Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:52 16 снежня 2016
21
Памер шрыфта

Днямі пасля цяжкай хваробы на 89-м годзе жыцця памерла Вера Васільеўна Шкірманкова – жонка ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага дзеяча, сябра Партыі БНФ Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова. Шэсцьдзясят сем гадоў яны пражылі разам.

 

Вось як Фелікс Уладзіміравіч распавядаў пра сваю сустрэчу з Верай Васільеўнай у інтэрв’ю газеце “Народная Воля” ў 2010 годзе напярэдадні свайго 85-гадовага юбілею:

“Лёс падарыў мне тады сустрэчу з маім першым і адзіным на ўсё жыццё каханнем – маёй палавінкай і будучай жонкай Верай Васільеўнай – у маі 1946 года.

Было так… Праўда, я і цяпер толкам расказаць не здолею, хоць адчуваю ўсё, як тады. Да варот нашай часці – яна стаяла тады пад Кіевам – падкаціў нейкі грузавік. Разгрузіўся, а ў кузаве засталіся дзве незнаёмыя дзяўчыны. Я зірнуў на адну – толькі на імгненне. І мяне нібы маланка ўдарыла! Сэрца некуды пакацілася, уваччу ўсё паплыло, я стаяў анямелы і аслупянелы. І не разгледзеў яе, а адчуў нешта небывалае, бо ніколі раней не сустракаўся з дзяўчатамі. Не ведаў, як гэта бывае, якім словам і назваць тое, што рабілася са мною… Машына ад’ехала, а я не мог уцяміць, што рабіць, як быць. Быў у адчаі, што згубіў свой лёс. Але аднойчы… сустрэў яе на вечарынцы ў будынку непадалёк ад нашай часці і пазнаў адразу: яна! Болей мы не разлучаліся.

Не мог паверыць у сваё шчасце: закахацца з першага погляду ў тую, якую нават адразу не пабачыў толкам. Яна ж аказалася такая чароўная, зграбная, вясёлая, палётная, як птушка. Праз тры гады пабраліся шлюбам, і ўжо 62 гады – рука з рукой, душа з душой – праляцелі імгненна. Сына і дачку на радасць сабе і людзям выгадавалі, прычакалі чатырох унукаў і чатырох праўнукаў. Апошні толькі-толькі на свет з’явіўся – бы дарунак мне да юбілею. Зычу маім дарагім нашчадкам усім зведаць, зберагчы і пранесці праз жыццё сваё каханне, вечна дзякаваць за яго лёсу. Аб гэтым я ўнучцы Алёне, віншуючы яе з вяселлем, у вершы напісаў. Скажаце, такое бывае хіба толькі ў раманах. А здарылася са мной і доўжыцца дагэтуль”.

У іншым інтэрв’ю Фелікс Уладзіміравіч згадваў:

“Вера працавала разам са мной у адной партыі (геолага-разведвальнай. – Рэд.) – асвоіла, і вельмі грунтоўна, прафесію картографа. Дома – камандзір, а на службе – падначаленая… Тут і на пенсію выйшла. А застаецца ўсё такой жа маладой, няўрымслівай, якой я яе ўбачыў калісьці і зараз бачу. Некалькі год таму, канчаткова сышоўшыся ў тым, што толькі Боская сіла магла адарыць нас такім шчасцем, і параіўшыся са святаром, мы прынялі адказнае рашэнне і ў прысутнасці мноства родных і сяброў павянчаліся ў царкве перад святымі абразамі…”

Разам з роднымі і суседзямі аддаць даніну памяці Веры Васільеўне і праводзіць яе ў апошні шлях прыехалі паплечнікі Фелікса Уладзіміравіча з Партыі БНФ, старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Яцкоў, сябры ГА “БАЖ” Магілёўскай вобласці, журналісты крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад”.

Усе прысутныя на цырымоніі развітання выказвалі спадзяванне, што Фелікс Уладзіміравіч здолее вытрымаць цяжкі ўдар і працягне сваю дзейнасць на карысць роднай Беларусі.

Пахавалі Веру Васільеўну Шкірманкову на гарадскіх могілках у Слаўгарадзе.

На здымку: Вера Васільеўна і Фелікс Уладзіміравіч Шкірманковы пасля вянчання – 2014 год.

***

“Народная Воля” выказвае Феліксу Уладзіміравічу Шкірманкову і яго блізкім свае спачуванні.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".