Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У эпілогу да сваёй знакамітай паэмы “Пан Тадэвуш” вялікі ўраджэнец Навагрудскай зямлі Адам Міцкевіч, знаходзячыся ў эміграцыі ў няблізкім Парыжы, пісаў:
1:59 10 лiпеня 2015
33
Памер шрыфта

О, дачакацца мне б такой уцехі,

Каб кнігі гэтыя прыйшлі 

пад стрэхі..

Каб кнігі простыя мае, як гукі

Іх песняў, узялі сялянкі ў рукі!

Прайшло недзе 180 гадоў з моманту напісання гэтых радкоў і больш за 60 гадоў, як іх пераклаў на нашу родную мову вязень сталінскага ГУЛАГа праваслаўны святар, педагог і паэт Пятро Бітэль, а мара вялікага Міцкевіча робіцца ўсё больш далёкай ад здзяйснення…

Зразумела, у далёкія часы ажыццявіцца гэтай мары перашкаджалі “ідэалагічныя работнікі” расійскага цара, пра-званага ў народзе “Мікалаем Палкіным”, а потым “рыцары бацькі народаў” з ведамства “жалезнага Фелікса” (пераклад Бітэля ўпершыню цалкам удалося надрукаваць Беларускаму фонду культуры ў 1998 г.). Цяпер у нас на дварэ 2015 год, і новы “бацька народа”, прыклаўшы да сэрца руку, чарговы раз не стамляецца запэўніваць гэты самы народ, як ён яго любіць і як ён пра яго дбае…

Пару тыдняў таму беларускія незалежныя выдаўцы Зміцер Колас і Уладзімір Сіўчыкаў, якія маюць дзяржаўны дазвол на выпуск і распаўсюджванне мастацкай і даведачнай літаратуры, вырашылі наведаць радзіму Адама Міцкевіча – Навагрудскі раён, каб прэзентаваць ім навінкі, выдадзеныя ў сваіх (і сяброўскіх ім) выдавецтвах. Чаму была выбрана Навагрудчына? Адказ вельмі просты. Будучы раней у Гродзенскай вобласці, яны нечакана для сябе даведаліся, што росквіт культуры ў гэтым рэгіёне дасягнуў небывалых дагэтуль “вышыняў” і ў гістарычнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага на сёння не засталося ніводнай (!!!) паўнавартаснай кнігарні.

Педагог і кінарэжысёр Уладзімір Колас горача падтрымаў ідэю выдаўцоў (бо сярод іншага хацеў зрабіць відэаматэрыял па праблемах сучаснага беларускага кнігавыдання), звязаўся са знаёмай сям’ёй настаўнікаў з Навагрудка і папрасіў дапамагчы з арганізацыяй такіх сустрэч. Сям’я (ён – былы дырэктар адной з навагрудскіх школ, яна – настаўніца англійскай мовы) хутка дамовіліся са сваімі знаёмымі з адной з навакольных вёсак на сустрэчу-прэзентацыю ў адным з вясковых клубаў і з дырэкцыяй гарадскога музея Адама Міцкевіча, бо разынкай запланаваных сустрэч павінна было стаць якраз толькі што ажыццёўленае другое выданне бітэлеўскага перакладу Адама Міцкевіча, некалькі экзэмпляраў якога планавалася перадаць у дар гэтаму самаму музею. Акрамя таго, выдаўцы меліся прывезці з сабою нямала іншай беларускамоўнай літаратуры. Аўтара гэтых радкоў арганізатары меркаванай паездкі, тэхнічную падтрымку якой ажыццяўляла грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, запрасілі ў якасці лінгвіста і літаратуразнаўцы, каб я мог больш падрабязна расказаць чытачам пра прывезеныя выдаўцамі кнігі і іх аўтараў. Вядомы творца, бард Зміцер Бартосік далучыўся да нашай суполкі, каб прэзентацыйныя сустрэчы мелі і мастацкую частку (ён падрыхтаваў цэлую нізку песень на словы расійскіх паэтаў-класікаў у перакладзе Рыгора Барадуліна).

Запланаваныя мерапрыемствы ну ніякім бокам не закраналі якіх-небудзь палітычных праблем і не прадугледжвалі ніякіх дыскусій на грамадска-палітычныя тэмы. Але іх арганізатарам было паведамлена, што на іх правядзенне патрэбна згода мясцовых улад – гэта значыць “ідэалагічнай вертыкалі”. Напачатку навагрудскія настаўнікі былі абсалютна спакойныя: ну як можна знайсці зачэпку, каб забараніць літаратурныя сустрэчы-прэзентацыі? Але напярэдадні нашага выезду ў Навагрудскі раён той самай сям’і настаўнікаў паведамілі, не назваўшы ўцямных прычын, пра немагчымасць правядзення сустрэчы ў сельскім клубе. Калі ж наш мікрааўтобус ужо скіраваўся ў бок Навагрудка, яны са скрухай паведамілі нам па тэлефоне, што сустрэча ў музеі Адама Міцкевіча таксама не можа адбыцца. У сваім памкненні дагадзіць вышэйшаму начальству навагрудскія “вертыкальшчыкі” парушылі ўсе магчымыя і немагчымыя законы логікі і проста чалавечай прыстойнасці. У вызначаны час тыя чытачы, якіх настаўніцкая сям’я не здолела своечасова папярэдзіць пра “мудрае” рашэнне навагрудскіх уладатрымальнікаў, сабраліся каля будынка музея, але іх там ужо не чакалі…

А выдаўцам і пісьменнікам давялося скарыстацца гасціннасцю той самай настаўніцкай сям’і, якая паспела запрасіць паўтара дзясятка гасцей у свой утульны дом на ўскрайку горада. Там і адбылася шчырая размова пра літаратуру і пра тое, як “русский мир” канчаткова пасяліўся ў галовах тых, хто думае катэгорыяй “как бы чего не вышло” (прыгадваліся неўміручыя творы Салтыкова-Шчадрына і Булгакава).

Лявон Баршчэўскі.

P.S. Першай відавочнай прычынай, з якой трэба было б звольніць з працы ўсю ідэалагічную вертыкаль Навагрудка, павінен быў бы стаць факт адсутнасці кнігарняў у раённым цэнтры з такой багатай гісторыяй. Пра другую прычыну казаць нават не буду, бо тады мой непалітычны аповед перастане быць такім.

Я, вядома, хацеў бы ў бліжэйшыя дні даведацца пра тое, што адпаведныя чыноўнікі звольнены, але баюся, што яны атрымаюць нават заахвочванне: калі ўлада сама не чытае кніжак па-беларуску (хай яна мяне абвергне!), чаму яна павінна дазваляць рабіць гэта іншым?

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа