Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:34 2 мая 2017
409
Памер шрыфта

Восенню 2009 года Мінскі падшыпнікавы завод наведаў Аляксандр Лукашэнка. Тады прэс-служба прэзідэнта, помніцца, паведаміла: завод у жудасным заняпадзе. Нягледзячы на шматмільярдныя датацыі з боку дзяржавы аб’ём вытворчасці скараціўся ў разы.

А.Лукашэнка катэгарычна заявіў: “Такіх занядбаных прадпрыемстваў не павінна быць!”

Сфармулявалі стратэгічную задачу: ужо да канца 2009 года павялічыць аб’ём прадукцыі ў месяц на 20 мільярдаў рублёў. Яшчэ больш маштабна выглядалі планы на перспектыву.

У адным рэкламным артыкуле напісалі: “Такая маштабная задача не па плячу ранейшаму кіраўніцтву”. І выбар упаў на Аляксандра Лабусава, дасведчанага спецыяліста, супрацоўніка Міністэрства прамысловасці Беларусі.

 

Інвестар быў, але яго адхілілі

Аляксандр Лукашэнка аб гэтым мог і не ведаць. Як расказаў мне Уладзімір Лазоўскі, які на той час быў старшынёй прафкама падшыпнікавага завода, яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя вяліся перамовы з сусветна вядомай шведскай фірмай “СКФ”, адной з тых, што дыктуюць моду ў свеце вытворчасці падшыпнікаў. Прапановы замежнікаў былі прывабныя: яны гатовы ўнесці ў казну 30 мільёнаў долараў і выдзеліць яшчэ 280 мільёнаў долараў на мадэрнізацыю завода. Але пры гэтым “СКФ” настойвала на пазбаўленні сацыяльнай сферы і магчымасці скараціць персанал прадпрыемства да дзвюх з паловай тысяч чалавек.

Гэта беларускім уладам не  спадабалася, перамовы станоўчага выніку не прынеслі.

І што атрымалася? Завод застаўся без інвестыцый. І ў хуткім часе вымушаны быў адмовіцца ад утрымання сацыяльнай сферы. Яшчэ ў большай ступені, чым прапаноўвалі замежнікі,  скарацілася колькасць працаўнікоў, фактычна да тысячы з паловай…

Пад асабістым кантролем першага віцэ-прэм’ера

Як толькі не называлі прапагандысты прыезд Аляксандра Лукашэнкі на завод: і рэзананснай падзеяй, і кропкай адліку, і вехай, што вызначыла курс, і мудрым  урокам стратэгіі. У тыя дні першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка атрымаў даручэнне ўзяць пад асабісты кантроль навядзенне парадку на прадпрыемстве, вырашэнне пытанняў тэхнічнага пераўзбраення, павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі.

Праграму мадэрнізацыі завода, заўважу, рыхтавалі з вялікай пыхай, яе накіравалі на дзяржаўную экспертызу ў Нацыянальную  акадэмію навук, Дзяржкамітэт па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства эканомікі і ў рэшце рэшт у Савет міністраў.

У верасні 2011 года Сямашка станоўча ацаніў стан мадэрнізацыі. Праз год ён пахваліў кіраўніцтва завода за добраўпарадкаванне вытворчых карпусоў, найперш, як напісала заводская газета, іх фасаднай часткі. Але за шырмай гучных слоў ад калектыву хавалі галоўнае.

У стратэгіі ўзнікалі  расколіны, бо тая ж заводская газета ў 2012 годзе пісала: “Пакуль асаблівага энтузіязму і асабістай ініцыятывы ў цэхах не адчуваецца. Больш жадаючых паразважаць аб высокім заробку, забываючыся пра тое, што яго трэба зарабляць, а не патрабаваць, асабліва не напружваючыся. Пара нарэшце зразумець, што разам мы можам многае і нічога не вартыя, калі схаваемся ў сваіх цэхавых норах”.

Колькасць тых, хто “хаваўся ў норах”, была каласальнай: звальненне работнікаў ішло шпаркімі тэмпамі. Калі ў 2009 годзе на падшыпнікавым заводзе працавала звыш 4 тысяч чалавек, то к восені 2015-га  засталося толькі 1620.

Лагічна было б меркаваць, што скарачэнне штатаў дазволіць тым, хто застаўся на заводзе, мець прыстойны заробак. Дык не! Напрыканцы 2010 года рабочыя зараблялі ў сярэднім 625 долараў (у эквіваленце), а восенню 2015-га – усяго 280.

Папаўзлі панічныя чуткі, што завод увогуле могуць ліквідаваць

Пра сітуацыю таго часу распавядае намеснік старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандр Еўдакімчык, які адпрацаваў на падшыпнікавым заводзе амаль два дзесяцігоддзі:

– Заробак зніжаўся. Кваліфікаваныя работнікі звальняліся. Кіраўніцтва завода заплюшчвала вочы на негатыўныя з’явы. Прымаліся меры, якія нічога не вырашалі. Панавала паказуха. Скарачалі працягласць працоўнага дня…

Мінус 450 мільёнаў долараў

Мінула шэсць гадоў пасля прыезду Аляксандра Лукашэнкі на завод, а мадэрнізацыя ідзе праз пень-калоду.  Новую лінію прэсаў, напрыклад, завезлі, але не эксплуатуюць, хаця павінны былі запусціць яшчэ ў 2014 годзе. Відавочна, што персанал не мае належнай прафесійнай падрыхтоўкі.

Усіх пужаюць магчымым новым візітам кіраўніка дзяржавы на завод: маўляў, не зніжайце напружання. Фізічных высілкаў, магчыма, было ўдосталь, інтэлектуальны ж бок справы быў слабы.

У справаздачы за 2014 год для Міністэрства фінансаў Мінскі падшыпнікавы завод указаў страты ў 92 мільярды рублёў, за першую палову 2015 года яны дасягнулі аж 113 мільярдаў.

Тым не менш гэта, як і многае іншае, не перашкаджала генеральнаму дырэктару Аляксандру Лабусаву, сцвярджаць у рэкламных інтэрв’ю, што Мінскі падшыпнікавы завод дасягнуў высокага сусветнага ўзроўню.  Карэспандэнты дзяржаўных газет у такіх выпадках не задавалі пытанняў пра эканамічны стан  прадпрыемства, яно ж было жахлівае. К сярэдзіне 2016 года МПЗ быў вінен 450 мільёнаў долараў.

 

Танец чарцей

Фальклор – з’ява неўміручая. Гутарыў нядаўна з даўнімі знаёмымі, рабочымі Мінскага падшыпнікавага завода. Пытаюцца ў мяне: “А ці чуў ты, што такое “чатыры П”?” Наўгад адказваю: “Мо віно якое новае прыдумалі…”

Смяюцца. Не, кажуць, гэта новая назва нашага завода. Пасля кароткіх угавораў расшыфроўваюць невядомую мне формулу: “Патрыёты, пенсіянеры, п’яніцы і прыдуркі”. Дадаюць: “Гэта мы і сябе так называем, бо адначасова патрыёты і прыдуркі, праўда, не п’яніцы і пакуль што не пенсіянеры”.

У рабочым асяроддзі любяць вострае слова і не саромеюцца яго ўжываць у адпаведнай сітуацыі.

Калі сем гадоў таму дырэктарам завода прызначылі Аляксандра Лабусава, ён адразу набыў новую скураную мэблю для кабінета, памяняў аўтамабіль. А яшчэ захапіўся ўсталяваннем скульптурных кампазіцый вакол завода. Афіцыйна ім далі ўзнёслыя назвы: “МПЗ – адна сям’я”, “Пунсовыя ветразі”. Выглядалі яны не толькі нязвыкла, але і недарэчна. Незразумела было і тое, колькі каштавала гэтая забава новага дырэктара завода. Дарэмна старалася шматтыражка тлумачыць, што “ў гэтым карагодзе фігур умоўны сепаратар, які, калі глядзець на вертыкальную прастору паміж фігурамі ад асновы да рук, абазначае месца для ролікаў, а прагібы ў звязцы рук – для шарыкаў”. Усё роўна паміж сабой рабочыя звалі асноўную скульптуру “Вязнямі Бухенвальда” альбо “Танец чарцей”.

Калі ж Аляксандр Лабусаў без ушанаванняў пакінуў пасаду дырэктара, скульптуру ад цэнтральнай прахадной завода звезлі на задворкі, да транспартнай прахадной з вуліцы Ваупшасава. Фактычна выкінулі…

У розных галактыках

Узгадваючы падзеі апошніх васьмі гадоў дзейнасці Мінскага падшыпнікавага завода, прыходзіш да сумнай высновы: з вялікага грому – малы дождж. Прадпрыемства не толькі не выйшла на сусветны ўзровень, чым так любіў хваліцца былы дырэктар Аляксандр Лабусаў, яно нават у межах Беларусі стала лічыцца адным з самых недалужных.

Чаму ж так атрымалася? Ад чыноўнікаў дабіцца праўды  немагчыма, і я скіраваў сваю ўвагу на размовы з рабочымі завода, былымі і цяперашнімі, без усякіх жартаў – патрыётамі прадпрыемства.

За ўсе гады мадэрнізацыі ніхто з кіраўнікоў не хацеў выслухаць іх думкі. Яны і пра візіт Аляксандра Лукашэнкі гаварылі, што грунтоўнага дыялогу з калектывам тады не адбылося, бо начальства яго не хацела, наадварот, усіх інструктавалі, каб ніхто не высоўваўся са сваімі пытаннямі, меркаваннямі. Атмасфера ігнаравання працоўнага чалавека моцна пакрыўдзіла іх.

І надалей усе візіцёры, а іх было за ўсе гады процьма, абыходзілі працаўнікоў бокам.

Рабочыя ж добра бачаць, хто з начальнікаў, ІТР займаецца ў цэхах справай, а хто адбывае дзень да вечара

Стала модным стварэнне структур так званай эканамічнай бяспекі. За ўзнёслай тэрміналогіяй хаваюцца прымітыўныя схемы. Розныя начальнічкі шукаюць сабе працу. Напрыклад, забараняюць рабочым заказваць лішні, на іх думку, інструмент. Па форме быццам бы і правільна, а на справе здараецца так, што тэрмінова мяняецца заказ, а выканаць яго няма чым. “Эканамічную бяспеку” не хвалюе тое, што інструментальшчыкі не могуць выканаць заказ з цвёрдымі сплавамі з-за таго, што вымушаны чакаць патрэбны інструмент дзён дзесяць…

Рабочы Ігар Андрэевіч (імя зменена):

– У нашага начальства, калі пачынаеш гаварыць аб недахопах, адказ адзін: “Ва ўсім вінаваты вы, гультаі”. А мы ж бачым маніпуляцыі са справаздачнасцю. За тры дні да канца месяца выкананне плана – на 49 працэнтаў, а праз пару дзён – на 106!

Кантракты ператварылі ў бізун. Адкрыў рот неўпапад – вон за прахадную!

Хроніка разгрому (малюнкі недалёкага мінулага)

Аляксандр Еўдакімчык:

Я прыйшоў на завод у 1978 годзе. Тады на лініі карданных падпшыпнікаў працавала брыгада з 28 чалавек. Зараз той лініі наогул няма. Тэхналагічныя аперацыі раскінулі па розных кутках. Станкам – асноўным з лініі карданных падшыпнікаў – па сорак гадоў, яны ўжо сталі ламаччам, а іх перавозілі на новае месца пад фанфары аб мадэрнізацыі.

Другі прыклад. У кузню перавалаклі шэсць бакавых паўаўтаматаў. Абслугоўвалі іх два работнікі пазменна. У іх заробак быў па два мільёны бруднымі ў месяц. Здзек!

Людзі былі вымушаны працаваць у жудасных умовах. У іх не было стропальшчыкаў, не было шнэкаў для выдалення металічнай стружкі. Яе выграбалі лапатай і адвозілі на тачцы. Людзі вымушаны працаваць у жудасных умовах.

Якімі словамі ўзгадваюць дырэктараў?

Аляксандр Еўдакімчык:

Мне добра вядомы былыя кіраўнікі завода.  Аркадзь Якаўлевіч Высоцкі – непераўзыдзены волат, 20 гадоў кіраваў заводам. Ён і па цяперашніх крытэрыях застаецца найбольшым аўтарытэтам. Паважаю   Цыгалава. Класным інжынерам быў Пенза, але не ўтрымаўся ад спакусы – і адседзеў некалькі гадоў за кратамі.

Цяпер адзін за адным ідуць варагі, як кажуць рабочыя – набрыддзе. Для іх усё роўна, чым кіраваць – падшыпнікавым, маргарынавым, швейным…

Мажджэра прывезлі з Гродна, Лабусава знайшлі ў нетрах Міністэрства прамысловасці, цяперашні дырэктар Анціпаў увогуле працаваў на Алтаі, у Падмаскоўі. І калі б ён па сямейных абставінах не пераехаў у Мінск, то не ведаю, дзе б шукалі новага дырэктара… На мой погляд, улада не мае яснай кадравай стратэгіі ў прамысловасці. Прафесія інжынера, арганізатара вытворчасці страціла былую прыцягальнасць. Дырэктар завода зараз хлопчык для выканання загадаў зверху. Мае заводскія сябры распавядалі, як Лабусаў у прыватных размовах бэсціў ідэю мадэрнізацыі, сцвярджаў, што ён адразу не ўспрыняў яе, але ціснулі Сямашка, гарвыканкам… Чаму ж ты, такі разумны, маўчаў, не сышоў у адстаўку?

Уладзімір Лазоўскі, былы старшыня прафкама:

– У мінулым годзе пабываў на заводзе, з хваляваннем зайшоў у кавальскі корпус, дзе працаваў у свой час. Адчуванне не з лепшых. Мяне цікавілі не столькі інтэр’ерныя навінкі, гэта другаснае. Абсталяванне якім было ў 1991 годзе, такім і засталося. Імпартныя печы і гарызантальна-ковачныя машыны, якія каштуюць вялікіх грошай, не працуюць. Хто чым думаў, калі набываў іх, не вядома. У дадатак у кавальскі корпус перавезлі такарныя станкі, якія там абсалютна не патрэбны. Нічога добрага не ўбачыў і на ўчастку адпальвання, дзе пакоўкі рыхтуюць для далейшай апрацоўкі. Цяга да паказухі засланіла ўсё астатняе.

 

Пётр Васільевіч, рабочы:

– Прывезлі ў тэрмічку новыя печы. Раней там стаялі пяць печаў, якія бралі 100 кВт электраэнергіі. Дзве новыя будуць з’ядаць 200 кВт. Спатрэбілася новая падстанцыя, новыя электралініі. Дзе былі аналітыкі, дзе эканамічны разлік? Дзе ў рэшце рэшт тое самае ўпраўленне эканамічнай бяспекі?

Часам падаецца, што галоўным у мадэрнізацыі стала імкненне прыбраць смецце, пафарбаваць фасады, выставіць скульптуры…

 

Куды вывезлі чарапіцу?

Ад рабочых завода я даведаўся пра розныя выпадкі, калі заводскія начальнікі па меншай меры не заўважалі, як расцягваюцца матэрыялы, каштоўнасці.

Аднойчы ў выхадны дзень  раскурочылі  29 станкоў, такарных паўаўтаматаў, з іх скралі трансфарматары і іншыя каштоўныя вузлы. Зладзеяў не знайшлі.

Завезлі на завод чарапіцу, каб замяніць дах над кузняй. Трошкі паляжала яна і знікла. Дах над кузняй застаўся стары. Яе некуды вывезлі на заводскай машыне. Знайшліся людзі, якія пачалі цікавіцца, а ім адказваюць:

– Не лезьце не ў свае справы, дырэктар ведае, што і куды павезлі.

450 мільёнаў долараў пазыкі вісяць каменем на шыі прадпрыемства. Вынік безгаспадарчасці! Прыкладаў – мноства. Фактычна ніводная з новых ліній не запрацавала на поўную магутнасць. Існуе шэраг тэхналагічных непаразуменняў. Комплексы MURARO набывали без праграмнага забеспячэння, вобразна кажучы, без мазгоў.

Што тычыцца заробкаў, то планы тут сціплыя, яны не адпавядаюць дырэктывам зверху. Новы дырэктар Мікалай Анціпаў гаворыць пра магчымыя 800 рублёў сярэдняга месячнага заробку толькі гады праз два.

На пачатак бягучага года ён абяцаў  павысіць месячны аб’ём вытворчасці да 6–6,5 мільёна недэнамінаваных рублёў. Пакуль што вызначаны рубеж не скарыўся. І сярэдні заробак  у лютым бягучага года склаў усяго 560 рублёў.

Аўтар: Мікалай ЗЯНЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко открыл завод «Белджи» и рассказал об указе по стимулированию покупки автомобилей Geely белорусами

В Беларуси разрабатывается проект указа, направленный на стимулирование покупки белорусами отечественных легковых автомобилей, произведенных СЗАО "Белджи".

МНС сможет блокировать операции плательщиков по их электронным кошелькам

Министерство по налогам и сборам Беларуси получило право приостанавливать операции плательщиков по их электронным кошелькам.

В Беларуси задержан корреспондент «Украинского радио». Его обвиняют в шпионаже

Руководитель Национальной общественной телерадиокомпании Украины Зураб Аласания сообщил, что посольство Беларуси уклоняется от ответа о причине задержания украинского журналиста Павла Шаройко.