Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:36 12 верасня 2016
6
Памер шрыфта

Сярэбраны прызёр Гульняў распавёў “Народнай Волі” пра сілу і веру, алімпійскую дыету і пра магчымасць стаць дэпутатам.

Яго сярэбраны медаль – гэта ўзнагарода перш за ўсё для самога Івана. Шлях на Алімп быў неверагодна складаны, але ён яго прайшоў.

У 2008 годзе трохразовы чэмпіён свету па кіданні молата Іван Ціхан стаў бронзавым прызёрам Алімпіяды ў Пекіне, аднак пазней быў пазбаўлены ўзнагароды з-за выяўленага павышанага ўтрымання тэстастэрону. Праўда, праз Спартыўны арбітражны суд у 2010 годзе беларус дамогся вяртання алімпійскай бронзы, яго рэабілітавалі.

Яшчэ адна гісторыя з допінгам была звязана з Алімпіядай 2004 года ў Афінах. Ціхан там узяў бронзавы медаль, але пасля дыскваліфікацыі прадстаўніка Венгрыі атрымаў серабро. А ў 2012-м, праз восем гадоў, беларуса пазбавілі гэтай узнагароды і не дазволілі яму выступіць на Алімпіядзе ў Лондане, да якой ён сур’ёзна рыхтаваўся.

У Бразіліі 40-гадовы Іван Ціхан паказаў усяму свету: ёсць яшчэ порах у парахаўніцах…

– Ці маглі вы гадоў 20 таму спрагназаваць, што ў сорак гадоў здолееце заваяваць алімпійскі медаль?

– У дзяцінстве і юнацтве я ўвогуле шмат пра што марыў. Усе мы хочам мець у будучыні нейкія вялікія дасягненні, хочам праявіць таленты. Але, шчыра скажу, канкрэтных прагнозаў я ніколі не рабіў. І ўзровень якасці медаля не вызначаў загадзя.

– Дзе вы знаходзілі сілы, каб узнімацца пасля такіх падзенняў?

– Была не толькі сіла, але і вера, што я пераадолею ўсе бар’еры, якія з’яўляліся на маім шляху. І ставіў гэтыя бар’еры не толькі я сам, але і іншыя. Вера натхняе на дасягненне тых вынікаў, пра якія марыў яшчэ ў дзяцінстве.

– Вядома, што ў Бразіліі на прэс-канферэнцыі асобныя замежныя журналісты задавалі вам не зусім простыя пытанні…

– Быў такі момант. І, дарэчы, журналіст, які задаваў правакацыйнае пытанне, нават не прадставіўся. З яго слоў я высветліў, напрыклад, што краіны былога Савецкага Саюза хто-ніхто за мяжой успрымае як нешта агульнае. Таму ў мяне і запыталі: “Чаму Іван Ціхан прыехаў на Алімпіяду, калі зборная Расіі па лёгкай атлетыцы дыскваліфікавана?” Прыйшлося патлумачыць, што Беларусь, якую я прадстаўляю, – гэта незалежная дзяржава. А пра другое пытанне нават і ўспамінаць не хочацца…

– Вас так цёпла сустракалі ў Гродне!.. Да якога імя больш прызвычаіліся – “дзядзька Ваня” ці “Іван Рыгоравіч”?

– Каму як зручна, той так і называе. Для мамы, напрыклад, я заўсёды буду Ванем.

– Можа быць, перад Алімпіядай Іван Ціхан прытрымліваўся нейкай асаблівай дыеты?

– Нічога асаблівага. Я еў тое, чаго патрабаваў арганізм. Самую добрую дыету вам заўсёды падкажа арганізм, а таксама вашы веды і вопыт.

– Але ж відавочна, што рацыён спартсмена з сілавога віду спорту адрозніваецца, скажам, ад рацыёну батуціста.

– Мой рацыён звычайна такі: мёд, арэхі, мяса, салаты, кашы і малочныя прадукты.

– Многія спартсмены скардзіліся на дрэннае харчаванне ў Бразіліі. Вы гэта на сабе адчувалі?

– Алімпіяда – гэта заўсёда свята, і ўсім хочацца, каб свята было ідэальным. Але ж так не бывае. І задаволіць густы ўсіх таксама не атрымліваецца. Гэта ж Алімпійскія гульні, а не рэстаран. Але, як мне падаецца, усяго хапала.

– Свайго повара ў зборнай не было?

– Не, усе харчаваліся ў адной сталоўцы, дзе прысутнічала і азіяцкая, і еўрапейская, і афрыканская кухня. Нават у “Макдональдс” можна было схадзіць пры жаданні.

– Іван, а як вы спалі перад выступленнем?

– Не паверыце, але спаў як забіты. Для мяне Алімпіяда – гэта частка звычайнага жыцця. І за той час, што я ў спорце навучыўся кантраляваць эмоцыі, адрэналін. Таму нават Алімпіяда для мяне – нармальная з’ява. Вам, магчыма, гэта ўяўляецца па-іншаму. Дарэчы, вельмі хацеў бы, каб журналісты справядліва ацанілі наша выступленне. Толькі той факт, што ты патрапіў на Гульні, – гэта ўжо многае значыць. Спартсмен – сам сабе не вораг. Калі ты прыехаў на Алімпіяду, то не будзеш жа знарок дрэнна выступаць. Проста не заўсёды атрымліваецца так, як хочацца. І тут шмат розных фактараў.

– Былі моманты, калі пасля допінгавых скандалаў і разборак хацелася ўсё кінуць і сысці з вялікага спорту на больш ціхую і менш нервовую работу?

– Абсалютна не! Больш за тое – тыя бар’еры, што паўставалі на маім шляху, мяне натхнілі яшчэ на больш доўгае жыццё ў спорце.

– Сёння вы можаце сказаць са стопрацэнтнай упэўненасцю, што, напрыклад, гадоў праз восем не пераправераць вашу сёлетнюю допінг-пробу і не знойдуць у ёй забаронены прэпарат?

– Ведаеце, не будзем загадваць на будучыню. Я ўжо гэтыя пераправеркі праходзіў і адстаяў сваё чэснае імя. І разам з Вадзімам (Вадзім Дзевятоўскі – былы кідальнік молата, а зараз кіраўнік Федэрацыі лёгкай атлетыкі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў. – Аўт.) паказаў усяму свету, што сённяшняя антыдопінгавая сістэма недасканалая.

– Дарэчы, у вас няма жадання пайсці, як Дзевятоўскі, у дэпутаты?

– Народ папросіць – усё зраблю. (Смяецца.) Гэта я так жартую…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Белоруски заняли 7-е место в биатлонной эстафете в Хохфильцене

Сборная Беларуси финишировала на седьмом месте в женской эстафете 4х6 км на этапе Кубка мира по биатлону, который завершился в воскресенье в австрийском Хохфильцене. Белоруски отстали от победительниц

«Альцгаймэр» трывожыць болей, чым рак — нямецкі герантолаг пра хваробу сучаснасці

Герлінд Мэгес пасьля заканчэньня ў 2012 унівэрсытэту ў Нюрнбэргу працуе ў аддзяленьні псыхіятрыі і псыхатэрапіі бэрлінскай клінікі «Шарытэ».

Беларусь на 6-м месцы сярод краін з найніжэйшымі заробкамі ў Еўропе

Беларусь трапіла на 6-е месца ў спісе краін Еўропы з найніжэйшымі заробкамі.