Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 4 студзеня 2017
8
Памер шрыфта

Экстрасэнсы й ведзьмакі чысцяць нашы кашалькі

Жыхарка Ліды вырашыла пазбавіцца ад хвароб пры дапамозе экстрасэнса з Расіі і пералічыла яму 5000 долараў. “Ачышчэнне арганізма” не прынесла плёну, і падманутай жанчыне давялося звярнуцца ў праваахоўныя органы.

Спрадвеку існуе выслоўе,

Якое знаюць чытачы:

“Не купіш сам сабе здароўе,

Яго патрэбна берагчы!”

І тым не менш адна кабета,

Хоць і не з цёмнага сяла,

Відаць, не ведала пра гэта –

Здароўе кепска берагла.

І наваліліся хваробы,

Як зграя лютая сабак!

Баляць адразу ўсе вантробы,

Таму і думала, што рак.

Хіба ж збавенне ёсць ад раку?

Кладзіся проста і памры,

Бо ўжо такому небараку

Не дапамогуць дактары.

Ды за саломінку тапелец,

Бадай, хапаецца заўжды.

Падумала: народны ўмелец

Пазбавіць можа ад бяды.

І не вядзьмак якісь мясцовы,

Што дасць засушанай травы.

Хай экстрасэнс замовіць словы,

І не тутэйшы, а з Масквы.

Іх зараз на тэлеэкране,

Як на паршывай сучцы блох.

“Здымаюць боль і лечаць раны”,

Нібыта кожны – чорт ці Бог.

Кабета магу пазваніла

(Быў на экране тэлефон).

Пачула голас, бы з магілы.

Жанчыну абнадзеіў ён:

– Ты падлячыцца захацела?

Праблемы ўсе твае рашу:

Як бач пачышчу чакры цела,

А заадно яшчэ й душу…

Хто ж задарма наводзіць чары?

Сказаў:

– Каб чакры ачышчаць,

Мне патрабуюцца даляры,

Прычым не менш як тысяч пяць.

На мой рахунак гэту суму

Ты найхутчэй пералічы,

І больш не мецьмеш суму-тлуму,

І не спатрэбяцца ўрачы.

Яна сабрала ўсе запасы,

Што на кватэру бераглі,

Уранку збегала да касы

І абмяняла там рублі.

Нарэшце маг пры ганарары!

Папоўніўшы сваю машну,

Паабяцаў:

– Наводзіць чары

Я на адлегласці пачну.

Праз тыдзень чыстым будзе цела,

Душа – празрыстаю, як шкло…

Яна чакала месяц цэлы.

Лягчэй чамусьці не было.

Хваробы тыя ж – цяжкай ношай,

І ява – быццам сон дурны…

А тут і муж хапіўся грошай:

Куды падзеліся яны?

Прыйшлося ёй прызнацца ўсё-ткі

Пра экстрасэнса, што з Масквы.

Не шкадаваў мужчына глоткі:

– Зусім не маеш галавы!

Авечка! За такія грошы,

За гэткі важкі ганарар

Цябе прыняў бы ўрач харошы,

Душу пачысціў бы святар!

Народ сказаў: лічы, калека,

Як кацялок зусім пусты.

І зараз шыкавацьме “лекар”,

А ты адкінеш капыты!

Адзначыць варта, што, на шчасце,

Не спраўдзіўся яго прагноз.

Змагла да доктара папасці,

Які і выявіў неўроз.

Спытацца можаце цяпер вы:

Чаму ж падумала, што рак?

Бо ўсе хваробы ў нас – ад нерваў.

Вучоны люд сцвярджае так.

* * *

Убіць павінны кожны ў цемя,

Што экстрасэнсы, ведзьмакі

Не чысцяць нашы душы й целы,

А чысцяць нашы кашалькі.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Вялікія рэформы ЖКГ?

На гэтым тыдні ўрад актыўна абмяркоўвае колькі і як насельніцтва павінна аплочваць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Девять продуктов для здоровья сосудов

Присутствие этих продуктов в рационе станет отличной профилактикой заболеваний сердечно-сосудистой системы.

“Радыё хаваць рана…” Сустрэча з Нінай Палуцкай

У Гродне 17 кастрычніка ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла сустрэча з Нінай Палуцкай, рэдактаркай аднаго з першых незалежных радыё Беларусі “Радыё НБК”.