Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:26 9 верасня 2016
13
Памер шрыфта

Так называўся артыкул пісьменніка Анатоля Зэкава, змешчаны ў “Народнай Волі” 26 красавіка г.г., у якім аўтар падзяліўся сваім роздумам пра ролю нацыянальнай літаратуры і пісьменніка ў выхаванні падрастаючага пакалення, далучэння школьнікаў да чытання, закрануў праблемы аплаты творчай працы, выдання і распаўсюджвання кнігі, выказаў заклапочанасць бядотным станам беларускай мовы. Артыкул выклікаў шырокі рэзананс сярод пісьменнікаў, бібліятэкараў і настаўнікаў, пра што сведчылі тэлефонныя званкі ў рэдакцыю і непасрэдна аўтару.

Атрымала рэдакцыя і афіцыйныя адказы з міністэрстваў інфармацыі, культуры, адукацыі, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Пракаментаваць іх рэдакцыя папрасіла зноў-такі аўтара артыкула.

Пісьменнік і грамадства, пісьменнік і ўлада – гэтыя праблемы ніколі не сыходзілі з парадку дня. Ні для каго ж не сакрэт, што пісьменнік з’яўляецца своеасаблівым летапісцам і рэзанансам эпохі і яго думка адыгрывае немалую ролю ў жыцці грамадства.

Сёння ў параўнанні з савецкім часам беларускіх пісьменнікаў няма ў парламенце, яны не ўваходзяць ва ўладныя структуры (у ЦК КПБ быў нават сектар літаратуры). Ды і падзел пісьменніцкай супольнасці на два саюзы значна аслабляе творчыя высілкі майстроў пяра, размывае цэласную карціну літаратурнай прасторы. Што зрабіць, каб пісьменніцкае слова зноў загучала ў грамадстве, абуджаючы людскія душы, – адказ на гэтае пытанне я ставіў сабе на мэту, калі пісаў артыкул “Хаўтуры па літаратуры…”.

Скажу адразу: афіцыйныя адказы і рэдакцыю, і мяне асабіста расчаравалі. Праўда,  не было і асаблівых ілюзій наконт таго, што ўладныя структуры адразу кінуцца вырашаць узнятыя праблемы. Урэшце, гэта справа не аднаго дня. І ўсё ж былі спадзяванні, што міністэрскія чыноўнікі прызнаюць: пісьменнік насамрэч патрабуе значна большай увагі з боку дзяржавы. А заадно сур’ёзна, па-дзяржаўнаму вызначаць шляхі вырашэння той ці іншай праблемы хоць бы на перспектыву. Замест гэтага адпаведныя дзяржаўныя структуры абмежаваліся звычайнымі справаздачамі.

Міністэрства адукацыі нават кінула папрок, што “пазіцыя А.Зэкава… з’яўляецца прыватнай думкай аўтара” (знарок захоўваю стыль, каб паказаць моўную “адукаванасць” высокіх чыноўнікаў ад адукацыі). Ды Бог з ім, стылем! Як і з чыноўніцкім неразуменнем таго, што думка кожнага чалавека, безумоўна ж, прыватная і па сваёй сутнасці не можа быць іншай. Аднак і дзяржаўнай думкі мы не пачулі. Усё той жа голы пералік мерапрыемстваў, прысвечаных Дню ведаў, Дню беларускага пісьменства, Міжнароднаму дню роднай мовы, Сусветнаму дню паэзіі, і іншым падобным дням (тое ж тычыцца і адказаў іншых міністэрстваў). А можа, хопіць ужо жыць толькі знакавымі днямі? Ці не наспеў час працаваць з беларускай кнігай штодзённа, зрабіўшы гэтую працу не эпізадычнай, а ўключыць яе ў бесперапынны навучальны і выхаваўчы працэс? Каб і тыя ж сустрэчы з пісьменнікамі наладжваліся не ад выпадку да выпадку, і адкрытыя ўрокі па іх творчасці праводзіліся, і кнігі з аўтографамі школьнікі набывалі…

Паводле апошніх звестак Міністэрства інфармацыі, літаратура на беларускай мове займае 11,4 працэнта ў агульнай колькасці выпушчанай друкаванай прадукцыі і 17,1 працэнта ў яе сукупным тыражы. Удумайцеся ў названыя лічбы і скажыце: ці нармальна, што ў суверэннай дзяржаве рускамоўная кніга раскашуе, а беларускамоўная пачуваецца ў ролі падчаркі? Можа, варта абкласці першую адпаведным падаткам і выручаныя грошы пусціць на развіццё другой, тым самым зрабіўшы кнігу на беларускай мове больш таннай, а значыць – і больш даступнай? Асабліва гэта тычыцца мастацкай літаратуры і перш-наперш кніг для дзяцей, якія нярэдка даражэй за больш якасна аформленыя кнігі на рускай мове.

Праўда, выдаўцы і прадаўцы ледзь не ў адзін голас сцвярджаюць, што кнігі на беларускай мове дрэнна прадаюцца. А як яны могуць прадавацца лепш, калі не запатрабаваны ў той жа школе, дзіцячым садку, калі адсутнічае сама моўная прастора? Не аднойчы падчас шматлікіх сустрэч з чытачамі пераконваўся, што настаўнікі не толькі не прапагандуюць беларускую кнігу сярод школьнікаў, а і самі не чытаюць сучасных беларускіх пісьменнікаў, нават не цікавяцца літаратурнымі часопісамі, якія паступаюць у школьныя бібліятэкі, не кажучы пра тое, што ўжо выпісваюць іх.

У Міністэрстве адукацыі бадзёра запэўніваюць, што школы сёння цалкам забяспечаны неабходнай літаратурай. Якой? Калі мець на ўвазе падручнікі, гэта насамрэч так. Што ж тычыцца твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў, дык калі адкінуць кнігі серыі “Школьная бібліятэка”, то ў большасці бібліятэк навучальных устаноў іх не атрымліваюць гадамі, што мне, зрэшты, пацвердзілі ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Выдавецкі дом “Звязда”, “Народная асвета”, “Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі”. Не нашмат лепшая сітуацыя і ў сельскіх публічных бібліятэках, тым больш што колькасць іх з кожным годам змяншаецца. Няўжо гэта прымальна, калі кніга, выдадзеная тысячным тыражом, тры-чатыры гады не знаходзіць свайго спажыўца?

Ды і дзе можна набыць яе, калі ў лічаных раённых цэнтрах засталіся кнігарні? Напрыклад, апроч абласных гарадоў, сёння “Белкніга” на Брэстчыне прысутнічае толькі ў Пінску і Баранавічах, на Гомельшчыне – у Светлагорску, Мазыры і п.г.т. Касцюкоўка, на Віцебшчыне – у Оршы, Полацку, Наваполацку, Новалукомлі і п.г.т. Руба, на Міншчыне – у Барысаве, Вілейцы, Жодзіне, Маладзечне, Салігорску і Смілавічах, на Гродзеншчыне – у Ваўкавыску, Лідзе, Шчучыне, Бярозаўцы і п.г.т. Вялікая Бераставіца. А вось на Магілёўшчыне гандлёвых кропак “Белкнігі” няма ўвогуле (!) – нават у абласным цэнтры. Чаму гэта не турбуе Міністэрства інфармацыі?

На Дзень беларускага пісьменства ў горадзе, дзе праходзіць рэспубліканскае свята, сярод шматлікіх знакавых мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй адчыняць і кнігарню: летась – у Шчучыне, сёлета – у Рагачове. Але колькі трэба такіх Дзён і гадоў, каб абысці ўсе раёны? Праўда, ёсць яшчэ кнігарні белспажыўсаюза. Але вы бачылі, якія кнігі стаяць на іх паліцах? Дык, можа, вядомы лозунг “Купляйце беларускае!” варта дапоўніць яшчэ і лозунгам “Прадавайце беларускае!”?

Не буду спрачацца са старшынёй Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі сп.Давыдзькам. Пералік заслуг установы, якую ён узначальвае, па прапагандзе беларускай літаратуры насамрэч унушальны (дзякуючы, праўда, радыё, а не тэлебачанню). Ці можа наша тэлебачанне пахваліцца пастаяннай яркай праграмай, якая запомнілася б? Аднастайныя “Дыя@блогі”, у якіх асобныя пісьменнікі пайшлі па другім крузе, ужо страцілі сваю свежасць. А што ўзамен? Дзе фільмы пра сучасных пісьменнікаў, якія раскрывалі б усю іх творчую лабараторыю? А літаратурныя вечары? Хіба не цікава было б паслухаць на працягу 5–10 хвілін вершы таго ці іншага паэта ў выкананні вядомага артыста ці самога аўтара? (Калі і здараецца такое, што вельмі і вельмі рэдка.) Або прыдумаць гумарыстычную праграму кшталту тэлевізійнай кавярні, дзе гучалі б і анекдот, і жартоўны маналог, і адпаведная песня? Ды пра што гамонка, калі апошнія два гады тэлебачанне нават не зацікавілі “Літаратурная гасцёўня” з удзелам пісьменнікаў на Нацыянальным фестывалі паэзіі і песні ў Маладзечне (а паэзія ж у яго назве стаіць на першым месцы), Усебеларускі фестываль народнага гумару ў Аўцюках.

Нядаўна Міністэрства інфармацыі сумесна з “Выдавецкім домам “Звязда” і выдавецтвам “Мастацкая літаратура” аб’явіла штогадовы конкурс маладых літаратараў “Першацвет”. Гэта цудоўна! Але хіба тое ж міністэрства не павінен непакоіць факт, што ў раённых і абласных газетах зніклі літаратурныя старонкі, дзе маглі б змяшчаць першыя пробы пяра пачынаючыя аўтары, як гэта было ў савецкі час. (Зрэшты, чаму б Міністэрству інфармацыі не арганізаваць штогадовы конкурс такіх старонак, што, безумоўна, стымулявала б калектывы газет надаваць больш увагі пачынаючым аўтарам?) Няма і тых стартавых пляцовак (“Піянер Беларусі”, “Чырвоная змена”), з якіх пачыналі свой шлях у літаратуру тыя, хто прыходзіў у яе ў 1950–1980 гады. Абсалютна безлітаратурнымі сталі рэспубліканскія газеты, дзе нават рэцэнзію на кнігу днём з агнём не адшукаеш (кароткія анатацыі сям-там у разлік не ідуць), не тое што грунтоўны агляд сучаснай літаратуры, які дапамог бы чытачам сарыентавацца ў шматлікім кніжным патоку. Ды і нашы літаратурныя выдавецтвы пераважна займаюцца рэкламай кніг уласнай вытворчасці або тых, што трапяць на вока, пры адсутнасці глыбокага аналізу сучаснага літаратурнага працэсу. Больш за тое, сама крытыка стала кампліментарнай, у полі зроку яе адны і тыя ж аўтары. Не ставіць яна заслон і нізкапробнай кніжнай прадукцыі, бо сёння за ўласныя грашовыя сродкі можна выдаць усё, што не парушае дзеючае заканадаўства.

Асобная гаворка пра мову нашых двухмоўных газет – ад раённых да рэспубліканскіх. Пераважная большасць з іх такімі з’яўляюцца толькі паводле рэдакцыйнага статута. Насамрэч публікацыі на беларускай мове ў многіх выданнях настолькі рэдкія, што іх не адразу і адшукаеш. На жаль, у сваім адказе Міністэрства інфармацыі не назвала газеты, якім яно, калі верыць напісанаму, выносіла пісьмовыя папярэджанні “за невыкананне патрабаванняў заканадаўства аб выпуску друкаваных СМІ на мовах, заяўленых пры рэгістрацыі”, таму праверыць, ці спрацавалі гэтыя папярэджанні, не было магчымасці. Але я з поўнай адказнасцю магу запэўніць, што іх можна яшчэ выносіць і выносіць. Вось толькі ці будзе рабіць гэта міністэрства, галоўная задача якога – палітычная пільнасць, а не мова?

Што тычыцца беларускай кнігі (і па адрасе выдання, і па мове), то яна зойме пачэснае месца ў грамадстве тады, калі ёй будзе нададзена належная ўвага на дзяржаўным узроўні. Калі беларускае слова загучыць не толькі ў навучальных установах, а і ў шматлікіх арганізацыях і на прадпрыемствах. Побач з алімпіядамі школьнікаў паўсюдна павінны праходзіць і конкурсы чытачоў беларускай паэзіі і прозы, якія нядрэнна было б распаўсюдзіць і на вытворчыя калектывы і ўстановы краіны. Ды і сама беларуская кніга можа стаць цудоўным падарункам пераможцам шматлікіх конкурсаў, віктарын і многіх іншых мерапрыемстваў (а іх у Беларусі праводзіцца процьма). Зрэшты, можа, наспеў час на самым высокім узроўні з удзелам усіх зацікаўленых асоб правесці спецыяльную нараду па пытаннях выдання, прапаганды і распаўсюджання беларускай кнігі і прыняць адпаведную дзяржаўную праграму?

Гатоў яшчэ раз пацвердзіць і не сумняваюся, што з гэтым пагодзяцца мае калегі-літаратары: пісьменніцкая праца патрабуе і большай увагі з боку дзяржавы, і значна большай аплаты. Спасылка Міністэрства інфармацыі на шэраг дакументаў і сцвярджэнне, што мінімальныя стаўкі аўтарскага ганарару былі ўведзены “з мэтай недапушчэння выплаты зусім мізэрных ганарараў за выданне твораў з боку прыватных выдаўцоў”, не суцяшаюць. Аказваецца, такім чынам у высокім ведамстве пра нас паклапаціліся. Дзякуй, як кажуць, і на гэтым. Але чаму ж тады забываюць паклапаціцца на ўзроўні дзяржаўных выдаўцоў? Апошнія, можа, і змаглі б “прымяняць павышаныя (без верхняга абмежавання) каэфіцыенты”, што рабіць ім не забараняецца, але як яны гэта зробяць, калі нават мінімальныя ганарары гадамі не могуць выплаціць? І ці толькі ад выдаўцоў гэта залежыць? Тут трэба карэнным чынам мяняць самі падыходы да праблемы. І ініцыяваць справу павінна перш-наперш галіновае міністэрства. Хоць і Саюзу пісьменнікаў Беларусі не варта ляжаць на баку, а трэба настойліва грукацца ў дзверы на самых высокіх дзяржаўных паверхах. Ці не гэта праблема павінна ва ўсю моц загучаць на маючым адбыцца восенню пісьменніцкім з’ездзе? Але ці загучыць? А гэта ж не проста грашовая праблема, гэта праблема прэстыжу пісьменніка і яго працы.

Аўтар: Анатоль ЗЭКАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.