Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 13 студзеня 2017
21
Памер шрыфта

Карэспандэнт “Народнай Волі” паспрабаваў падлічыць грашовыя выдаткі на арганізацыю чарговага аматарскага Каляднага хакейнага турніру на прыз прэзідэнта Беларусі.

Мінск сабраў ветэранаў хакея ў 13-ы раз. Пры гэтым у дзевяці турнірах з дванаццаці першае месца займала беларуская каманда, за якую гуляе Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, гэтым разам у склад аматарскай зборнай Беларусі заяўлена пяць прафесіянальных хакеістаў, якія гуляюць у клубах экстралігі. Адзін з іх – канадзец Даніэл Корса – два гады таму атрымаў беларускае грамадзянства, а зараз выступае за мінскае “Юнацтва” і займае другое месца ў спісе бамбардзіраў чэмпіянату краіны.

Турнір праходзіць з 4 па 7 студзеня, у ім бяруць удзел каманды Беларусі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Швейцарыі, Балканаў, Расіі, Германіі, Фінляндыі і Славакіі.

“Мяркуючы па навінах на БТ, галоўная падзея 4 студзеня – гэта прэзідэнцкі хакейны турнір і матч беларусаў з арабамі, у якім галоўны хакеіст краіны закінуў шайбу і зрабіў тры перадачы, – выказаў у сацыяльных сетках сваё стаўленне да мерапрыемства лідар АГП Анатоль Лябедзька. – Так і хочацца запытацца: а за чый кошт банкет? Зрэшты, адказ відавочны. За кошт даяркі з Докшыцкага раёна, якая атрымлівае на рукі заробак 62 рублі, за кошт індывідуальнага прадпрымальніка, які прадае ў дзень адну адзінку тавару, за кошт “дармаеда”, які атрымаў “ліст шчасця”, за кошт урача “хуткай”, якому рэкамендавана больш за адзін укол не траціць на пацыента…”

Метафарычнасць Лябедзькі вядома, але ж узнікае пытанне: хто на самай справе аплачвае выдаткі на гэтае спартыўнае шоу?

Паводле інфармацыі, якую мае “Народная Воля”, каб правесці хакейны матч, скажам, на “Мінск-Арэне”, клубу трэба заплаціць каля 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (каля 15 тысяч долараў).

“Напрыклад, паміж “Мінск-Арэнай” і хакейным клубам “Дынама-Мінск” у нас ёсць дамова аб аказанні паслуг, – распавялі мне інфармаваныя людзі. – Сюды ўключаецца прадастаўленне лядовай пляцоўкі, пэўных памяшканняў… Пасля кожнага матча падпісваецца акт аб выкананых паслугах”.

Усяго падчас Каляднага турніру каманды правядуць 14 матчаў. Калі б арганізатары аплачвалі на “Чыжоўка-Арэне” арэнду па стаўках “Мінск-Арэны”, то за ўвесь турнір ім давялося б выкласці каля 210 тысяч долараў. Але, як аказваецца, у нашым выпадку ў першую чаргу нясе страты сам лядовы палац. Нават калі арэнда “Чыжоўка-Арэны” танней працэнтаў на 30, то ўсё роўна тысяч 140 “зялёных” трэба выкласці.

Але тут, як кажуць, гульня ідзе не ў адны вароты.

“Для правядзення матчаў турніру арэна адыходзіць пад бязвыплатную арэнду, – на ўмовах ананімнасці патлумачыў мне адказны супрацоўнік “Чыжоўка-Арэны”. – З гэтай нагоды, калі не памыляюся, выдадзены нават адпаведны дакумент. Але ёсць некаторыя нашы выдаткі, якія дзеляць паміж сабой чатыры арганізатары турніру. Як правіла, яны вызначаюць аднаго плацельшчыка, які затым і плаціць. Праўда, канчатковыя разлікі будуць зроблены толькі пасля заканчэння турніру”.

У ліку арганізатараў спаборніцтваў традыцыйна значацца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Федэрацыя хакея Беларусі і Мінгарвыканкам. Сярод асноўных спонсарскіх партнёраў – “Беларусбанк”, “Беларуськалій”…

Як нам стала вядома, дабіраліся каманды ў Мінск за свой кошт. Акрамя беларускай каманды ў турніры бяруць удзел сем зборных – Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Швейцарыі, Балканаў, Расіі, Германіі, Фінляндыі і Славакіі.

А вось выдаткі на пражыванне і харчаванне гарантаваў прымаючы бок. Усе каманды размясціліся ў гасцініцы “Беларусь”. Аднамесны нумар тут каштуе ў суткі 144 рублі, двухмесны – 164 рублі (у пераразліку – прыкладна 70–80 долараў). Калі ўлічваць, што ў кожнай камандзе ў сярэднім па 25 чалавек, то без уліку зборнай-гаспадыні трэба аплаціць пражыванне не менш як 175 чалавек. За чацвёра сутак (як мінімум) – 12.250–14.000 долараў. І ў дадатак – харчаванне ў тым жа гатэлі. Але гэта толькі некаторыя нашы лічбы, якія могуць не супадаць з рэальнымі. Мы не ўлічваем розныя экскурсіі, транспартныя выдаткі… Якую суму патрацілі на самай справе?

“У кожнага арганізатара свае функцыі, але мы адказваем за друкаваную і сувенірную прадукцыю для ўзнагароджвання, – распавядае мне супрацоўнік Прэзідэнцкага спартыўнага клуба Аляксандр Кулеш. – А вось грашовага ўзнагароджання для ўдзельнікаў не прадугледжана. Што датычыцца агульных выдаткаў на турнір, то такое пытанне мы нават не вывучаем. Мы ж грамадская арганізацыя”.

“Мы забяспечваем узаемадзеянне з камандамі, судзейства і гэтак далей, – дадаў генеральны сакратар Федэрацыі хакея Беларусі Яраслаў Заўгародні. – Часткова выдаткі леглі на нашы плечы, але лічбаў няма”.

Калі ў Міністэрстве спорту і турызму пачулі пытанне пра тое, колькі ж каштуе прэзідэнцкі хакейны турнір, адказалі загадкава: “У мінулыя гады журналісты шукалі гэтыя лічбы – не знайшлі. Жадаем поспехаў у гэтым годзе!”

Асобная размова пра тое, хто прыходзіць паглядзець такія матчы.

“Запоўненыя трыбуны “Чыжоўка-Арэны” падчас Каляднага турніру сведчаць пра папулярнасць хакея ў Беларусі”, – цытавалі дзяржаўныя інфармагенцтвы нападаючага зборнай ОАЭ Амара аль-Шамісі.

“Запоўненыя трыбуны арэны сведчаць пра тое, што іх пераважна штучным чынам запоўнілі”, – патлумачыў бы я сутнасць “папулярнасці хакея” арабскаму нападаючаму. І гэта ўжо ў краіне ні для каго не сакрэт, калі выкладчыкаў у добраахвотна-прымусовым парадку гоняць разам са школьнікамі (у такім жа парадку) паглядзець на ветэранаў хакея. Зрэшты, гэта тэма для асобнай размовы.

А што тычыцца покрыва таямніцы вакол выдаткаў на турнір, то прадстаўнікі СМІ з гэтым сутыкаюцца штогод. Можа быць дзяржаўным чыноўнікам сорамна распавядаць пра такія балі ў той час, калі людзей просяць “зацягнуць паясы”, калі ў краіне крызіс.

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.