Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

(Працяг. Пачатак у №94.)
16:02 16 снежня 2016
44
Памер шрыфта

Суседзі ў рай, а мы – зноў у пекла?

Нашы суседзі і былыя саюзнікі па сацлагеры Літва, Латвія, Польшча, Чэхія, Славакія ўступілі ў Еўрапейскі Саюз. У іх назіраецца істотнае павышэнне жыццёвага ўзроўню.

Гэта быў добры шанц і для Беларусі ўступіць у еўрапейскую сям’ю.

Дарэчы, не першы добры шанц. У 1918 годзе з моцных абдымкаў Расійскай імперыі вырвалася Фінляндыя. О, як яе ахайвалі бальшавікі за сепаратызм, як пужалі жахамі капіталізму! Услед за ёй спрабавалі павесці свой народ і лепшыя сыны Беларусі. Яны стварылі Беларускую Народную Рэспубліку. Ды расійскія бальшавікі задушылі яе, а шараговыя беларусы не сталі бараніць. Простыя людзі, па сутнасці, не ўзняліся шырокай грамадой на змаганне за шчаслівы лёс сваёй Айчыны.

Што ж дасталася іх дзецям і ўнукам? Давайце нагадаем. Грамадзянская вайна, голад і сталінскія рэпрэсіі 1930-х гадоў, Вялікая Айчынная вайна. Лепшыя сыны і дочкі краіны загінулі ў сталінскіх засценках і ў пажары тых вайнаў. Затым былі гады застою пры Брэжневе, так званая  перабудова пры Гарбачове.

Фінляндыя гэтага не ведала. Яна адбудавала сваю краіну нібы казку, і яе грамадзяне даўно жывуць па-людску.

Цяпер зноў паўтараецца тое ж самае. Нашы суседзі пакрочылі ў Еўропу, якая для нас, можна сказаць, нечым нагадвае рай, а беларусаў зноў пхаюць у расійскае пекла. Як тады, так і цяпер у вышэйшым эшалоне беларускай улады зашмат недальнабачных, непадрыхтаваных людзей. Як тады, так і цяпер асноўнай масе беларусаў, вобразна кажучы, напляваць на тое, куды іх цягнуць, што будзе з іх дзецьмі і ўнукамі.

Шукайце свайго Эрхарда

Што самае галоўнае пры пераходзе да рынку?

І даследчыкі, і палітычныя, і грамадскія дзеячы ў адзін голас заяўляюць: наяўнасць годнага лідара, свайго Эрхарда ці Коля, як у Германіі, ці Тэтчэр, як у Англіі. Будуць такія асобы – усё будзе ў парадку. Не – дык не.

Беларусі як паветра патрэбны лідар, які валодаў бы глыбокімі ведамі, вопытам, розумам, здольнасцю прадбачыць падзеі, моцна любіў бы сваю Радзіму. Калі такі лідар ля руля, дык ужо праз год бачны яскравыя зрухі. Калі гэтых зрухаў не відаць праз год, дык іх не будзе і праз дзесяць.

Там, дзе не хапае розуму, не хапае ўсяго

Словы, вынесеныя ў падзагаловачак, не мае. Іх больш за трыста гадоў таму сказаў англійскі дзяржаўны дзеяч Джордж Галіфакс.  Яны сталі крылатымі, і іх праўдзівасць за мінулыя стагоддзі шматразова пацвярджалася практыкай.

За апошнія 50 гадоў дзясяткі краін выходзілі з крызісу. Дарожка добра вядомая. Па ёй ў свой час пайшлі Паўднёвая Карэя, Японія, Філіпіны, Турцыя… Цяпер ідуць Польшча, Чэхія, Эстонія. І някепска ідуць.

А на абшарах былога СССР былыя партыйныя менестрэлі і наменклатурныя дырэктары ўсё распрацоўваюць і нахвальваюць прымітыўныя праграмы. Іх пякуць як блінцы з 1985 года, калі пачалася перабудова. За такі тэрмін іншыя краіны здолелі выбрацца з багны і выйсці на перадавыя пазіцыі. А тут усё шукаюць і шукаюць нейкі свой шлях. Дык можа, ужо час скарыстаць сусветны вопыт?!

Хто не ведае гісторыі сваёй краіны, асуджаны на тое, каб зноў перажыць яе кашмары

Бадай, з усіх навук самая важная – гісторыя. У ёй вопыт усіх пакаленняў. У яе ёсць адказы на ўсе пытанні, якія хвалююць чалавецтва. У яе ёсць адказы і на тыя пытанні, якія паўстануць перад людзьмі ў далёкай будучыні.

Не ведаючы мінулага, немагчыма пабудаваць добрае будучае.

Гісторыя – адна з самых “нешчаслівых” навук. Кожны цар, генсек перапісваў яе на свой лад. Многія правіцелі хаваюць гістарычную праўду ад сваіх народаў, замяняючы мудры вопыт пакаленняў міфамі і выдуманымі ідэалагічнымі байкамі. Сапраўдная гісторыя – моцная зброя грамадзян. Там, дзе яе добра ведаюць, падмануць людзей вельмі складана.

Узгадайце падручнікі па гісторыі СССР. Тое, што вывучалі ў школах і інстытутах, зусім не гісторыя краіны, а міфы пра тое, як стагоддзямі людзі марылі, што да ўлады прыйдуць камуністы са сваімі праграмамі, з’ездамі, пленумамі. Людзей, выхаваных на такой псеўдагісторыі, амаль немагчыма пераканаць, што іх адурманілі байкамі і міфамі. Яны на сто працэнтаў упэўнены, што матэрыялы “гістарычных” пленумаў камуністычнай партыі – гэта і ёсць сапраўдная гісторыя, якую варта бараніць ад апазіцыі.

Іслам у Еўропе: пухліна ці бальзам?

Іслам пранік у Еўропу ціха і непрыкметна.

У гады “эканамічнага цуду” немцы адмаўляліся ісці на некваліфікаваную працу, і краіна вымушана была запрасіць так званых “гастарбайтараў” – наёмных работнікаў з другіх краін. І сюды хлынулі тысячы шукальнікаў лепшага жыцця. Асабліва з Турцыі і Туніса.

Спачатку гэта выклікала радасць. Прыезджыя выконвалі цяжкую работу за невялікую зарплату. На мячэці, якія вырасталі на ўскраінах гарадоў, не звярталі ўвагі. Амаль усе лічылі такое становішча часовым. Маўляў, яны прыехалі за доўгім рублём. Заробяць грошай і паедуць дамоў.

Але жыццё пацвердзіла: нічога не бывае такім пастаянным, як часовае. Прызвычаіўшыся да пладоў цывілізацыі, гастарбайтары і не думалі пакідаць цёплыя месцы, моцна аселі тут назаўсёды.

Насцярожвала і тое, што госці не спяшаліся пераймаць традыцыі тутэйшых. Больш за тое, яны ўсё больш ваяўніча адстойвалі свае каштоўнасці і свае традыцыі, якія выклікалі ў еўрапейцаў непаразуменне.

Гром ударыў з яснага неба 11 верасня 2001 года. Тады самая магутная краіна ў свеце – Злучаныя Штаты Амерыкі – прапусціла страшны ўдар міжнароднага тэрарызму: захопленыя самалёты з пасажырамі ўрэзаліся ў самыя высокія хмарачосы Нью-Ёрка. Пад іх руінамі аказаліся тысячы людзей…

Многія еўрапейцы нутром адчулі, якая вялікая небяспека пасялілася і ў іх доме. Асабліва пасля таго, як стала вядома, што тэрарыстам у падрыхтоўцы тэрактаў дапамагалі перасяленцы з мусульманскіх краін і што яны не хавалі сваёй радасці з нагоды здзейсненага злачынства і гора амерыканцаў. Страх за будучае ўзмацнілі выбухі ў Іспаніі і Турцыі, затым у другіх краінах Еўропы.

На кантыненце разгарэліся дыскусіі: як быць? Адны сцвярджаюць, што большасць мусульман, пераехаўшы ў Еўропу, сталі сапраўднымі еўрапейцамі. Яны надаюць асаблівы шарм старому кантыненту. Еўропа ж заўжды славілася шматгалоссем культур, звычаяў, народаў. Іслам уносіць яркі штрых у гэту палітру.

Другія даказваюць, што сярод эмігрантаў нямала экстрэмістаў, ад якіх можна чакаць чаго заўгодна. Яны, нібы ракавая пухліна, пагражаюць Еўропе.

Незразумела…

Мусульман у Еўропе і Амерыцы зашмат. І яны працягваюць прыбываць. Але няхай паспрабуе беларус – цалкам памяркоўны жыхар еўрапейскага кантынента, які не праяўляе ніякага экстрэмізму і старанна працуе, – атрымаць від на жыхарства ў суседняй еўрапейскай краіне. Наўрад ці што ў яго атрымаецца. Нават у суседняй братэрскай Польшчы.

Чаму ж Еўропа не прымае беларусаў, але адчыніла дзверы для мусульман? Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, варта ўспомніць асноўныя фундаментальныя законы развіцця нашага свету. Адзін з іх гаворыць, што любая сістэма павінна сама рыхтаваць свой закат. У свеце няма “прыбіральшчыц”, іншых дапаможных падраздзяленняў. Адзін від матэрыі пераходзіць у другі. Тыгры ядуць аслабелых жывёл, крохі падбіраюць птушкі-здыхлятнікі, астатняе перапрацоўваюць мікробы…

Імперыі і цывілізацыі распадаюцца з-за ўнутраных прычын і пралікаў. СССР разваліўся таму, што вёў палітыку, якая прывяла імперыю да банкруцтва. Гэта ў перспектыве чакае і еўрапейскую цывілізацыю. Вялікі прадказальнік Настрадамус, які прадбачыў многія падзеі, пісаў, што Еўропу адалее іслам. Калі так, дык зараз мы бачым пачатак яе заняпаду.

Статыстыка сцвярджае, што ўжо хутка ў буйных гарадах Еўропы 52 працэнты маладых людзей ва ўзросце да 20 гадоў будуць мусульманамі. А калі ўлічыць шматлікасць іх сем’яў, дык рэзкі рост мусульманскага насельніцтва бачыцца ўжо ў бліжэйшай перспектыве.

А што беларусы? Надта абыякавыя яны да новага, за дзесяцігоддзі будаўніцтва сваёй незалежнай дзяржавы нават не памянялі назвы вуліц, так і ходзяць па Камуністычнай і Ленінскай… Каму ў Еўропе такія патрэбны? 

(Працяг у наступным нумары.)

Аўтар: Іван МАКАЛОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Бюджет 2018: кому добавят, кого ужмут

Депутат А.Канопацкая опубликовала «заранее» доходы и расходы республиканского бюджета, запланированные на следующий 2018 год.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» выступіць з незвычайнай праграмай

Ужо хутка, 9 снежня, на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» - стыльныя, багемныя, ашаламляльныя Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў.

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.