Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

 (З Паслання да Раства Хрыстовага Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі)
6:00 13 студзеня 2017
26
Памер шрыфта

Сардэчна, са светлай радасцю вітаю вас і віншую з найвялікшай выратавальнай падзеяй: прышэсцем у свет Сонца Праўды – Хрыста, Бога нашага.

Гасподзь запаведаў нам любіць адзін аднаго, захоўваць адзінства царкоўнае, несці людзям мір Хрыстовы і дабро, быць лагоднымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым. «Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі любоў будзеце мець паміж сабою» (Ін. 13, 35), – кажа нам Гасподзь і Збаўца наш Ісус Хрыстос. Далучаючыся да гэтай уседасканалай Божай любові, мы здабываем непераможную зброю «супраць злых духаў паднябесных» (Эф. 6, 12), здабываем магчымасць паспяхова супрацьстаяць усім выклікам часу. Якія б спакусы і выпрабаванні ні спасцігалі нас у гэтым жыцці, словы Госпада: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мт. 28, 20) усяляюць у нас надзею, што Ён не пакідае нас сёння і не пакіне ў будучы час.

Закон любові, завешчаны нам Збаўцам, ляжыць у аснове сапраўднага «адзінства духу» (Эф. 4, 3). Гэты закон – аснова грамадскага жыцця і салідарнасці, супольнай стваральнай працы і супрацоўніцтва на славу Божую і на радасць тым, хто перажывае розныя беды і няшчасці, хто цярпіць нягоды і мае патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. Але сапраўднае яднанне народа не можа абмяжоўвацца толькі часам выпрабаванняў, яно павінна стаць неад’емнай часткай нашай хрысціянскай самасвядомасці і сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Праасвяшчэнныя архіпастыры, дарагія айцы, браты і сёстры! Мінулы год быў няпросты для многіх з нас, але, міласцю Божай, ён прынёс нам і нямала духоўнай радасці. Ён быў адзначаны шматлікімі важнымі падзеямі ў жыцці нашай Царквы. У мінулым годзе ва ўсіх епархіях архіерэі з клірам, браціяй і паствай займаліся вырашэннем надзённых пытанняў царкоўнага жыцця: добраўпарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканы стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі, з уключэннем у іх самай актыўнай сілы грамадства – моладзі; шмат увагі надавалася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў Праваслаўнай Царквы.

У 2016 годзе Беларуская Праваслаўная Царква і Дзяржава працягнулі супольную працу ў галіне аховы і захавання гісторыка-культурнай спадчыны. Асаблівая ўвага надаецца захаванню традыцыйных каштоўнасцяў беларускага народа, духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення і прафілактыцы негатыўных з’яў і іх наступстваў у грамадстве. У аснову культуры і дзяржаўнасці Беларусі закладзены хрысціянскія каштоўнасці, якія з’яўляюцца самым верным арыенцірам не толькі ў жыцці хрысціяніна, але і асобнага чалавека. Дзяржава сёння падтрымлівае Царкву ў яе патрыятычных ініцыятывах і пропаведзі набожнага ладу жыцця.

Святая Праваслаўная Царква заклікае кожнага з нас старанна працаваць над ачышчэннем і праабражэннем сваёй душы, бо духоўная перамена самога сябе – залог і аснова для праабражэння ўсяго народа нашай Бацькаўшчыны.

Дарагія і ўзлюбленыя ў Госпадзе праасвяшчэнныя архіпастыры і пастыры, манахі і манахіні, браты і сёстры! Ад усяго сэрца з любоўю ў Хрысце зноў і зноў віншую ўсіх вас з вялікім святам Раства Хрыстовага і з Новым годам міласэрнасці Божай! Малітоўна жадаю вам добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычэрпнай благадатнай дапамогі Божай у вашых подзвігах і працы на славу Святой Царквы Хрыстовай, на карысць роднай Бацькаўшчыны і на карысць усіх нашых бліжніх! 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Овсяные отруби – 6 полезных свойств

Из овса делают самые разнообразные продукты, но особенно людям полюбились овсяные хлопья и отруби. Благодаря своим полезным свойствам отруби очищают организм, способствуют похудению, и это еще не весь

В Барановичах мужчина с гранатой пришел в дом бывшей сожительницы и стал требовать алкоголь

В городе 17 января произошло очередное громкое происшествие, вызванное злоупотреблением алкоголем.

Белорусские ученые создали опытное производство композитов для 3D-печати

Институт химии новых материалов Национальной академии наук (НАН) создал опытное производство композиционных материалов на основе термопластов белорусского производства, которые можно использовать для