Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Парадокс: узровень жыцця беларусаў падае, а электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, паводле дадзеных НІСЭПД, падрос за квартал з 34% да 39%. Ягоная перамога на прызначаных на 11 кастрычніка выбарах выглядае справай тэхнікі. Падобна на тое, што наша грамадства па вушы сядзіць у багне фаталізму. Не сказаць, што яно так ужо пляскае ў ладкі палітыцы нязменнага прэзідэнта, але многія не бачаць альтэрнатывы ды баяцца, што спроба перамен можа прывесці да вялікай крыві, як ва Украіне.
6:00 13 лiпеня 2015
11
Памер шрыфта

Тут можна, вядома, патаптацца па апазіцыі, якая не здолела абраць адзінага кандыдата і зноў ідзе ў кампанію некалькімі калонамі. Але пастаўлю пытанне іначай: а наколькі гатовы беларусы да свабоды, дэмакратыі, рэформаў? Да непазбежнай у гэтым выпадку рызыкі, пакутлівай ломкі звыклага ладу жыцця?

У снежні 1991 года незалежнасць, фармальная свабода ад Масквы звалілася на наша грамадства як снег на галаву. І што ж у выніку? На адносна дэмакратычных выбарах 1994 года большасць прагаласавала за чалавека, які паабяцаў вярнуць светлую мінуўшчыну ў духу СССР. Многім прыхільнікам саўгаснага дырэктара са Шклоўшчыны, пэўна ж, мроілася вяртанне кілбасы па 2,20.

Але вось цяпер з 1 ліпеня крамы перасталі прымаць 50-рублёўкі. За савецкім часам на такія грошы можна было жыць паўмесяца, цяпер гэта нікчэмная паперчына. Беларусь паказвае рэкорды абясцэньвання нацыянальнай валюты на постсавецкім абсягу. З 2009 года мы перажылі чатыры дэвальвацыі. Вось вам і стабільнасць, і кілбаса па 2,20. Нават з купюрай у 200. 000 пачуваешся ў гіпермаркеце жабраком.

На жаль, яшчэ малавата беларусаў разумеюць наўпроставую сувязь між заможнасцю і воляй. У свеце практычна няма прыкладаў (сінгапурскі цуд – спецыфічны выпадак), каб жорсткая аўтакратыя забяспечыла высокі дабрабыт. Затое самыя багатыя краіны планеты – гэта дэмакратыі.

Днямі я вярнуўся з Нарвегіі. Там сярэдні заробак – больш за 40 тысяч крон, гэта недзе пяць з паловай тысяч долараў (праўда, вялікія падаткі, і ўсё ж па нашых мерках яны там жывуць як у бога за пазухай). І ці выпадкова тая ж Нарвегія – стабільна на высокіх месцах у сусветных рэйтынгах правоў ды свабод, уключна са свабодай прэсы? Вы скажаце: дык у іх жа нафта! Але і Беларусь не адзін год была фактычна нафтавым афшорам – і дзе мы? Ну, забрукавалі райцэнтры пліткай, набудавалі лядовых палацаў. Але без разняволення эканомікі, людской ініцыятывы селі ў глыбокі галёш.

Нарвежцы шмат гадоў вялі барацьбу за свабоду – ад Даніі, Швецыі, за нацыянальную самабытнасць, за грамадзянскія правы. У выніку – і незалежнасць, і дэмакратыя, і багацце на зайздрасць нам. А ля каралеўскага палаца (манарх там намінальны) масава фатаграфуюцца турысты: іх не ганяюць, як у нас, ад адміністрацыйных будынкаў.

Сёння Лукашэнка ўпершыню за час свайго кіравання не мае рэсурсу падкарміць электарат. Заробкі замарожаны, а цэны тым часам паўзуць угару. Тым не меней пратэстных настрояў у грамадстве няма. Людзі сцяліся, бо прапаганда дзяўбе: рыпнецеся – будзе як ва Украіне. Там, маўляў, захацелі Еўропы – атрымалі разруху ды кроў.

Так, Расія не хоча адпускаць свае былыя тэрыторыі. Анексія Крыма, пажар на Данбасе – гэта помста імперыі за “рэвалюцыю годнасці”. Але наіўна думаць, што калі мы, беларусы, будзем сядзець як мыш пад мятлой, то імперыя нас пашкадуе, не кране.

Рэжым Лукашэнкі не мае палітычнай волі саскочыць з наркатычнай іголкі маскоўскіх субсідый. Заўтра Крэмль, які надоўга ўвайшоў у клінч з Захадам, можа размясціць у нас сваю авіябазу, паслязаўтра – стратэгічныя бамбавікі з ядзернай зброяй, “Іскандэры”. Мы зноў станем дэ-факта Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругай.

А паралельна Масква неўпрыкмет скупіць краіну. Не абавязкова нават ладзіць класічны аншлюс. Цалкам возьмуць пад каўпак, прыбраўшы да рук актывы, пасадзіўшы тут у крэсла стопрацэнтную марыянетку ды пакінуўшы туземцам цацанкі псеўдасуверэнітэту ў выглядзе герба і сцяга а-ля БССР. І калі хочаце пабачыць будучыню Беларусі пры такім сцэнарыі – зрабіце экскурсію хаця б на суседнюю Пскоўшчыну, дзе палеткі даўно зараслі пустазеллем, а дарогі разбіты ўшчэнт.

А для кантрасту з’ездзіце ў Польшчу. На пачатку 1990-х палякі скуплялі ў нас любы тавар, сёння беларусы адцягваюцца там на шопінгу: больш танна, больш якасна. Палякі прайшлі праз шокавую тэрапію, адпакутавалі, але стварылі дынамічную эканоміку, якая расце нават на тле навакольных крызісаў. З 1989 года іх ВУП на душу насельніцтва падняўся ўдвая з гакам.

І справа не толькі ў тым, што знайшоўся такі круты рэфарматар Бальцаровіч. У Беларусі, калі будзе запыт, знойдуцца не горшыя Бальцаровічы. Палякі ж былі гатовы ператрываць ломку, дыскамфорт дзеля лепшага жыцця, росквіту краіны, за волю якой яны біліся стагоддзямі. На кожным кроку ў Варшаве бачыш мемарыяльныя шыльды ў гонар змагароў – супраць расійскага царызму, нацызму ды іншых навал. Народ адваяваў сабе еўрапейскую перспектыву.

Сёння хто-кольвек з нашай апазіцыі наракае на Еўропу: маўляў, здрадзіла, ідзе на хаўрус з рэжымам і г.д. Але свой шлях барацьбы за волю (менавіта за волю, а не за большую пайку) беларусы мусяць прайсці самі, як праходзілі яго амерыканцы, французы ці палякі. Калі ж ты абіраеш кілбасу замест свабоды, то заўтра рызыкуеш апынуцца і на нішчымніцы, і ў хамуце.

Аўтар: спецыяльна для “Народнай Волі” Аляксандр КЛАСКОЎСКІ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.