Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 снежня 2016
20
Памер шрыфта

Днямі на III з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі яго старшыня Мікалай Чаргінец казырнуў лічбамі: калі стваралі арганізацыю, было 150 чалавек, цяпер яна вырасла да шасці соцень. Дакладная лічба – 606. Мяне яна сапраўды ўразіла. Цэлы батальён! Але пры гэтым прозвішчы, за рэдкім выключэннем, нічога не гавораць нават тым, хто сочыць за навінкамі айчыннай літаратуры. Затое прэтэнзій на льготы ў СПБ аж цераз край.

Трэба зазначыць, што сёння, у эпоху масавай культуры ды інтэрнэту, друкаванае мастацкае слова сапраўды апынулася ў незайздросных умовах. Шмат хто разважае: нашто несці грошы ў кнігарню, калі амаль што ўсё можна на дурніцу спампаваць з Сеціва? Новыя пакаленні з іх кліпавым мысленнем падселі на сурагаты, прымітыўнае чытво ды відовішчы. Таму само па сабе пытанне дзяржаўнай падтрымкі высокай культуры, творчых асоб цалкам лагічнае. Але ж, па-першае, лаяльнаму саюзу пісьменнікаў і так грэх скардзіцца; па-другое, падтрымка мусіць быць справядлівай, без дыскрымінацыі тых, чые творы ці грамадская дзейнасць уладзе супраць шэрсці. У Беларусі ж рэжым выразна падзяліў пісьменніцкую грамаду менавіта паводле прынцыпу адданасці (калі не шчырай, то хаця б паказной). Адным – пернікі, іншым – калі не пуга, то дуля.

“Разам з дзяржаўнай падтрымкай мы маем спонсарскую дапамогу, атрымалі і дазвол прэзідэнта на тое, каб самім зарабляць грошы”, – дакладваў на з’ездзе Чаргінец. Ён падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы вызваліў Саюз пісьменнікаў і Літфонд ад падаткаў. Ну дык што яшчэ трэба? А трэба, аказваецца, каб на карысць іх суполкі адлічвалася яшчэ і некалькі працэнтаў ад продажу замежнай літаратуры ды прадукцыі недзяржаўных выдавецтваў. Гэта што, яшчэ адзін падатак звыш тых, што напрыдумвала апошнім часам улада?

Ашаламляльная ідэя Чаргінца абурыла прыватных выдаўцоў, якія і так працуюць на свой страх ды рызыку, а іншым разам падпадаюць і пад прэс палітызаванага пераследу, як той самы Ігар Логвінаў. Апошні саркастычна зазначыў: а ці не танней будзе разагнаць Саюз пісьменнікаў, які ўзначальвае спадар Чаргінец?

Тут варта згадаць, што суполка, за якой замацавалася рэпутацыя праўладнай, узнікла напрыканцы 2005 года праз раскол некалі адзінага пісьменніцкага саюза. Лаяльныя да ўлады творцы тлумачылі, што праз стварэнне новай структуры хочуць, маўляў, ачысціцца ад палітыканства (мелася на ўвазе крытычнае стаўленне шэрагу аўтарытэтных літаратараў да ўсталяванага ў краіне аўтарытарнага рэжыму).

Насамрэч жа за тым расколам і стварэннем лаяльнай арганізацыі як супрацьвагі “апазіцыйнай” выразна чыталася менавіта палітычная гульня ўлад. Трапіўшы ў апалу, “стары” Саюз беларускіх пісьменнікаў страціў дзяржаўную падтрымку, пазбавіўся Дома літаратара, зведаў дыскрымінацыю. А вось тыя, што ўзнялі сцяг лаяльнасці, атрымалі ад Аляксандра Лукашэнкі звыш іншых даброт яшчэ і выключнае права выкарыстоўваць у назве арганізацыі слова “Беларусь”. Але ж хочацца, як бачым, усё болей прывілей ды льгот. На якой падставе? За тое, што “правільныя”, падтрымліваюць “генеральную лінію”? Але ж ці ў гэтым місія творцы, ці гэтым вымяраюцца яго заслугі?

Наадварот, творчасць па сваёй сутнасці не цярпіць аковаў. З сівых часоў майстры мастацкага слова раз-пораз траплялі ў няміласць да грозных уладароў, а то і ахвяравалі жыццём, бо творчае сумленне на дазваляла пець алілую рознага кшталту “намеснікам бога на зямлі”. Тут справа не ў дэструктыўнасці і не ў палітыканстве, а ў тым, што творчасць – гэта палёт свабоднага духу. І таму сумленны мастак ужо самім пафасам сваіх твораў хоцькі-няхоцькі кідае выклік уладзе, якая імкнецца свабоду ў грамадстве прыціснуць, абмежаваць.

Прырода ж беларускага рэжыму такая, што ён хоча камандаваць усім – эканомікай, прэсай, культурай. Эканоміку ручным кіраваннем ужо дабілі да абуха. На сумныя казённыя газеты збяднелы народ не хоча падпісвацца. І задума стварыць праўладныя творчыя суполкі ў піку “апазіцыйным” таксама вялікага плёну не дала. Шэдэўры не ствараюцца паводле замовы, канфармізм не спрыяе разняволенаму лунанню творчай думкі. Крэатыў, як бачым, скіроўваецца на прыдумванне новых прывілей.

Карацей, так і не атрымаў Лукашэнка ад лаяльных творцаў новай “Войны и мира”, як хацеў. А Нобелеўскай прэміяй летась была ўганаравана зусім не аблашчаная ўладамі Святлана Алексіевіч. Сябрамі апальнага СБП былі таксама ўжо сышоўшыя ад нас славутыя Васіль Быкаў, Янка Брыль, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч.

Кожнае з гэтых імёнаў, на мой погляд, пераважвае ўвесь батальён лаяльных пісьменнікаў, ад якіх, мусіць, ужо і Лукашэнка зарокся чакаць “Войны и мира”.

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ – спецыяльна для “Народнай Волі” 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў