Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 29 мая 2017
8
Памер шрыфта

У вёсцы Якубовічы Шчучынскага раёна менш чым за тыдзень мясцовыя жыхары тройчы абакралі хату састарэлага пенсіянера. Прычым забіралі гарэлку ці самагон.

Не здабыткі, не памылкі

(Што стварыў ці не стварыў) –

Звеку ўласныя памінкі

Абмяркоўваў люд стары.

Што ж найболей хвалявала?

Хай без музыкі, але

Каб пітва было не мала

Тым, хто прыйдзе, на стале,

І каб закусі на трызне

Ім удостатку было:

Калі ўранку не азызне –

Абгаворвацьме сяло.

Чым жа горшы дзед Даніла?

Рыхтаваў да трызны ён

Не абрыдлае “чарніла”,

А гарэлку й самагон.

З кожнай пенсіі па трохі

Назапашваў дзед рублі,

А затым дастаў з панчохі,

Ногі ў краму прывялі.

Там, у краме, дзесяць пляшак

Дзед купіў таго дабра.

Дапамог пляменнік Яша

Іх данесці да двара.

А каністру самагону

“Падарыў” сусед Кузьма.

Хвацкім быў пяршак ягоны,

Не смярдзючым, слоў няма.

Да гарэлкі дзед не ласы

Ды і мудры, як сава:

Ён усе свае запасы

Па закутках рассаваў.

Штось схаваў стары ў падпеччы,

Частку ўсунуў пад страху

І ў катух, дзе хлам старэчы,

Завалок пітва крыху.

Для чаго? Залезе злодзей,

Каб яго запас займець,

Дык увесь, бадай, не знойдзе –

Застанецца штось на смерць.

Стала хораша Данілу.

“А цяпер, – рашыў ён, – мне

Можна класціся ў магілу –

Люд як трэба памяне!”

Толькі марныя надзеі…

Бы ў ваду глядзеў стары,

Бо праз нейкі час зладзеі

Сталі шастаць у двары.

Тройчы злыдні тыя ў хаце,

Так сказаць, рабілі шмон.

Што ў Данілы за багацце?

Ды гарэлка, самагон!

Першы раз яны ў падпеччы

 Учынілі кавардак

(Там стары хаваў, дарэчы,

Той, што даў сусед, пяршак).

Пад страхой нахабы пляшкі

Адшукалі ў раз другі.

Без наводкі (пэўна, Яшкі)

Не дапетрылі б мазгі.

А калі ўжо трэцім разам

Зазірнулі і ў катух,

Дзед ад гора ўлёгся плазам –

Захварэў стары, патух.

І, бадай, не гэтак цяжка

Будзе ўсё-такі яму,

Як зладзюгі (ды і Яшка)

Заўтра сядуць у турму.

* * *

Ну і ў якасці маралі

Вось што я, сябры, скажу.

Хай бы лепш напой не кралі,

Толькі і з-за крадзяжу

Не адчуў я нейкай скрухі.

Пажыве хоць трохі дзед:

Не займеўшы зноў сівухі,

Ён не пойдзе ў іншы свет…

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў