Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:53 9 снежня 2016
22
Памер шрыфта

Гэтая казка напісалася ў мяне ад роспачы і адчування ўласнага бяссілля. У сяброўкі здарылася страшнае: у аўтакатастрофе ў адну незваротную секунду загінулі яе сын і мама. Я не магла нават уявіць, як сяброўка здолее існаваць далей…

А яна, яе муж і дачка не сышлі кожны ва ўласнае гора, а сталі жыць адзін дзеля аднаго. Выконвалі ўсе парады псіхолага, шмат ездзілі, запрашалі да сябе сяброў і ладзілі цікавыя сустрэчы. Смяяліся, і, здавалася, навучыліся… Толькі, застаўшыся сам-насам, калі побач не было мужа і дачкі, сяброўка ўзнімала сухія вочы, поўныя такога невыноснага болю, што ў мяне ўсё ўнутры скурчвалася, ледзянела і муляла, быццам пры кожным руху недзе за рэбрамі паварочваўся камень з вострымі краямі. Тады я фізічна адчувала, дзе ў маім целе знаходзіцца душа. Але гэта былі перажыванні старонняга, а што адчувае мая сяброўка, я забараніла сабе нават уяўляць. Так хацелася дапамагчы – калі не суняць, дык падзяліць яе боль, каб ёй зрабілася хаця б крыху лягчэй!.. І разумела, што няма ўва мне такой сілы… Ад роспачы і бяссілля напісалася гэтая казка – як надзея…

 

Жыла-была вясёлая птушка. Пёркі ў яе былі яркія, быццам з дарагога ядвабу – яны зіхацелі і паблісквалі на сонцы, адбіваючы рознакаляровые зіхоткія блікі. Больш за ўсё на свеце птушка любіла пырхаць з адной квітнеючай галінкі на другую і спяваць. На досвітку яна абуджала сад сваімі пералівамі і руладамі.

Аднойчы наляцела нечуваная бура. Яна гнула і ламала галіны дрэў, пад градам і дажджом з іх асыпаліся кветкі, бязлітасная віхура зрывала лістоту, закручваючы яе ў жахлівы карагод. І калі не вытрымаў пад націскам навальніцы апошні лісцік, нішто ўжо не абараняла гняздо птушкі. Грымнуў гром, бліснула маланка – паляцелі яркія пёркі, і знявечаная, апаленая птушка павалілася да падножжа дрэва. Параненая, яна не магла ўзляцець. Не магла радавацца і спяваць пра прыгажосць саду – ён ператварыўся ў пустэчу, сярод якой тырчэлі пакарабачаныя ствалы.

Птушка ператварылася ў камень.

Але бура не можа доўжыцца вечна. Аднойчы вецер сціх, дождж суняўся. Вызірнула сонца. Яго прамень упаў на каменьчык, і той зрабіўся цёплы. Да яго сталі сцягвацца звяры і птушкі, якія хаваліся хто дзе падчас буры. За дзень камень так награваўся ад сонечных прамянёў і цел жывёл, што ўсю ноч аддаваў цеплыню караням спаленага, знявечанага навальніцай дрэва. Ад гэтай цеплыні са старога напаўмёртвага кораня прабілася танюткае, слабое, але жывое зялёнае каліўца. Камень грэў сцяблінку, і тая набірала моц, пайшла ў рост і дала пачатак новаму саду. У сад сталі прыходзіць людзі, каб набрацца сіл, палюбавацца прыгажосцю цвіцення і паслухаць спевы птушак.

Адзін чалавек, прысеўшы ў ценю новага дрэва, незнарок дакрануўся да каменю. Ён быў цёплы і прыемны навобмацак – быццам трымаеш у далоні руку сябра. Чалавек падумаў пра тых, хто зараз у дарозе, не мае прытулку і ежы, каб падтрымаць свае сілы. Пра тых, хто пакуль не знайшоў сваіх сяброў і не можа сагрэцца душой. Чалавек вырашыў пабудаваць у садзе дом для вандроўнікаў, якім патрэбны начлег, ежа, адпачынак і добрае слова.

А камень чалавек умураваў пад дахам дома. Аднойчы іншая птушка, яркая і вясёлая, сагрэўшыся яго цеплынёй, звіла на ім сваё гняздзечка. І стала пырхаць з адной квітнеючай галінкі на другую і спяваць.

Аляксандра ЛОБЗАВА.

Мінск.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.