Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 чэрвеня 2017
28
Памер шрыфта

Дзед мінчанкі Ларысы Гайшун быў расстраляны ў 1938-м. Жанчыне спатрэбілася некалькі гадоў, каб хоць нешта даведацца пра яго жыццё і смерць.

– Яго закатавалі, калі майму бацьку было ўсяго 11 гадоў, – расказвае Ларыса Леанідаўна. – Калі я расла, тэма, звязаная са смерцю дзеда, увогуле ў нашай сям’і не ўздымалася. Праўду ведала толькі цётка мамы, але яна ніколі нічога пра гэта не распавядала. Адгукалася рэха сталінскага часу: страх, у якім яна жыла тады, настолькі глыбока адбіўся на свядомасці, што гэта прымушала яе да апошніх дзён жыцця захоўваць маўчанне.

– Ларыса Леанідаўна, а што падштурхнула вас узяцца за пошукі звестак пра дзядулю?

– Пагадзіцеся, абсалютна нармальна, калі людзі цікавяцца лёсам сваіх родных. Правільна кажуць, што без мінулага ў нацыі няма будучыні. Сотні тысяч беларускіх сем’яў згубілі сваіх блізкіх. Пакаленне 1930-х – быццам скошаная трава. Мы ведаем, што многія людзі былі, але не ведаем, што з імі сталася, дзе пахаваны іх парэшткі. Менавіта жаданне даведацца, дзе ж знаходзіцца дзедава магіла, падштурхнула мяне да пошукаў інфармацыі пра яго.

– Што ўдалося даведацца?

– Не так многа, як хацелася б. Упершыню ў архіў КДБ Беларусі я звярнулася шэсць гадоў таму. Адтуль прыйшоў адказ на адным аркушы: маўляў, ваш дзядуля, Юліус Віцкі, быў абвінавачаны ў шпіянажы па 68-м артыкуле Крымінальнага кодэкса БССР, прызнаў сваю віну і быў расстраляны. Ніякіх падрабязнасцяў справы, ніякіх абставін, ніякіх дэталяў… Мяне гэта здзівіла: як жа – чалавек жыў, працаваў, быў абвінавачаны, а пра гэта ні слова…

Аднак у адказе з КДБ было яшчэ пазначана, што на момант расстрэлу ў дзеда была сям’я – жонка Соф’я Яфімаўна, дзве дачкі,Тамара і Зінаіда, і два сыны, Леў і Леанід. Леў, дарэчы, гэта было імя майго бацькі. А Леанід загінуў у гады вайны ў Трасцянцы. І мой бацька, шануючы памяць брата, змяніў імя і стаў Леанідам.

Адказ вас не задаволіў?

– Так. У нас не ўсе ведаюць, што, паводле закона, можна атрымаць інфармацыю пра рэпрэсаваных сваякоў.

Я зноў напісала ліст у КДБ, у якім папрасіла дазволу на допуск у архіў камітэта – хацела азнаёміцца з крымінальнай справай дзядулі. Допуск атрымала. Прыйшла ў КДБ. Мяне запрасілі ў невялічкі пакой, дзе знаходзіліся два супрацоўнікі гэтага ведамства. Адзін запаўняў нейкія паперы, а другі прынёс справу дзеда. Танюсенькая такая папачка. Нічога запісваць, а тым больш фатаграфаваць мне не дазволілі. Больш за тое, нават не дазволілі дзедаву справу патрымаць у руках, уласнаручна перапісаць штосьці – я запісвала ўсё пад дыктоўку супрацоўнікаў КДБ.

Мяркую, што ў матэрыялах ёсць прозвішчы следчых, пракурора, членаў “тройкі”, якая выносіла незаконны прысуд, ёсць там, напэўна, і інфармацыя пра тых, хто напісаў данос… Усе прозвішчы прыкрылі паперкамі так, што іх немагчыма было прачытаць. Што, асцерагаліся, каб я, не дай Бог, не пайшла з помстай да сваякоў тых, хто спрычыніўся да расстрэлу?

– Заслона тайны над лёсам вашага дзеда хоць крыху прыўзнялася?

– Мне ўсё дыктавалі коратка, што змагла, запісала. Але сярод той інфармацыі, якую мне далі, няма адказаў на некалькі важных для мяне пытанняў.

Мой дзед, Віцкі Юліус Генрыхавіч, нарадзіўся ў 1886 годзе ў Варшаўскай губерні, быў немцам па нацыянальнасці. Да 1911-га жыў у Мінску разам з бацькам. Пазней стаў жыць асобна, пачаў працаваць, спачатку чорнарабочым. У 1915-м прызвалі ў царскую армію. Падчас Першай сусветнай вайны трапіў на фронт блізу горада Ельня Смаленскай губерні. У 1920-я гады служыў у шэрагах Чырвонай Арміі. Звольніўшыся з арміі, непрацяглы час працаваў у міліцыі, а ў 1924-м вярнуўся ў Мінск і стаў працаваць на цагляным заводзе. Праз шэсць гадоў уладкаваўся вугальшчыкам у чыгуначнае дэпо Мінска, дзе і працаваў да арышту. Паводле матэрыялаў справы, “быў завербаваны” ў 1935-м.

У чэрвені 1938 года дома ў дзеда прайшоў ператрус. Вось што тады ў яго забралі: 27 фотакартак, некалькі блакнотаў, лісты і вазу. Прычым у матэрыялах справы ёсць запіс, што ўсе гэтыя “ўлікі” былі знішчаны, таму што не ўяўлялі ніякай каштоўнасці для расследавання. Вось і ўся біяграфія. Мне выдалі на рукі ўсяго дзве паперы са справы: акт аб тым, што дзед быў расстраляны, і яго анкету са справы. Увесь лёс – у дзвюх паперках. Не ведаю, ці ёсць у справе дзеда фотаздымак, ва ўсялякім выпадку мне яго не далі. У нашай сям’і няма ніводнага ягонага фота.

Дзе быў расстраляны ваш дзед?

– Паводле дакументаў, яго расстралялі ў лістападзе 1938-га. Апошнія дні свайго жыцця правёў у мінскай турме, але акт аб прывядзенні прысуду ў выкананне падпісаны старшынёй “тройкі” ў Смаленску. Гэта дае падставы меркаваць, што і расстраляны ён быў там. Праўда, чаму і навошта яго везлі з Мінска ў Смаленск, я не ведаю – гэтай інфармацыі ў справе няма, ці мне проста яе не агучылі.

Дарэчы, двое следчых, якія вялі справу дзядулі, былі расстраляны ў 1941-м. Іх таксама прызналі “ворагамі народа”. Ці стала мне лягчэй пасля таго, як я пра гэта даведалася? Не. Таму што я не ведаю ўсёй праўды. А ў тым, што справа ў дачыненні да майго дзеда была сфабрыкавана, не сумнявалася нават савецкая ўлада – у 1959-м дзед быў рэабілітаваны.

Я паспрабавала дабіцца ад кампетэнтных органаў інфармацыі пра месца яго пахавання. Праўда, безвынікова – такой інфармацыі ў справе няма. Начальнік архіва КДБ Беларусі спадар Шаўко парэкамендаваў звярнуцца ў ФСБ Расіі, магчыма, нейкія звесткі ёсць там. Я звярнулася, чакаю адказу. Акрамя таго, я зноў напісала ў КДБ Беларусі з просьбай больш падрабязна расказаць пра справу, па якой праходзіў дзед. Што за шпіянаж? Чаму яго арыштавалі? Ёсць жа пастановы, ордар на арышт, пратаколы яго допытаў, абвінаваўчае заключэнне, дакумент аб правядзенні расстрэлу. Я хачу ведаць усё і маю на гэта права. Не дзеля помсты, а дзеля справядлівасці і ўласнага спакою.

Не так даўно я атрымала з КДБ яшчэ некалькі дакументаў. Ізноў ніякай канкрэтыкі. Ёсць у гэтай справе яго “чыстасардэчнае прызнанне”, у якім ён піша, што “не бачыць сэнсу адпірацца, паколькі следству ўсё вядома”. Дзядуля прызнаецца, што сапраўды быў завербаваны. Як выбівалася гэтае прызнанне? Можа, яго катавалі, можа, шантажыравалі жыццямі блізкіх – у сталінскіх служак было шмат метадаў, каб зламаць чалавека. І праўды не скажа ніхто. На падставе гэтага прызнання дзеду было прад’яўлена абвінавачанне, якое ўмясцілася на маленькім аркушы. Мерай стрымання для яго было абрана ўтрыманне ў мінскай турме… Вось і ўсё, што ўдалося высветліць.

Але адказу на галоўнае пытанне – дзе магіла майго дзеда, – я пакуль не атрымала. Таму ў гэтай гісторыі кропка для мяне не пастаўлена…

Аўтар: Віталь ГАРБУЗАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Где хранить деньги?

Старший аналитик компании “Альпари” Вадим Иосуб рассказал “Народной Воле”, почему белорусы снова начали забирать валюту со срочных депозитов, и где сегодня лучше всего хранить сбережения.

Расследаванне гібелі вайскоўца ў Печах: 8 крымінальных спраў, некалькі чалавек затрымана

17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў дэталі следства па справе гібелі Аляксандра Коржыча.

«Затрудняет работу врачей-трансплантологов»

Белорусские медики недостаточно информированы о посмертном донорстве. Такой вывод сделан на основе опроса более тысячи врачей Гродненской области.