Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:38 27 студзеня 2017
11
Памер шрыфта

Пасля ўзнагароджвання вядомы атлет распавёў “Народнай Волі” пра тое, ці складана заваяваць алімпійскі медаль у 40 гадоў і чаму ў Беларусі трэба зрабіць больш жорсткім пакаранне за ўжыванне допінгу.

– Магчыма, камусьці падасца не вельмі сціплым маё выказванне, але стаць алімпійскім прызёрам у кіданні молата ў такім узросце, мякка кажучы, не так проста, – кажа Іван. – Паўтаруся: не сябе хачу пахваліць, а так ёсць на самай справе.

– Арганізму ўжо складана пераносіць высокія нагрузкі?

– Безумоўна, бо часам даводзіцца працаваць праз “не магу”. Тут галоўнае – вера ў сябе, характар і жаданне. Магчыма, гэта агульныя словы, але за імі стаіць многае.

– Пасля мінулых скандалаў, якія былі звязаны з допінгам, было жаданне пакінуць вялікі спорт назаўсёды?

– У мяне было адно жаданне – усім даказаць сваімі вынікамі, што рашэнне, якое прынялі ў адносінах да мяне, было памылковым. Калі нас з Вадзімам Дзевятоўскім (кідальнік молата, які зараз узначальвае Беларускую федэрацыю лёгкай атлетыкі.Аўт.) абвінавацілі ва ўжыванні допінгу, а затым, пасля шматлікіх судоў, адмянілі тое рашэнне, – гэта была перамога. Але ж паглядзіце, што зараз адбываецца: беларускую мужчынскую зборную па веславанні на байдарках і каноэ таксама не дапусцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе па нейкіх надуманых прычынах, і яны таксама судзяцца. Але ў такіх судовых справах вельмі цяжка даказаць сваю невінаватасць. Таму, калі мяне абвінавацілі ва ўжыванні допінгу другі раз, не было ўжо ні сіл змагацца, ні фінансаў. Я вырашыў, што адзіны спосаб даказаць сваю невінаватасць – нават у такім узросце выйсці ў сектар на спартыўнай арэне і выйграць медаль.

– Колькі грошай вы заплацілі, каб выйграць справу ў Міжнародным спартыўным арбітражным судзе? Кажуць, што каля 200 тысяч долараў…

– Скажам так: сума проста велізарная! Але не хачу лішні раз пра гэта ўзгадваць. Грошы заўсёды прыцягваюць увагу, а розныя людзі па-рознаму ўспрымаюць такую інфармацыю. Дзякуй Богу, знайшліся тыя, хто дапамог.

– На форумах розных інтэрнэт-рэсурсаў ёсць і такія меркаванні: маўляў, медалі Ціхану і Дзевятоўскаму вярнулі, але дыму без агню ўсё роўна не бывае…

– Я не з’яўляюся актыўным карыстальнікам інтэрнэту. Але кожны мае права на сваё меркаванне. Ды і навошта мне камусьці нешта даказваць, калі кожны ўсё роўна застанецца пры сваім? Тое, што мне было патрэбна, я даказаў на Алімпіядзе ў Бразіліі.

– Вам нецікава весці дыялог у сацыяльных сетках з вашымі прыхільнікамі альбо апанентамі?

– Я вяду дыялог іншым метадам. Хтосьці размаўляе словамі, я – справамі.

– Ці плануеце вы і далей выступаць у вялікім спорце?

– Так. Зараз я актыўна трэніруюся, летам збіраюся браць удзел у чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Лондане.

– А як наконт магчымасці замахнуцца ў 44-гадовым узросце на Алімпіяду-2020?

– Я так далёка не загадваю. Заўтрашні дзень пакажа, куды мне трэба рухацца. Калі вынікі будуць прыстойныя, то, безумоўна, вазьму ўдзел і ў Гульнях у Токіа. Чаму б і не?

– Не думалі, чым будзеце займацца, калі пакінеце вялікі спорт? Трэнерская работа, бізнес?

– А я ўжо зараз паралельна з уласнымі трэніроўкамі яшчэ і трэнірую. На маё разуменне, чалавек, які пражыў у спорце 25 гадоў, заўсёды застанецца пры спорце. Нешта кардынальна змяніць у сваім жыцці складана.

– Як вы ставіцеся да таго, што некаторыя спартсмены пасля заканчэння спартыўнай кар’еры ідуць у дэпутаты, як гэта зрабілі, напрыклад, Вадзім Дзевятоўскі, Аляксандр Багдановіч?

– А што дрэннага ў тым, што выбаршчыкі прагаласавалі за тыя праграмы, якія прадставілі гэтыя людзі? У парламенце ж вырашаюцца пытанні ў тым ліку і спартыўнай сферы, таму прафесіяналы-заканадаўцы не пашкодзяць.

– Ці падтрымалі б вы ініцыятыву, каб на заканадаўчым узроўні зрабіць у краіне барацьбу з допінгам больш жорсткай?

– Безумоўна! Супраць допінгу змагаецца ўвесь свет, таму, на мой погляд, кожны нармальны спартсмен таксама за больш жорсткія меры ў гэтым накірунку. Допінг – гэта зло!

– Яшчэ раз віншую вас з чарговай перамогай! І новых вышынь!

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным