Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Калісьці ў савецкія часы ў “Литературной газете” была такая рубрыка – “Калі б я быў дырэктарам”. Многія аўтары давалі слушныя рэкамендацыі. Некаторыя з іх былі ўзяты на заметку начальствам, бо калектыўны розум – вялікая сіла. Нездарма ёсць народная прымаўка: адна галава добра, а дзве лепш. Дык, можа, і ў нашай газеце завесці такую старонку і дапамагчы цяперашняму ці будучаму прэзідэнту агульнымі намаганнямі.
6:00 27 лiпеня 2015
42
Памер шрыфта

Лукашэнка не аднойчы казаў: галоўная задача – эканоміка. Хаця ёсць і другая думка: можа, важней тое, што ў чалавека ў галаве. Маецца на ўвазе нацыянальная ідэя. Але пачнём з эканомікі, а тут важнейшае пытанне – дзе браць грошы? Адказ – выкарыстоўваць знешнія і ўнутраныя інвестыцыі. Скажаце – нічога новага, гаворка пра гэта не адзін раз ішла на пася-джэннях урада? Па тэлевізары мы не раз бачылі карцінку: прэзідэнт патрабуе ад членаў урада знешніх інвестыцый, а гэтыя вялікія начальнікі сядзяць, утуліўшы галовы, і нешта нібыта пішуць. А ўстаў бы адзін з іх і як мага далікатней сказаў бы: “Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вы галоўны тормаз, з-за вас бізнесмены з еўрапейскіх краін не хочуць укладваць свае грошы ў эканоміку Беларусі, з-за вас існуюць санкцыі. Калі вы на самай справе хочаце дабра нашым людзям, дык то сыдзіце са сваёй пасады, і ў краіну пойдуць інвестыцыі і сучасныя тэхналогіі”. Дзе акажацца гэты прамоўца, лёгка здагадацца. Можа, нават у тых месцах, дзе пабывала большасць кандыдатаў у прэзідэнты ці нават непаслухмяныя былыя высокія начальнікі Ганчар і Захаранка.

А цяпер разбяромся па сутнасці. Бізнесмены ўкладваюць свае грошы туды, дзе ім выгадна і дзе ёсць гарантыі, дзе дзейнічаюць законы, а не ўказы і воля аднаго чалавека. Дык чым іх зможа зацікавіць наша краіна з новым прэзідэнтам? 

Першае – у Беларусі многа высокаадукаваных спецыялістаў. Калі трэба будзе, то яны хутка давучацца да ўзроўню еўрапейскіх тэхналогій. Наша моладзь добра сябе зарэкамендавала на многіх сусветных конкурсах. Амбасадар Ізраіля сказаў, што сярод кіраўнікоў і другіх вядомых людзей яго краіны найбольш выхадцаў з Беларусі. А колькі нашых творчых землякоў з поспехам працуюць у Маскве! Наша краіна мае глыбокія карані адукаванасці і творчых здольнасцяў і заслугоўвае лепшай долі.

Другое – затраты на аплату працы ў нас ніжэйшыя, чым у суседніх заходніх краінах. Значыць, меншы будзе сабекошт выпускаемай прадукцыі.

Трэцяе – выгаднае геаграфічнае размяшчэнне. Добрыя транспартныя зносіны з другімі краінамі. 

Чацвёртае – больш танныя энергарэсурсы. Праўда, гэты паказчык не вельмі надзейны, бо залежыць ад стаўлення да нас Расіі. Хаця расійскаму бізнесу таксама выгадна ўкладваць сродкі ў Беларусь па тых жа прычынах. І гэтаму ёсць добрыя прыклады. Фірма “Август” пабудавала ў Мінскай вобласці прадпрыемства па вытворчасці сродкаў аховы раслін і ўжо многа гадоў іх з поспехам прадае ў нашай краіне і суседзям.

А цяпер пра ўнутраныя інвестыцыі. Нашы высокія начальнікі не адзін раз гаварылі, што ў людзей на дэпазітах захоўваюцца мільярды рублёў і валюты. А гэта азначае, што ў нашай краіне не створаны спрыяльныя ўмовы, няма належнай зацікаўленасці ва ўкладванні гэтых грошай у прамысловыя, сельскагаспадарчыя, абслугоўваючыя і другія прадпрыемствы. Чаму грамадзяне Беларусі баяцца ўкладваць свае зберажэнні ў доўгатэрміновыя акцыі? Па той жа прычыне – няма гарантый, адмоўныя адносіны кіраўніцтва да асабістай уласнасці. Пакуль што грошы ўкладваюцца ў гандаль. Там хутка: купіў – прадаў – атрымаў прыбытак. Але ў гэтым у сучасных умовах закладзена вялікая шкода для дзяржавы. Пераважная большасць тавараў купляецца за рубяжом і за валюту. Усе гэтыя дробныя гандляры рынкаў з усіх гарадоў Беларусі за год вывозяць з краіны у Польшчу, Расію мільярды долараў. Прайдзіце па радах такіх рынкаў – амаль усё імпартнае: абутак, вопратка, бытавыя прылады, будаўнічыя матерыялы, цацкі і г.д. Няўжо мы не можам самі зрабіць якую-небудзь пластмасавую цацку?

Кіраўніцтва краіны, трэба думаць, бачыць такое становішча, але робіць не тыя высновы. Уводзіць розныя абмежаванні для гандляроў. А трэба стварыць умовы для вытворчасці якасных і больш танных тавараў у сваёй краіне. Больш танных таму, што ў нас таннейшыя энергарэсурсы. Высакаякасных таму, што ў нас высокаадукаваныя інжынеры і высокакваліфікаваныя рабочыя. А вырабляць гэтую прадукцыю могуць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Як гэта адбылося ў Польшчы. У інтэрв’ю газеце “Народная Воля” амбасадар Польшчы спадар Шарэпка казаў, што яго краіна дабілася вялікіх поспехаў, стварыўшы ўмовы для росту гэтага сектара эканомікі. Канешне, ім дапамаглі суседзі па Еўрасаюзе.

Адкуль браць грошы на будаўніцтва такіх прадпрыемстваў? Тры асноўныя напрамкі: замежныя інвестыцыі (сумесныя прадпрыемствы), крэдыты, акцыянерныя таварыствы. Пра апошнія хачу сказаць больш падрабязна. Калісьці мы вучылі ў інстытутах па палітэканоміі, што такое акцыя. Гэта калі ў чалавека ёсць добрая ідэя ці бізнес-план, але няма дастаткова грошай. Тады ён выпускае і прадае акцыі на патрабуемую суму. Прадавец акцый адкрывае вытворчасць, а пакупнікі акцый атрымліваюць дывідэнды. Так ствараецца рынак каштоўных папер, як гэта існуе ў большасці краін. Чым больш паспяховае прадпрыемства – тым даражэй акцыі. Працаўнікі прадпрыемстваў – самі ўладальнікі часткі акцый, і ў іх уласны інтарэс у паспяховасці сваёй працы.

Такое акцыяніраванне вырашае некалькі праблем. Ствараюцца новыя працоўныя месцы (гэта вельмі важна ў апошні час у сувязі з барацьбой з так званым дармаедствам), выпускаецца патрэбная прадукцыя, не будзе траціцца валюта на яе закуп за мяжой, грашовыя сродкі людзей будуць працаваць, бюджэт атрымае падаткі. Што для гэтага патрабуецца? Стварыць адпаведныя ўмовы: ільготы па крэдытах і падатках (асабліва на першым этапе), выдзяленне зямлі, адносіны да прадпрымальнікаў як да лепшых людзей краіны, а не чужародных элементаў, і г.д.

Адна з праблем цяперашняй улады – вялікая колькасць стратных прадпрыемстваў. Нават былыя брэнды – трактарны, аўтамабільны, “Гомсельмаш”, “Гарызонт” і іншыя – адносяцца да гэтай катэгорыі. Скарачаць іх, а тады куды падзець рабочых? Фінансава падтрымліваць – гэта раскручваць дэвальвацыю. Тое ж самае адносіцца і да стратных сельгаспрадпрыемстваў. Атрымліваецца тупік. Вось чаму ў нас тры абвальныя дэвальвацыі за апошнія чатыры гады. Долар вырас з 2800 да 15.400 рублёў. Пашырэнне і развіццё дробнага і сярэдняга бізнесу дасць людзям працу. Тое, што на рынках усё імпартнае, прадстаўляе вялікую прастору для прадпрымальніцкай дзейнасці. Патрэбна толькі дапамога, і будучы прэзідэнт павінен будзе гэта зрабіць. У нашай краіне знойдуцца таленавітыя палітыкі, эканамісты, якія распрацуюць патрэбную праграму. Такія, як Бальцэровіч у Польшчы, Дэн Сяопін у Кітаі, Гавел у Чэхіі.

Чаму цяперашняя ўлада не дае шырокай прасторы прадпрымальніцкай дзейнасці? Таму што гэта не ўкладваецца ў рамкі сістэмы кіраўніцтва зверху данізу. Прызначаць дырэктараў недзяржаўных прадпрыемстваў вертыкаль не зможа. А гэта вельмі важна. Дырэктар не будзе трымаць пад спудам кантрактаў сваіх рабочых і сам не будзе падпарадкоўвацца раённаму начальству. А там, глядзіш, людзі адчуюць сябе свабоднымі і пачнуць патрабаваць празрыстых і чэсных выбараў.

З эканомікай разабраліся. Чарка і скварка добра, але чалавек тым і адрозніваецца ад жывёлы, што можа думаць. І калі ў гэтых думках прысутнічае нейкая нацыянальная ідэя, нейкая важная мэта, то ён можа на нейкім этапе згадзіцца падцягнуць папругу, будзе ашчадна карыстацца прыроднымі і энергетычнымі рэсурсамі, не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю сваёй краіны. Але такую ідэю ці мэту можа даць толькі такі прэзідэнт, якому ўсе, ці па крайняй меры вялікая большасць, будуць давяраць. Само сабой, выбраны ён будзе на справядлівых выбарах, без датэрміновага галасавання і другіх парушэнняў.

Будучаму прэзідэнту прыйдзецца вырашаць і другія вельмі важныя пытанні. Напрыклад, фактычнае раздзяленне ўлады. Бюджэт павінен зацвярджаць толькі парламент. І ў яго, на маю думку, таксама трэба ўнесці значныя змены. Трэба зменшыць фінансаванне сілавых структур. У нас, паводле дадзеных многіх сродкаў інфармацыі, колькасць міліцыянераў у разліку на тысячу чалавек у разы большая, чым у Польшчы, а парадку там больш. А навошта так многа спецназу, у нас жа самыя мірныя і памяркоўныя людзі? Пры справядлівых выбарах людзі на Плошчу не пойдуць. Ды і выдаткі на армію занадта вялікія. Краіны Еўропы, больш багатыя, маюць колькасць вайскоўцаў значна меншую, чым у нас, і трацяць менш грошай на ўзбраенне. У наш час колькасць танкаў нічога не вырашае. І ад каго нам абараняцца? Заходнія суседзі на нашы землі не прэтэндуюць, а з Расіяй, галоўным пужалам у цяперашні час, у нас цэлы шэраг аб’яднанняў, у тым ліку і абаронных.

Атрыманыя за кошт зніжэння ваенных выдаткаў сродкі лепш накіраваць на адукацыю і навуку. Гэта наша перспектыва. Мне вельмі спадабаўся артыкул у “НВ” пад назвай “Новая волна” – пра перадавую моладзь, якая дабілася значных поспехаў у камп’ютарных тэхналогіях, у тым ліку ў гульнявых праграмах. Хлопцы і дзяўчаты зарабляюць добрыя грошы – на ўзроўні Еўропы. Але гэта атрымалася не дзякуючы дапамозе кіраўніцтва краіны, а ў выніку іх асабістых дасягненняў. Калі стварыць на вядучых прадпрыемствах для такой моладзі спрыяльныя ўмовы, у тым ліку і па аплаце працы, то станоўчы вынік будзе абавязкова. Як я пісаў раней, мы не маем прыродных запасаў нафты і мінералаў, але маем высокі інтэлект нашых людзей. Сюды і трэба ўкладваць грошы. А пакуль што ў нас наадварот – дацэнт, навуковы супрацоўнік атрымліваюць 4 мільёны, прафесар – 6, будаўнік – 8–12, футбаліст – 30–100 мільёнаў. Можна пагадзіцца з аплатай будаўнікоў – яны атрымліваюць тое, што зарабілі. А вось на футбалістаў і другіх спартсменаў з прадпрыемстваў бяруць аброк, прымушаюць адлічваць грошы, чым яшчэ больш пагаршаюць іх фінансавае становішча. Прывяду прыклад адмоўных вынікаў гэтакай палітыкі. Наша краіна штогод закупляе хімічныя сродкі аховы раслін, мікраўгнаенні на велізарную суму. Калі б частку гэтых грошай аддаць на распрацоўку і вытворчасць сваіх, айчынных, прэпаратаў, то атрымалі б шматбаковую карысць. Вучоным змаглі б павялічыць зарплату, і іх не пераманьвалі б замежныя фірмы, з’явіліся б новыя працоўныя месцы, валюта засталася б у нашай краіне. Можна было б экспартаваць свае хімічныя вырабы і зарабляць валюту.

У гэтым артыкуле я выклаў свае думкі, меркаванні аб тым, як нам будаваць будучае сваёй краіны. Магчыма, у нечым памыляюся. Я не валодаю дастатковай інфармацыяй. Але калі сабраць неабыякавых лю-
дзей – спецыялістаў у розных галінах вытворчасці – разам, будуць выпрацаваны правільныя напрамкі і рашэнні. Настаў час кардынальнай змены курсу. Пакуль што ў нас, як сказала адна журналістка на нядаўняй сустрэчы з прэзідэнтам, пры падборы кадраў толькі тусуюць старыя карты. Будучаму прэзідэнту трэба будзе набіраць новую каманду з новым, сучасным разуменнем будаўніцтва краіны пад назвай Беларусь. Вось для чаго ў самадастатковых багатых краінах свету абавязковым з’яўляецца змена прэзідэнта і ўрада пасля 1–2 кадэнцый. Да такога рашэння яны прыйшлі ў выніку шматвекавога вопыту. Можа, і нам пара ісці ў нагу з цывілізаваным светам?

Іван МЕЛЕХАВЕЦ,
жыхар Гродна.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.