Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:55 5 снежня 2016
11
Памер шрыфта

Усе людзі ў нас, як вядома, бліскуча разбіраюцца ў спорце і ў палітыцы. Яны добра ведаюць, чаму не перамагае футбольная зборная Беларусі, не даюць спуску хакейнаму кіраўніцтву за лядовыя палацы і адсутнасць вынікаў, а таксама ў дэталях могуць разабраць расійска-ўкраінскі канфлікт альбо перамогу Дональда Трампа ў Злучаных Штатах. Спартыўных аналітыкаў і палітолагаў у нас – мільёны.

Навіна, што ў 2019 годзе ў Беларусі пройдуць Еўрапейскія гульні, таксама не засталася па-за ўвагай. Пры гэтым галоўнае пытанне, якое хвалюе сёння грамадскасць: патрэбны нам такія гульбішчы падчас крызісу ў эканоміцы альбо не? І вось тут меркаванні падзяліліся.

Па-першае, алею ў агонь лінула інфармацыя аб тым, што першыя Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Баку, абышліся Азербайджану ў 5 мільярдаў долараў, хаця афіцыйны бюджэт складаў мільярд “зялёных”. Толькі на адкрыццё было патрачана каля 100 мільёнаў долараў. І сумы, трэба сказаць, не маглі не шакіраваць!

Праўда, беларускія кіраўнікі паспрабавалі суцешыць хваляванні народа. Напрыклад, памочнік прэзідэнта па справах фізкультуры і спорту Максім Рыжанкоў абвясціў, што спартыўнае мерапрыемства будзе каштаваць “некалькі мільёнаў долараў”.  Міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко паведаміў у эфіры АНТ, што правядзенне Гульняў абыдзецца ў 30–40 мільёнаў. А днямі выказаў сваё меркаванне з гэтай нагоды і кіраўнік краіны: «Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 мільёнаў долараў за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць».

Разлік у чыноўнікаў просты. Маўляў, спартыўная інфраструктура ў нас ужо ёсць, а многія выдаткі возьмуць на сябе Міжнародны і Еўрапейскі алімпійскія камітэты. Пра тое, чаму не захацела быць у плюсе Галандыя, якая раней збіралася праводзіць Гульні, чамусьці не паведамляецца. Хаця ёсць інфармацыя, што адмовіліся галандцы менавіта пасля вывучэння грамадскага меркавання і падліку фінансавых выдаткаў. Але гэта ўжо іх праблемы, калі яны “не ўмеюць” правільна лічыць і зарабляць грошы.

Услед за “галандскім дэмаршам” песімістычна выглядаюць і заявы беларускіх незалежных эканамістаў, якія таксама чамусьці не вераць у эканамічны эфект ад гэтага спартыўнага праекта. Напрыклад, Яраслаў Раманчук упэўнены, што выдаткі будуць большымі ў разы, і з вялікай доляй верагоднасці можна прагназаваць, што акажамся ў мінусе. Пытанне толькі ў даўжыні гэтага мінуса і ў яго глыбіні для беларускіх падаткаплацельшчыкаў”.

Леанід Заіка наогул лічыць, што падчас падрыхтоўкі такіх мерапрыемстваў вельмі добра могуць “распілаваць” бюджэтныя і іншыя сродкі. І мяркуе, што калі ў краіне знойдзецца чалавек, які скажа, што ён усё арганізаваў па каштарысе, то яму адразу ж трэба даваць званне Героя Беларусі.

І эканаміст мае рацыю. Успомніце, у якую помпу вылілася арганізацыя чэмпіянату свету па хакеі-2014. Ніхто не кажа, што мерапрыемства прайшло дрэнна, але і накралі тады добра. У 2013-м следчыя заяўлялі пра чарговую гучную справу – кіраўнікі вядучых будаўнічых прадпрыемстваў, аказваецца, будавалі сабе катэджы за лік сродкаў, якія накіроўваліся на будаўніцтва лядовага палаца “Чыжоўка-Арэна”…

Не так даўно быў суд над былым генеральным дырэктарам хакейнага мінскага “Дынама” Максімам Суботкіным, і зноў усплыла тэма “шэрых” схем адмывання грошай падчас арганізацыі хакейнага першынства. І гэта, напэўна, толькі бачная частка айсберга. А што хаваецца пад вадой?! Адным словам, можна толькі здагадвацца, хто пры правядзенні такіх фэстаў застаецца ў плюсе.

А большасці людзей, як мне падаецца, гэтыя “гульні на мільёны” да лямпачкі. Пазіцыя ў іх простая: ад мяне тут нічога не залежыць. Хіба што ў віртуальнай прасторы праяўляюцца гэтыя палітолагі. Як пішуць некаторыя: “То падатак новы ўводзім, то пенсіённы ўзрост павышаем, то да Міжнароднага валютнага фонду звяртаемся з працягнутай рукой, а затым – р-раз! – і Еўрапейскія гульні!”

З надыходзячым вас спартыўным святам, таварышы!

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".