Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Адна з рубрык, да якой я маю дачыненне як карэспандэнт “Народнай Волі”, мае назву “Прэзентацыя”. Гэтым разам назва рубрыкі зменена: кніга, пра якую я хачу сказаць некалькі слоў, наўрад ці заслугоўвае менавіта прэзентацыі на старонках нашай дэмакратычнай газеты. Ды на старонцы 78 згаданай кнігі я прачытаў наступны пасаж: “Цалкам выгадная Беларусі палітыка Расіі, накіраваная на доўгатэрміновую прысутнасць вайсковых баз…” А далей ідуць разважанні аўтара наконт таго, што менавіта дзякуючы прысутнасці вайсковых баз Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі наша краіна мае вялікія эканамічныя прэферэнцыі.
6:00 31 лiпеня 2015
32
Памер шрыфта

“Падумаеш, што тут такога, – скажа сёй-той з нашых чытачоў, – прыдворныя ідэолагі і не такое пішуць…” Гэта праўда. Ёсць у Беларусі такая прывілеяваная гільдыя, якая працуе паводле сумна вядомага “Чего изволите?”. Шмат хто з гэтых людзей не мае ані адукацыі, ані ўласнага палітычнага досведу, ані згрызот сумлення. І пра іх я тут зусім не пісаў бы, бо шкада часу і нерваў. І кніг, аздобленых чырвона-зялёнымі колерамі – без густоўнага мастацкага рэдагавання, на паліцах дзяржаўных кнігарань таксама хапае. Чаму ж я звярнуў увагу на гэтую тоўстую брашуру са “стратэгічнай” назвай, “Міжнародная палітыка Беларусі: гісторыя і новыя выклікі”, толькі што выдадзеную прыватным выдавецтвам “Харвест”?
Адказ просты: аўтара гэтай кнігі я добра і даўно ведаю асабіста. Іван Саверчанка, доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук, з пачатку 1990-х гадоў зрабіў нямала досыць грунтоўных публікацый на тэмы беларускай літаратуры часоў Рэнесансу і ранняга барока. У тыя часы ён займаўся і папулярызатарскай працай на агульнагістарычныя тэмы. Цытую фрагмент яго артыкула з шырокавядомай кнігі “100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, якая некалькі разоў выдавалася ў першай палове 1990-х гадоў агульным накладам на некалькі сотняў тысяч асобнікаў:
“…Аніякага “ўз’яднання Беларусі з Расеяй” (пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай. – Л.Б.), як гэта тэндэнцыйна сцвярджалася ў савецкай гістарычнай літаратуры, не было. Меў месца гвалтоўны захоп, у выніку якога тэрыторыя Беларусі была далучаная да Расеі і наш народ на дзвесце гадоў трапіў у расейскую няволю”.
Памятаю, як прыкладна ў той жа час Іван Саверчанка выязджаў разам з актывістамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў (таго, якое ўзначальваў сённяшні палітвязень Мікола Статкевіч) на месцы разгрому расійскіх войскаў у войнах XVI–XVII стагоддзяў і там браў слова і праводзіў паралелі паміж палітыкай Расіі часоў Івана Жахлівага і Расіі ельцынскай… Потым па рэкамендацыі самога Зянона Пазьняка Іван Саверчанка некалькі разоў выбіраўся ў сойм Беларускага Народнага Фронту, дзе яго выступленні таксама адзначаліся немалым радыкалізмам, у тым ліку на фоне прамоў лідара БНФ. Прыгадваю, як мы з калегамі шчыра радаваліся, што ўжо ў лукашэнкаўскай Беларусі Іван Саверчанка абараніў доктарскую дысертацыю; ён жа рэцэнзаваў маю папулярную манаграфію “Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму”, якая пасля шматгадовага блукання па пакутах убачыла свет у 2003 годзе ў прыватным выдавецтве “Радыёла-плюс”. І сёння я не пісаў бы рэцэнзіі на літаратуразнаўчыя працы Саверчанкі (ён усё-ткі доктар, а я – толькі кандыдат навук), але, бачыце, спадар Іван уявіў сябе экспертам у галіне міжнароднай палітыкі і напісаў тэкст, “смялейшы” за тэксты самых смелых прыхільнікаў сённяшняй уладнай каманды. Неяк прыгадаўся артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, за які Апазіцыя БНФ на этапе папярэдняга абмеркавання тэксту ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання, што называецца, “клала свае галовы”:
“Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву – нейтральнай”.
Гэты тэкст другога абзаца артыкула 18 захаваўся ў тэксце Асноўнага закона дзяржавы нават пасля ўсіх, так сказаць, рэферэндумаў…
Наўрад ці доктар навук (хай сабе не юрыдычных і не палітычных) Іван Саверчанка не разумее, што яго разважанні ў вышэйзгаданай брашуры носяць… мякка кажучы, неканстытуцыйны характар. Наўрад ці ён апошнія гады пражыў на незаселеным востраве і не чуў пра ўзмацненне канфрантацыі Расійскай Федэрацыі з NATO, да якога належыць некалькі нашых найбліжэйшых краін-суседзяў. Наўрад ці Івану Васільевічу трэба на пальцах тлумачыць, якая краіна ў выпадку ўжывання Расіяй ядзернай зброі (узгадайце выказванні яе прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў сувязі з анексіяй Крыма) можа стаць аб’ектам першага ядзернага ўдару ў адказ. Лішне тут казаць, чаго вартыя ўсялякія “эканамічныя прэферэнцыі” для краіны, на якую – не дай Бог! – пачнуць сыпацца ракеты з ядзернымі боегалоўкамі.
Усё гэта спадар Саверчанка цудоўна разумее. Але ж піша… Такое!
Шаноўны Іван Васільевіч! Д’ябал можа спакусіць кожнага, але прыклад аднаго з самых яркіх літаратурных герояў, гётэўскага Фаўста, паказвае, што адкупіць свае грахі лепш раней, чым пазней. Напішыце ў “Народную Волю”, што Вы падумалі, зразумелі і цяпер не хочаце ніякіх замежных вайсковых баз на тэрыторыі мірнай Беларусі. І пад гэтымі Вашымі словамі падпішуся не толькі я, а і шмат хто з Вашых калег па Акадэміі навук, і сотні тысяч іншых адказных беларусаў, якім не абыякавая будучыня іх дзяцей і ўнукаў.

Аўтар: Лявон БАРШЧЭЎСКI 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.