Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 30 чэрвеня 2017
11
Памер шрыфта

Шчаслівы выпадак: барысаўскі журналіст Павел Магілін пазнаёміў мяне з кавалём Алесем Панцялеем, колішнім актывістам “Маладога фронту”. Удзельнічаў у акцыях пратэсту, адседжваў суткі ў сумна вядомай установе ў Мінску на вуліцы Акрэсціна.

На гэты раз мы ніводным словам не зачапілі тэму палітыкі,  таму што размова пра яго кавальскую справу і ўсё звязанае з гэтым рамяством і мастацтвам падалося нашмат цікавейшай.

Па-першае, у Алеся цудоўная, багатая беларуская мова, а сваім досведам ён абвяргае вядомае выказванне аднаго найвышэйшага чыноўніка аб тым, што некаторыя беларусы ўмеюць толькі гаварыць па-беларуску, а больш нічога.

Па-другое, у Алеся ўжо ёсць кавальска-дызайнерскія поспехі, якімі ён можа ганарыцца. Мінчане, напрыклад, могуць рэальна пакратаць агромністы металічны чамадан каля адной з крамаў на сталічнай вуліцы Зыбіцкай.

Па-трэцяе, у Алеся мноства творчых задумак, і верыцца, што ўсе яны здзейсняцца.

Прыклад дзеда

– Некалі, – распавядае Алесь за кубачкам кавы, – самымі паважанымі людзьмі ў вёсцы былі ляснік і каваль. Ляснік у вачах селяніна гаспадарыў над лесам, а каваль меў уладу над металам, чараваў у чорнай кузні, награваў у агні метал да чырвані і вырабляў любую патрэбную рэч. Падкоўваў коней. Выглядаў асілкам.

Мне пашанцавала, я нарадзіўся ў сям’і майстроў. Дзед Васіль   падчас вайны трапіў у нямецкі палон. Потым пасля вызвалення савецкая ўлада аддзячыла салдату дзесяццю гадамі лагераў. Мо таму ў дзеда Васіля ўзнікла ўстойлівая нелюбоў  да ўсяго казённага, серыйнага.

Нягледзячы на пакручастую біяграфію, у роднай вёсцы дзеду Васілю, як пісьменнаму і дбайнаму гаспадару, далі пасаду ў калгаснай канторы. Мне  найбольш запомнілася яго праца з дрэвам. Ён любіў майстраваць: паліцы, шафы, лаўкі, услоны – усё, што патрэбна было ў небагатым сялянскім побыце, выходзіла з-пад рук дзеда. Многія з мужыкоў займаліся гэтай справай, пілавалі, шоргалі рубанкамі, свідравалі корбамі, але такіх прыгожых вырабаў не мелі. Дзед жа ставіўся да працы з дрэвам  па-свойму. Дошкі з хвойкі пакрываў сумессю расплаўленага воску і шкіпінару. Тыя пахі запомніліся на ўсё жыццё.

– Дзед Васіль, пэўна, пакінуў  унуку багаты сталярны рыштунак?

– Так, набор інструментаў у яго на той час быў багаты, але мяне ўсё-такі  больш цягнула да працы з металам. Аднак дзеду Васілю я не здрадзіў, а навучыўся ў яго творчаму стаўленню нават да простай, здавалася б, справы.

– І дзе вучыўся кавальству?

– Мара вяла. Пашчасціла трапіць на вучобу ў Акадэмію мастацтваў. Там перыядычна набіраюць групу з шасці чалавек, каб яны здолелі засвоіць усе таямніцы працы з металам і дадаць нешта сваё, непаўторнае.

– Не пашкадаваў?

– Цяпер гэта мая прафесія, хлеб мой, любоў мая, тое, з чаго я жыву, – цвёрда фармулюе  Алесь Панцялей сваё стаўленне да абранай ім справы.

Клёны і дубы пад асабістай аховай

Алесь прапануе мне экскурсію. Ідзём у бліжэйшы лес. Тут растуць ліпы, клёны, дубы, некаторым дрэвам больш за сотню гадоў. Адзін з клёнаў увогуле ўнікальны, біёлагі ўпэўнены, што яму аж 250 гадоў. Для клёнаў узрост фантастычны.

Унізе праз маладую яшчэ лістоту пабліскваюць адлюстраваннем сонечных промняў воды Бярэзіны.

– Бачыце, – паказвае мне Аляксей даволі глыбокія рвы, добра прыкметныя траншэі, – на гэтым месцы ў 1919 годзе стаялі вайсковыя часці палякаў. Імі быў захоплены Нова-Барысаў, але на беразе Бярэзіны яны вымушаны былі спыніць наступленне.

Хвілінная паўза, і ў голасе ўжо адчуваецца абурэнне:

– І ў гэтым гістарычным месцы аднойчы з’явіўся сметнік. Якія людзі… Я вырашыў павесіць шыльдачкі з надпісам “Гісторыка-культурная каштоўнасць”. Дапамагло, старое смецце прыбралі, а новага не прывозяць.

– Так, у цябе, Алесь, асабістая любоў да гісторыі…

– Без гэтага нельга… У мяне было жаданне знайсці старую кузню, набыць яе, адрамантаваць. Вывучыў гісторыю па рэальных матэрыяльных аб’ектах. Маленькія  будыніны, урослыя за многія-многія гады ў зямлю, і фальваркавыя, шляхецкія, высокія, прасторныя…

Кавадла ад Напалеона

– Цяжка разжывацца кавальскім рыштункам? – пытаюся ў Алеся.

– Вось гэта кавадла засталося ад напалеонаўскага войска. На ім добра відаць  адмысловае кляймо. Выбіты серыйны нумар, які дапамог праз інтэрнэт устанавіць дату вырабу. Выпадкова сустрэў дзівосны рарытэт  у цыганоў, якія збіраліся здаць кавадла  на металалом.

Шмат рыштунку ўдалося знайсці ў паселішчах Заходняй Беларусі. Наколькі грунтоўна  беларускія  рамеснікі паміж вялікімі войнамі  глыбока інтэграваліся  не толькі ў Еўропу, але і ў прамысловы свет другіх кантынентаў! Я набыў арыгінальны дамкрат, надзейны свідравальны станок…

Бачыце: вялікі набор развадных ключоў, вельмі розных і цікавых канструкцый. Вось ключ, які даўным-даўно вырабілі ў ЗША. Першы запатэнтаваны расійскі, першы англійскі, адмысловы чыгуначны, з рамонтнага камплекта “студэбекера”, ёсць і арыгінальны беларускі ключ.

Амерыканцы зрабілі такі ключ, які адной рукой можна падкручваць да патрэбнага памеру, а ў другой руцэ трымаць цыгарэту альбо сігару, скажам.

– Ці вызначыліся нечым адметным у гэтым сэнсе беларусы?

– А як жа! Мы ж не нацыя гультаёў!

І паказвае развадны ключ беларускай вытворчасці з цікавым механізмам рэгуліроўкі памеру захопу гайкі.

Алесь Панцялей дасканала вывучыў мноства ўзораў кавальскага майстэрства мінулых стагоддзяў. Напрыклад, суліца – адметная зброя конніцы Вялікага Княства Літоўскага, пярнач для супрацьстаяння рыцарам, закаваным у металічныя даспехі. І зброя для вясковых заварушак – каса, вертыкальна прымацаваная да касся…

– У мастака  Гротгера, украінска-польска-аўстрыйскага паходжання, – дзеліцца Алесь сваімі ведамі, – ёсць карціна “Куццё кос”. Паўстанцы 1863 года чакаюць у кузні, калі каваль пераналадзіць ім  мірны інструмент для чарговай сечы. Праз нейкі час, перад жнівом, яны прыйдуць з косамі сюды зноў, каб  вярнуць ім  мірны гаспадарскі стан.

У вёсцы Ляхаўка стаіць царква, і там званіца. Вернікі знялі звон уначы і ўтапілі ў Гайне, каб выратаваць святыню ад бальшавікоў. Мы з сябрам спрабавалі яго знайсці, вырабілі адмысловыя “кошкі”, каб можна было зачапіцца за знаходку. Тры метры глыбінёй гэта рэчка, не знайшлі…

Люблю старыя замкі. Самых розных канструкцый. Замок ад касцёла знайшоў у Зембіне.  Мужык хацеў паставіць на галубятню. Зараз мне трэба прымудрыцца і зрабіць для яго ключ.

Замок з кузні пад Глыбокім. Каваль, як распавядалі вяскоўцы, граў на скрыпцы, гармоніку. Усё з-за недарэчнасці згарэла, дзверы толькі ад кузні засталіся, замок адтуль забраў, ключ да яго вырабіў.

– Алесь, вы ўжо навучыліся шмат чаму. Гатовы выканаць любы заказ?

– Любы не любы, але ўмею ўжо многа чаго. Удзельнічаў  у Кіеве ў выставе-конкурсе кавальскага майстэрства, заняў другое месца.

Дзесяць гадоў езджу ў Івана-Франкоўск на адзін з буйнейшых у Еўропе кавальскіх фэстаў “Свята ковалів”. Там спаборнічаюць кавалі нават з Аўстраліі, Канады, Ізраіля. Вывешваюцца  сцягі, у тым ліку лунае і наш нацыянальны сімвал.

 Зараз рыхтуем  каваную мэблю для сталічнай мастацкай майстэрні, што ў мікрараёне “Уручча”, дзе будуць вучыць дзяцей і дарослых маляванню. Хочацца, каб ужо сам інтэр’ер ствараў творчы настрой у студыйцаў.

На развітанне жадаю Алесю Панцялею творчых поспехаў, шматлікіх заказчыкаў. Ён у адказ:

– Бярэш у рукі зброю даўніх часоў, разумееш, наколькі жорсткімі былі бітвы. Артылерыя лупіць, снарад ляціць  далёка – ты можаш і не ўбачыць ахвяр. А меч, пярнач, суліца – вочы ў вочы… Людзі звярэюць у вайне. Не, лепш каваць заўсёды мірнае, стваральнае…

Аўтар: Мікалай ЗЯНЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Требуется… директор!

В Минской области катастрофически не хватает управленцев. К такому выводу проходишь, открыв раздел «Вакансии» Миноблисполкома.

Маршы ў тупік?

“Гарачая восень” скончылася, так і не пачаўшыся. У мінулую суботу пасля малалюднага ды хуткацечнага “Маршу абураных беларусаў 2.0” завадатар вулічных пратэстаў Мікола Статкевіч абвясціў, што наступным

Нож Янкі Купалы

Упершыню ў Купалаўскі музей я трапіў першакурснікам філфака БДУ, дзе беларускую літаратуру нам чытаў прафесар Алег Антонавіч Лойка.