Як толькі прозвішча старшыні Цэнтрвыбаркама зменіцца, адразу з’явіцца нейкая надзея на перамены. Асабліва на фоне таго, што АБСЕ нейкія рэкамендацыі нам дае, ідзе няспынны дыялог з Захадам. Лідзія Ярмошына як тэрмометр, які інфармуе вертыкаль пра тое, што палітычнае надвор’е ў нашай краіне не змянілася…

Зміцер ДАШКЕВІЧ, лідар “Маладога фронту” (зарэгістраванага ў Чэхіі):

– Размаўляць сёння пра тое, што парламент зможа некага прызначыць па рэкамендацыях партый, – ну, гэта не ведаю нават, як назваць… Утопія. Ахінея. Як пра гэта ўвогуле можна разважаць сёння? І гэта тычыцца не толькі Ярмошынай, але і любога чыноўніка, адстаўкі якога мы можем сёння патрабаваць. Толькі пасля змястоўнай замены дзяржаўнага апарату Беларусь можа стаць іншай.

Уладзімір МАЦКЕВІЧ, філосаф, грамадска-палітычны дзеяч:

– Сама па сабе ідэя правільная, але толькі па-за беларускім кантэкстам. Тое, што прапануе Пастухоў, проста ламае тую жорсткую палітычную сістэму, якая працуе без збояў шмат гадоў. І Ярмошына ў гэтай сістэме на сваім месцы.

Мікалай УЛАХОВІЧ, кіраўнік Беларускай патрыятычнай партыі:

– Пакуль у нас не будзе змешанай выбарчай сістэмы, ніякіх перамен не будзе.

Увогуле, я лічу, што Цэнтрвыбаркам і тая ж Лідзія Ярмошына ніяк не ўплываюць на ход выбараў. Важна, канешне, як яны лічаць галасы. Але я вам даю гарантыю: калі б у народа было жаданне змяніць гэту ўладу, то ніякі Цэнтрвыбаркам з іх лічбамі не стаў бы перашкодай! Большасць людзей, мабыць, задавальняе тое, што ёсць.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.