Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

1:38 26 мая 2017
164
Памер шрыфта

З Алесем Камоцкім мы дамовіліся сустрэцца на вуліцы. Пазнала яго здалёк, і першае, пра што падумала: чаму творчых людзей так лёгка заўважыць у натоўпе?

Камоцкі тлумачыць: “Проста творчыя людзі натоўпам не ходзяць. Яны яго пазбягаюць. А тое, што выдзяляюцца, – то тут знешнасць не галоўнае. Галоўнае – як яе несці”.

Так пачынаецца наша размова пра жыццё з яго музыкай і паэзіяй. Гаворым пераважна пра творчасць слоўную. Бо што б там ні казалі і як бы ўпарта Алеся Камоцкага ні называлі бардам, спачатку ён – паэт. Гэта па-першае. Па-другое, зусім хутка выйдзе яго новы паэтычны зборнік пад назвай “Забірай маё лета”.

– Алесь, два гады вы нічога не выдавалі. Не зусім характэрная для вас паўза…

– Выдаваць не расхацелася. Проста не хочацца спяшацца. Кніжка мусіла выйсці яшчэ ў 2014 годзе, але перыядычна ўзнікалі розныя спрэчкі. Напрыклад, наконт памеру. Нарэшце прыйшлі да таго, што будзем рабіць кніжную мініяцюру. Каб у кішэню прасцей было пакласці. Неаднаразова змянялася і назва. Былі варыянты ад “Неяк так” да канчатковага “Забірай маё лета”. Аздобілі ўсё традыцыйна фотаздымкамі. Іх зрабіў Вадзім Грудзько. Думаю, што хутка гэта кніжка выйдзе.

– Назва кніжкі даволі лірычная. А змест?

– Там сабрана шмат рознага, ад маленькіх вершаў да вялікага перакладу “Прогласа да Евангелля” Канстанціна Філосафа. Ёсць, дарэчы, і пераклады песень, напрыклад – “Besame mucho” Кансуэлы Веласкес.

Раніца, смак пацалунка –

Помніш, як гэта калісьці было ўпершыню?

Хочацца заўтра прачнуцца

І, як учора, у вочы табе зазірнуць.

 

Памяць і мроя паціху яднаюцца,

Мары знаходзяць спакой,

Новыя дні як заўжды пачынаюцца,

Але ўжо не з табой.

Гэтыя восем радкоў я пісаў два месяцы. А вось пачыналася кніжка з верша, які ўзнік, як кажуць, на адным дыханні. Ехаў у электрычцы з Маладзечна ў Мінск…

На вуліцы быў панядзелак,

Душа ж вымагала суботы,

А дні мітусні не хацелі,

Марудна ішлі, неахвотна.

 

Было у жыцці няутульна

Ад вечара, ночы і лета,

Пад раніцу думкі заснулі,

Аўторак прыйшоў непрыкметна.

 

Жыццё не па-роўнаму дзеліць

То густа, то пуста, то смешна.

І што ў ім рабіў панядзелак?

Напэўна, усё перамешваў.

– Іосіф Бродскі неяк сказаў, што людзей, якія могуць адчуць усю прыгажосць паэзіі, адзін працэнт ад агульнай колькасці жыхароў на Зямлі. Згодны з такой арыфметыкай?

– Не да канца. Людзі па сваёй сутнасці вельмі паэтычныя істоты, але большасць з іх пра гэта нават не здагадваецца. Сёння адзінкі звяртаюць увагу на такія рэчы, як паэзія. Таму што ў нас спачатку вучаць дзяліць і множыць, і толькі потым – думаць, разважаць і адчуваць. Я перакананы, што ў выхаванні чалавека літаратура павінна займаць не ўмоўна, а напраўду першае месца.

– Вы нарадзіліся і адбыліся ў краіне, якой даўна няма на сусветнай мапе. Час быў спрэчны, але, магчыма, не самы горшы?

– Мне здаецца, што раней больш смела разважалі пра тое, што будзе. Цяпер у нас агульная няўпэўненасць наконт заўтрашняга дня і дзікае неразуменне ўчарашняга. Нешта сёння зламалася і ў нашых стасунках. Раней людзі былі ўсё ж такі больш чалавечнымі…

– Апошнім часам сярод вашых калег стала набіраць папулярнасць такая з’ява, як краўдфандынг. А ці магчыма, што Алесь Камоцкі таксама неўзабаве кіне кліч у інтэрнэце на збор сродкаў для запісу новага альбома?

– Мне элементарна не ўдасца арганізаваць такі працэс. Я пра гэта думаў яшчэ гадоў дваццаць таму, а пасля вырашыў, што ніхто мне нічога проста так не дасць, пазычыў грошы і выдаў свой першы альбом. А расказваць усім, які я бедны, гаротны і няшчасны… Навошта? Тым больш што некаторыя з тых людзей, якія гэтым займаюцца, могуць абсалютна спакойна заплаціць за ўсё з уласнай кішэні. Тут не столькі грошы патрэбны, колькі развіццё гэтай новай культуры самарэкламы праз прыгожае пабіральніцтва.

– Чаму апошнім часам вы сталі радзей рабіць сольныя канцэрты?

– Занудзіла выступаць у звыклым фармаце. Хочацца рабіць усё па-другому, але пакуль што няма разумення як. Апошнім часам захапіўся ірландскай музыкай. Праўда, я не выконваю балады ў аўтэнтычным выглядзе. Перакладаю, штосьці змяняю, магчыма, псую, але такім чынам раблю іх пад сябе. Атрымліваецца трошкі больш, чым проста прыгожая музыка і цікавыя словы. Там вельмі многа падтэкстаў, падсэнсаў. Трэба падрыхтаваць публіку да адчування новых нюансаў. Па-іншаму пакуль што не надта хочацца. А проста адыграць яшчэ адзін канцэрт, каб засвяціцца на публіцы? Мусіць, не варта…

– Як вам здаецца, талент – капрызная з’ява?

– Адзін вядомы ў нашай краіне чалавек аднойчы мне сказаў: “Я – паэт па натуры – мушу займацца адміністрацыйнай дзейнасцю”. Так ад яе ў сто разоў прасцей адмовіцца, чым дамагчыся гэтых пасад! Мне здаецца, што складанне, выкананне – гэта вельмі раўнівыя рэчы. Калі ты цалкам збіваешся на халтуру, яны ўвогуле могуць знікнуць. Згубіць і раскідаць вельмі нескладана. А вось на тое, каб стварыць нешта сапраўднае, могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі. Здараецца, канешне, што людзі робяць сабе кар’еру і на ўмела выкарыстанай чужой рэчы. Але гэта ўжо не паэзія, гэта з’ява больш палітычная і кан’юнктурная.

– Алесь, ваша новая кніжка называецца “Забірай маё лета”. А якое лета вы мелі на ўвазе – мінулае ці будучае?

– Канешне, мінулае. Таму што будучага я яшчэ не прыдумаў.

Паліна КРАМКО.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.