Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

1:38 26 мая 2017
3
Памер шрыфта

Жылі-былі трое сяброў

Чэрвень 1939 года. Невялікі гарадок, які паводле ўмоў Рыжскага дагавора знаходзіцца пад панаваннем Польшчы, жыве правінцыяльнымі клопатамі. Дзейнічаюць лесаперапрацоўчы завод, чыгуначная станцыя, мэблевая фабрыка, турма, пабудаваная яшчэ пры царскай уладзе, управа польскай памежнай варты і польская памежная часць, даволі вялікая бальніца, гімназія… Як і ўсюды, лаўкі, невялікія майстэрні, шынкі. Жыхары займаюцца лесасплавам, рыбалоўствам, бо гарадок знаходзіцца на беразе хуткацечнай ракі.

Тры сябрукі – Аляксандр Завацкі, Казімір Вайцяхоўскі і Мікалай Грышкевіч – закончылі гімназію і робяць першыя крокі па здзяйсненні сваіх мар. Аляксандр вучыцца на інжынера, Казімір хоча стаць ваенным, а Мікалай – машыністам цягніка.

Бацька Завацкага працуе на лесапільным заводзе станочнікам, маці – хатняя гаспадыня, ёсць малодшая сястра Ганна. Трымаюць дзве каровы, свіней, розную птушку. Жывуць у сваім доме на ўскрайку горада. Саша мае здольнасці да тэхнікі. Змайстраваў нямала розных прылад для гаспадаркі.

У горадзе добрую славу мела сям’я Казіміра Вайцяхоўскага: бацька  – ваенны начальнік пагранічнай управы, маці – выкладчыца польскай літаратуры і мовы ў гімназіі. Ёсць малодшая сястра Крысціна, якая вельмі падабаецца сябру Казіміра – Аляксандру. Жывуць у вялікай кватэры.

Радаваўся жыццю і Мікалай Грышкевіч: бацька – абходчык на чыгунцы, маці працуе ў швейнай майстэрні, ёсць малодшы брат Петрык. Жывуць у сваім доме.

Летам таго ж года Аляксандр паступіў у тэхнічны каледж, Казімір – у ваеннае вучылішча ў Варшаве. Мікалай уладкаваўся працаваць памочнікам машыніста на чыгунцы.

 

Грымнула вайна…

Але вось 1 верасня пачалася сусветная вайна. Казіміра адпраўляюць з вучылішча дадому як юнака, які па стане здароўя не можа браць удзел у баявых дзеяннях.

Неўзабаве ў горадзе з’яўляюцца войскі Чырвонай арміі, і Заходняя Беларусь вяртаецца ў склад СССР. Польская пагранічная варта атрымлівае загад не аказваць супраціўлення Чырвонай арміі. У памяшканні ўправы пагранічнай варты размяшчаецца ўправа НКУС СССР. Турму закрываюць.

Бацьку Казіміра арыштоўваюць, і доўгі час яго лёс невядомы. Сям’ю высяляюць у невялікі дом. У кватэры Вайцяхоўскіх селіцца сам начальнік  управы НКУС. Марылю звальняюць з работы, бо польская мова цяпер не патрэбна. Казімір ідзе працаваць на лесапільны завод рабочым. Тэхнічны каледж, дзе вучыўся Аляксандр, часова закрылі, і Саша таксама пайшоў уладкоўвацца на лесапільны завод.

Неўзабаве ў адчыненую турму ўжо пад наглядам НКУС завозяць вязняў з Расіі. Прысылаюць з усходу і ахоўнікаў. Адзін з іх таемна распавядае Марылі Вайцяхоўскай, што яе мужа Тадэвуша расстралялі пад Смаленскам. Для ўсёй сям’і гэта навіна становіцца трагедыяй. Казімір вельмі любіў і паважаў бацьку. Ён быў галоўным аўтарытэтам для яго. Перад арыштам Тадэвуш даў сыну свой пісталет, каб ён схаваў яго, што Казік і зрабіў.

Падчас сустрэчы з сябрамі Казімір расказвае ім аб намеры забіць начальніка НКУС. Гэты чалавек, паводле меркавання хлопца, найбольш вінаваты ў горы яго сям’і. Ён арыштаваў бацьку, высяліў Вайцяхоўскіх з кватэры, дзе цяпер жыве сам, карыстаецца многімі іх рэчамі. Сябрук Мікалай падтрымлівае яго, а асцярожны Аляксандр хоча адгаварыць Казіміра ад гэтага небяспечнага кроку. Аднак Казімір вырашае здзейсніць замах.

У адзін з дзён ён чакае начальніка ўправы НКУС ля свайго былога дома. Як толькі той з’яўляецца, Казімір страляе ў яго і цяжка раніць. Збегчы не ўдалося. Ахова затрымлівае юнака. На допытах Казімір мусіць прызнацца, што аб яго намерах ведалі сябры Аляксандр і Мікалай. Іх таксама арыштоўваюць. На судзе Казіміра прыгаворваюць да смяротнага пакарання, а Мікалаю і Аляксандру даюць па 15 гадоў турмы. Марылю і Крысціну Вайцяхоўскіх адпраўляюць у ссылку на ўсход. Бацькі Аляксандра і Мікалая падсоўваюць хабар начальніку турмы, і Сашу з Колем пакідаюць адбываць пакаранне на гаспадарчых работах у Вілейскай турме.

Пацягнуліся доўгія дні зняволення. 22 червеня 1941 года Германія нападае на СССР. Пачынаецца эвакуацыя вязняў турмы на ўсход. У першы канвой трапляюць Мікалай і Аляксандр. Праз нейкі час яны аказваюцца ў лагеры на Урале. Другі канвой вязняў турмы адышоў ад горада толькі 12 кіламетраў, як іх дагналі работнікі НКУС і давялі ахоўнікам загад аб расстрэле вязняў у сувязі з вельмі хуткім наступленнем немцаў. Што і было зроблена. Павінен быў быць і трэці канвой, але вязняў, што засталіся, расстралялі ў падвале турмы. Прычым трупы былі абезгалоўлены, целы закапаны на тэрыторыі турмы, а галовы –  на гарадскіх могілках.

1942 год. Сталін і Чэрчыль дамовіліся аб фарміраванні Арміі Краёвай, якая ўвайшла ў склад брытанскай арміі Андэрса і была накіравана ў Паўночную Афрыку. Мікалай і Аляксандр трапляюць у польскія злучэнні і праз Афганістан, Іран, Сірыю дабіраюцца да Егіпта, дзе ўліваюцца ў склад англійскіх войск.

1943 год, ліпень. Станіслаў Грышкевіч, бацька Мікалая, працуе на чыгунцы. У яго абавязкі ўваходзіць абход пуцей з пагрозай, што калі ён не заўважыць падкладзеную партызанамі міну і цягнік узарвецца, то для яго гэта будзе немінучая смерць. У сувязі з вялікай колькасцю партызан у навакольных лясах абход Станіслаў звычайна рабіў з двума немцамі з палявой жандармерыі. Падчас аднаго з чарговых абходаў Станіслаў убачыў дрэнна замаскіраваную міну. Ён падазваў немцаў. Калі адзін з іх падышоў, адбыўся выбух. Партызаны, бачачы з бліжэйшага кустоўя, што міну знайшлі, вырашылі яе падарваць. У выніку выбуху Станіслаў і немец загінулі. Партызаны зніклі.

Вясна 1945 года. Мікалай і Аляксандр мужна ваююць з фашыстамі ў Паўночнай Італіі ў складзе англійскай арміі. Узнагароджаны медалямі. На жаль, Аляксандр ужо напрыканцы вайны быў цяжка паранены, і яго адправілі лячыцца ў шпіталь.

Вайна заканчваецца. Саша піша ліст дадому, што жывы, паранены і прыедзе пазней. Мікалай развітваецца з сябрам і накіроўваецца на радзіму. Як толькі ён з’явіўся ў родным горадзе, яго арыштоўваюць і зноў адпраўляюць у лагер. Такія людзі не патрэбны таталітарнаму рэжыму. Яны вельмі доўга былі на Захадзе, многае там убачылі. Пазней у бойцы з крымінальным элементам Мікалай гібне.

Бацька Аляксандра Міхаіл Завацкі, атрымаўшы ліст ад сына і ведаючы, што з ім будзе, паведамляе яму пра лёс Мікалая. Саша прыпыняе ўсялякую сувязь з радзімай і просіць начальніка шпіталя адправіць паштоўку на радзіму аб яго смерці.

З Афрыкі – у Лондан

Між тым Саша ў шпіталі знаёміцца с дзяўчынай Джэйн з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, на той час дамініёна Брытаніі. Яна таксама ваявала ў складзе англійскай арміі (медыкам) і была паранена. Паміж імі ўзнікаюць пачуцці, і ў далейшым яны заключаюць шлюб. Пасля выздараўлення маладая сям’я едзе жыць у Англію, у Лондан. Джэйн ідзе працаваць у бальніцу, а Аляксандр пасля дасканалага вывучэння англійскай мовы паступае ва ўніверсітэт і вучыцца на інжынера.

Між тым працягваецца жыццё і ў невялічкім гарадку, у якім нарадзіўся Саша. Яго сястра Ганна атрымлівае дыплом і становіцца выкладчыкам нямецкай мовы ў школе. Брат Мікалая Грышкевіча, Пятро, працуе на мэблевай фабрыцы столярам. Далей вучыцца Петрык не змог, бо бацька ў час вайны працаваў пад кіраўніцтвам немцаў, а брат – “вораг народа”. Пятро і Ганна пакахалі адзін аднаго і стварылі сям’ю. У іх нарадзіліся два сыны, і іх назвалі Аляксандрам і Мікалаем. Яны пазней вывучыліся на інжынераў і працавалі на заводзе.

1984 год. Аляксандр уважліва сочыць за візітам Міхаіла Гарбачова ў Брытанію. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчар вельмі добра гаворыць аб кіраўніку СССР, верыць, што ў СССР ідзе дэмакратызацыя ўлады і грамадства.

Аляксандр піша першы за амаль 40 гадоў ліст на Радзіму. Завязваецца перапіска з сястрой Ганнай (бацькі і Пятро ўжо памерлі). Неўзабаве ён запрашае Ганну з пляменнікам пагасціць у яго ў Лондане.

1986 год. Ганна з сынам Сашам адпраўляюцца на цягніку ў Англію. Перад ад’ездам яны атрымалі жорсткі інструктаж з боку КДБ. Асабліва не сустракацца з журналістамі і не гаварыць нічога кепскага пра СССР. Так здарылася, што, ужо знаходзячыся на тэрыторыі адной з замежных краін, Ганна адбіла тэлеграму брату, але пераблытала дату, а таму, калі цягнік прыбыў у Лондан, на вакзале іх ніхто не сустрэў.

Ганне стала дрэнна, яна заплакала. Ні яна, ні сын не ведалі англійскай мовы і не маглі з кім-небудзь завесці гаворку. Гэта прыцягнула ўвагу навакольных. Знайшлі чалавека, які  ведаў рускую мову. Ганна сказала, што прыехала на сустрэчу з братам, якого не бачыла 45 гадоў. Хутка дазваніліся да Аляксандра, і ён неўзабаве аказаўся на вакзале. Адбылася вельмі цёплая сустрэча. Незнаёмыя людзі пляскалі ў далоні.

Аляксандр быў ужо на пенсіі, жыў з жонкай Джэйн у прыгарадзе Лондана. Апошнія 12 гадоў перад пенсіяй ён працаваў начальнікам упраўлення падземных камунікацый графства.

Пляменнік Саша яшчэ аднойчы прыязджаў да дзядзькі ў госці. На жаль, праз некаторы час Аляксандр Завацкі памёр ад цяжкай хваробы, так і не наважыўшыся наведаць радзіму.

P.S. Па пэўных прычынах прозвішчы некаторых герояў публікацыі зменены.

Аўтар: Уладзімір АЛЬФЕР 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў