Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 6 снежня 2016
11
Памер шрыфта

Учора была 20-я гадавіна рэферэндуму 1996 года.

Напярэдадні ў Мінск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя Еўрасаюза, на сустрэчу з якой я збіраўся з Міколам Статкевічам, але пайшоў адзін.

Чаму?..

Найпершае, што зрабілі мы са Статкевічам, калі ён выйшаў з турмы, – прааналізавалі падзеі Плошчы-2010 і падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Калі факты і доказы, якія меў ён, склаліся з тым, што было вядома мне, на нашай агульнай прэс-канферэнцыі прагучала заява адносна Андрэя Дзмітрыева. Пра ягоную сувязь са спецслужбамі.

“Тое разуменне чалавечай годнасці, якое я маю, не дазваляе мне сядзець за адным сталом са здраднікам”, – адказаў Статкевіч першаму дарадцу адной з амбасад на пытанне: “Чаму вы адмовіліся прыйсці на сустрэчу нашага амбасадара з беларускай апазіцыяй?” Пасля гэтага Дзмітрыева на сустрэчы, дзе прысутнічаў Статкевіч, не запрашалі.

Да апошняга часу…

На нядаўнюю сустрэчу апазіцыі з дэлегацыяй Камітэта палітыкі і бяспекі Савета Еўрасаюза запрасілі і Статкевіча, і Дзмітрыева. Статкевіч падзякаваў за запрашэнне, сказаўшы, што на сустрэчы ў такім фармаце быць не можа. Тым не менш рашэнне па Дзмітрыеве адменена не было, што выключала прысутнасць Статкевіча.

Безумоўна, каго і на якія сустрэчы запрашаць, вырашаюць арганізатары. Пра гэта і казаць не варта было б, калі б не прынцыповасць, сімптаматычнасць падмены аднаго ўдзельніка сустрэчы на іншага, што наўпрост звязана з правядзеннем цяперашняй палітыкі ЕС у адносінах з беларускім рэжымам, у якую ўключылася большасць апазіцыі. Да таго дружна пляжылі кампанію «Гавары праўду!», а тут загукалі: «Мы за мірныя перамены! Мы за мірныя перамены!» – бо гэта тое, што называецца трэндам, а прасцей – уменнем трымаць нос па ветры.

І, круцячы носам, апазіцыя закруцілася амаль да страты галавы. Ці ва ўсякім разе – да страты паслядоўнасці, логікі дзеянняў. Ну ўзяць хоць бы тое, што, не прызнаючы легітымнасць прызначага Лукашэнкам «парламента», апазіцыя ў той жа час прызнае правамоцнымі дэпутатамі таго ж «парламента» двух сваіх прадстаўнікоў, прызначаных тым жа Лукашэнкам. І намагаецца падаць гэта палітыкам Еўрасаюза, якім жаліцца, і жаліцца на тое, што ў краіне няма сапраўдных выбараў, як свой электаральны поспех, перамогу, першыя крокі па дарозе да мірных перамен…

Бо гэтакі трэнд

Пазіцыя Беларускага нацыянальнага кангрэса ў цяперашні трэнд ніяк не ўпісваецца. І ўсе выступленні прадстаўнікоў БНК на падобных сустрэчах – як шыла ў мыле. У мыльнай оперы пад назвай «дэмакратызацыя», якую ставіць Лукашэнка, прызначаючы апазіцыю ў кардэбалет.

Да чаго гэта прывяло? Да таго, што еўрапейскія палітыкі сустракаюцца і размаўляюць сёння з беларускай апазіцыяй толькі рытуальна. Каб не пакрыўдзіць. А рэальна – з уладай. З рэжымам.

І ў чарговы раз я пераканаўся ў тым на сустрэчы з кіраўніцтвам і членамі Камітэта палітыкі і бяспекі Савета Еўрасаюза, на якую пайшоў як праз павагу да гэтай арганізацыі, высновы і рэкамендацыі якой шмат у чым вырашаюць накірункі ўсёй знешняй палітыкі ЕС, гэтак і праз неабходнасць давесці прынцыповую пазіцыю БНК. І пазіцыя гэтая была агучана ў адказе на асноўнае пытанне членаў Камітэта:

– Рэформы, якія абяцае правесці беларуская ўлада, гэта рэальнасць ці ілюзіі?

– Ілюзіі. Усе патрэбныя яму «рэформы» Лукашэнка правёў яшчэ 20 год таму праз рэферэндум 1996 года, падгробшы ўсю уладу разам з заканадаўчай і судовай пад сябе. Ён прызначае парламент, а не парламент прызначае яго, ён судзіць, а не яго судзяць. І не збіраецца ён свае «рэформы» адмяняць. А сярод гэтых «рэформаў» проста няма месца ніякім новым. Найперш палітычным, без якіх немагчымы эканамічныя. Таму рэальнымі яны могуць стаць толькі праз сыход рэжыму, чаго і мусіць дамагацца дэмакратычная беларуская апазіцыя, якая ўжо і забылася на тое, што найпершая яе палітычная мэта – прыход да ўлады.

Пытанне пра тое, магчымыя насамрэч рэформы, ці гэта ілюзія, карэннае. Ад адказу на яго залежыць тое, як выбудоўваць усю далейшую палітыку. Якімі метадамі дзейнічаць…

Я перакананы, што ні на якія істотныя рэформы Лукашэнка не здольны. Хоць тыя, хто верыць у такую магчымасць, гатовы лічыць рэформай нават чарговую абіралаўку пенсіянераў, на якіх улада вырашыла сэканоміць.

А калі я памыляюся, калі раптам акажацца, што Лукашэнка здольны падняцца над сваімі страхамі, фобіямі, што ён гатовы паступіцца нечым сваім, асабістым дзеля краіны, народа, я першы папрашу ў яго прабачэння. Паэму напішу як пра дзяржаўнага дзеяча, якога не зразумеў. Але інтуіцыя – і палітычная, і паэтычная – падказвае мне, што такое творчае шчасце мець я наўрад ці буду.

Большасць апазіцыі не прымае тое, што прапануе БНК. Кіраўнікамі апазіцыйных структур адвергнута ідэя аб’яднаўчага кангрэса. І зусім не па ідэйных меркаваннях, а таму, што Статкевіч у такім выпадку мог не толькі сутнасна, але і фармальна стаць лідарам апазіцыі. А гэтага нікому не хочацца. Дый як, маўляў, такое можа быць, калі нашы партыі і рухі, нашы структуры большыя за ягоныя?..

Ну дык давайце падменім Статкевіча Дзмітрыевым. Там «структура» большая за ўсе вашы, разам узятыя. Калі верыць Лукашэнку, 10.000 байцоў «нябачнага фронту», які ў Беларусі ўсім відаць.

Дарэчы, мне і перад Дзмітрыевым перапрасіцца (да якога напачатку амаль па-бацькоўску адносіўся) – капялюш не зваліцца. Калі выйдзе, што памыляўся, што ўсе ягоныя скокі з куратарамі – хітрая, як даводзіў мне адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду!», гульня, скіраваная на падман рэжыму і на карысць дэмакратычнага руху. Але пакуль выглядае ўсё роўненька наадварот. Перпендыкулярна.

А ўвогуле, пра якія партыі размова ў краіне, дзе няма палітыкі? Хто і што пра іх ведае? Ведаюць асоб. Ім давяраюць. І за імі ідуць.

У Радзе Беларускага нацыянальнага кангрэса – першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. Большасць беларускіх вязняў сумлення. Рэгіянальныя лідары. У руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць!», які ўваходзць у БНК, – нацыянальная эліта: вядомыя, уключна з нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, літаратары, прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір, мастакі, музыкі, якія асцерагаюцца, што палітыка «змен праз збліжэнне» не зменіць, а закансервуе рэжым, які канчаткова зжыве са свету беларускую мову, нацыянальную культуру, а ўрэшце – нацыянальную свядомасць.

Яны – не дзеці, ім недастаткова вышыванак, стужак з нацыянальным арнаментам, яны адстойваюць паўнавартасную Беларусь. Яны гатовы за яе змагацца. І ці можна не лічыцца з іх меркаваннем, з іх пазіцыяй, бо яны не ў трэндзе?..

Апазіцыя так раздрабілася, гэтак падзялілася, што ўжо не здольная нават (што раней не было праблемай) праводзіць сумесныя пратэстныя акцыі. То нейкія акцыі прызначаюцца, то іх адмяняюць. Клічуць людзей прыходзіць у розныя дні, у розныя месцы. Дык вось мы заклікаем (дзеля яднання) скончыць хоць з гэтым! Тут, а не за сталамі такімі круглымі, што за іх не зачапіцца, быць разам.

Дзяржаўны пераварот, здзейснены 20 год таму, служкі рэжыму (да прыкладу, Ярмошына) ужо называюць цалкам законным, канстытуцыйным! І ён можа стаць такім, і ўвогуле рэжым можа быць адбелены ў грамадстве, асабліва ў вачах моладзі, калі мы ўсімі сіламі не будзем пратэставаць супраць ягоных злачынстваў! Гэта наўпроставы абавязак дэмакратычнай апазіцыі.

24 лістапада мы ладзім такі пратэст на плошчы Свабоды ў Мінску ў 18.00. І надалей гарантуем сваю прысутнасць і прысутнасць нашых актывістаў на ўсіх пратэстных акцыях, арганізаваных іншымі апазіцыйнымі структурамі. Нам проста неабходна разам рыхтаваць беларускае грамадства да актыўных дзеянняў, бо можа стацца так, што давядзецца змагацца не толькі за дэмакратыю ў Беларусі, але і бараніць саму Беларусь.

(“Naviny.by)

Аўтар: Уладзімір НЯКЛЯЕЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.