Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

(Заканчэнне. Пачатак у №№94,95,96.)
15:01 23 снежня 2016
20
Памер шрыфта

Ці стануць Амерыка і Англія суб’ектамі Расійскай Федэрацыі?

Самы моцны і самы шкодны наркотык – хлусня. Яна раз’ядае душу.

Калі б я быў прэзідэнтам, дык першым указам забараніў бы хлусню. Бо калі грамадства пазбаўлена аб’ектыўнай інфармацыі, праўды аб тым, што адбываецца ў краіне, дык як жа яно можа  прымаць правільныя рашэнні і выбіраць талковых кіраўнікоў і дэпутатаў?

Мы жывём у свеце хлусні, якая стала асноўнай ідэалагічнай упакоўкай. Цяпер хто-ніхто пераконвае даверлівых людзей, што, калі мы аб’яднаемся з Расіяй у адну дзяржаву, будзем багатыя і давольныя. Больш за тое, сцвярджаецца, што ў гэтым аб’яднанні мы будзем мець сапраўдны суверэнітэт і сапраўдную незалежнасць.

Яны што, з глузду з’ехалі ці нас лічаць такімі? Калі чуеш такое, міжволі думаеш, якія наіўныя гэтыя амерыканцы і англічане. Яны ж нават не здагадваюцца, што іхнія суверэнітэт і незалежнасць абсалютна несапраўдныя. Ім спачатку трэба стаць суб’ектамі Расійскай Федэрацыі, і толькі пасля гэтага яны будуць мець сапраўдную незалежнасць і сапраўдны суверэнітэт, такі, як у Татарстана ці Тульскай губерні, такі, да якога імкнецца Беларусь.

Чаму авечка з усяе сілы пнецца ў хлеў, ахоплены полымем?

З яго, палаючага хлява, усе выбягаюць: каровы, коні, свінні, куры… Адна авечка рвецца туды, куды яе прывучылі заходзіць. Каровам патрэбны пастух, за свіннямі і курамі трэба назіраць, інакш яны збочаць на пасевы. А авечка будзе шчыпаць затаптаную траўку там, дзе яе пакінулі. Калі ж, вяртаючыся з пашы, убачыць новыя дзверы на двары гаспадара, дык спыніцца і доўга будзе думаць, ісці ці не. Нават выраз нарадзіўся: “Глядзіць, як баран на новыя вароты”.

Чаму так? Бо гэтая жывёла, як вобразна кажуць даследчыкі, “без галавы”. Канечне, галава як такая ў жывёлы ёсць, але яна дрэнна кумекае. Авечка лёгка прывыкае да аднаго і таго ж. І таму пнецца ў хлеў, ахоплены полымем.

Інтэлігенцыя лічыцца мозгам нацыі. Але ў гады сталінскіх рэпрэсій яе амаль знішчылі. Многія пакаленні беларусаў выраслі ва ўмовах расійскай акупацыі, якая расцягнулася на два стагоддзі. Яны ўжо не заўважаюць яе, успрымаюць любую форму акупацыі як нармальны стан. Таму і пнуцца ў расійскую імперыю.

Санькі і Манькі

Аб’явілі выхад да самалёта. Некаторыя маладзёны адразу ўскочылі са сваіх месцаў і, штурхаючы лакцямі мам з малымі і пажылых людзей з чамаданамі, напралом палезлі ў дзверы, пры гэтым моцна выкрыкваючы: “Маня, не адставай!.. Санька, рві наперад!..”

З вялікай настырнасцю яны рваліся ў аўтобус, які падвозіў да самалёта. А да трапа так ірванулі, што ледзь не павалілі жанчыну з маленькім дзіцём на руках. Нібыта гэта быў апошні рэйс на Радзіму.

Назіраючы за такім малюнкам, міжволі ўспомніў трагедыю на станцыі метро “Няміга”. Там, як пайшоў дождж, моладзь так ірванула ў метро, што павалілі і затапталі не адзін дзясятак юнакоў і дзяўчат.

Тут, у балгарскім горадзе Бургас пры пасадцы ў самалёт ледзь не паўтарылася трагедыя на “Нямізе”. Калі б тут аказалася паболей Санек і Манек, яны маглі б затаптаць не аднаго чалавека.

Нельга вылечыць грамадства  з дапамогай хлусні. Нават самай прыгожай

Я хачу падзяліцца з вамі, шаноўныя чытачы, думкамі па адным пытанні, на якое наша грамадства доўга шукае і не можа знайсці адказ. Вось гэтае пытанне: “Чаму многія з нас жывуць усё горш і горш?”

Раней мне здавалася: варта толькі правесці свабодныя выбары, і ўсё пойдзе па правільным шляху. І вось у 1990 годзе такая магчымасць прадставілася. Але людзі прагаласавалі ў асноўным за камуністаў, тых самых, якія і прывялі краіну да развалу. Чаму? Няўжо не хацелі жыць лепей?

Нейкае тлумачэнне можна знайсці ў старадаўняй прыказцы: першы блін часта бывае камяком.

Мне падавалася, што ў другі раз падобнай памылкі грамадзяне не зробяць. Тым больш што за некалькі гадоў парламент, які складаўся ў большасці з камуністаў, толькі пагоршыў жыццё. Я быў перакананы, што пасля такіх вынікаў праўлення выбаршчыкі ніколі не прагаласуюць за старыя, скампраметаваныя сілы.

І вось у 1994 годзе адбыліся прэзідэнцкія выбары. І што ж? Народ зноў прагаласаваў за прадстаўніка той самай камуністычнай наменклатуры. Чаму? Гэта не паддаецца ніякай логіцы.

Як і чакалася, прэзідэнт не выканаў многіх сваіх абяцанняў. Казаў, што знізіць цэны, а яны пайшлі ўгору. Пераконваў у тым, што знішчыць карупцыю, а яна, як кажуць, у росквіце. Запэўніваў пенсіянераў, што іх жыццё палепшыцца, а атрымалася наадварот – многія з іх цяпер не маюць магчымасці звесці канцы з канцамі. Сацыяльныя гарантыі зведзены да мінімуму…

Ну, цяпер у людзей, напэўна, расплюшчацца вочы і яны выкажуць сваю незадаволенасць уладай падчас чарговых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.  Ды дзе там! Ведаючы пра махлярствы чыноўнікаў, якіх спецыяльна падабралі для работы ва ўчастковых і акруговых камісіях, яны не паставілі іх на месца, не прыцягнулі да адказнасці, а праглынулі фальшывыя звесткі пра вынікі выбараў.

Чаму так атрымліваецца? Я доўга разважаў над гэтым пытаннем і не змог знайсці адказу. Перачытаў выказванні ў друку многіх сённяшніх вучоных, грамадскіх дзеячаў і – безвынікова.

Адказ на гэта пытанне знайшоў у выказваннях мудрацоў далёкага мінулага. Вось што яны завяшчалі нам: “Тля есць траву, іржа – жалеза, а хлусня – душу”.

Хлусня – страшны наркотык, а душа – галоўнае ў чалавека. Яна – сам чалавек. Бальшавікі шмат зрабілі, каб вытравіць у чалавеку душу, бо такімі людзьмі лёгка кіраваць. Наркаману нічога не трэба. Для поўнага шчасця яму патрэбна толькі чарговая порцыя дурману. Так і людзі з вытраўленай душой – ім патрэбна чарговая порцыя хлусні. І чым яна прыгажэйшая, тым мацней яны цягнуцца да яе. Яны ўжо не хочуць слухаць праграмы апазіцыі па выхадзе з крызісу. Іх прыцягвае прыгожая казка пра абрус-самабранку. А цяперашнія ўлады – вялікія майстры на падобныя казкі.

Аўтар: Іван МАКАЛОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".