Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:25 26 студзеня 2017
31
Памер шрыфта

“На жаль, для мноства нашых суайчыннікаў сёлетні год асацыіруецца хутчэй з вядомай свойскай птушкай. А ў нас жа распачаўся вялікі юбілейны год: паўтысячы гадоў таму наш зямляк, палачанін Францішак Скарына здзейсніў свой гістарычны подзвіг – даў не толькі беларусам, а і ўсім усходнееўрапейцам друкаваную Біблію”. Такімі словамі знакаміты мастак, вядомы грамадскі дзеяч Мікола Купава пачаў першы грамадскі Скарынаўскі форум, што адбыўся 14 студзеня ў сталічным Палацы мастацтва.

Старшыня асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі Аляксандр Суша выказаў свае клопат і трывогу, што шырокая беларуская грамадскасць у справе ўшанавання гістарычнай даты пакуль што паводзіць сябе больш чым інертна. Вядома ж, некалькі дзясяткаў вядомых у краіне людзей падпісалі два лісты да беларускага ўрада з канкрэтнымі прапановамі па адзначэнні нашай “пяцісотгоднасці”. Вядома ж, дзякуючы найперш таму самаму Міколу Купаву, скліканы гэты, пакуль што сціплы колькасцю сваіх удзельнікаў, форум. Вядома ж, некаторыя грамадскія арганізацыі прынялі свае праграмы пашырэння Скарыніяны. Але ўсё гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з 1990-м, 1967-м і нават з 1925 гадамі, калі адзначаліся мінулыя буйныя скарынаўскія юбілеі. Тады прымаліся вялікія дзяржаўныя праграмы іх адзначэння, грамадскасць актыўна далучалася да самых разнастайных мерапрыемстваў, публікацыі (такія, як “Чатырохсотлецце беларускага друку” 1926 года або серыя скарынаўскіх выданняў 1988–1990 гг.) хутка знікалі з паліц кнігарань, ладзіліся шматлікія канферэнцыі, выставы, здымаліся фільмы… Нашы крамы і кіёскі, мякка кажучы, не завалены плакатамі, паштоўкамі, значкамі, наклейкамі адпаведнай тэматыкі. Шмат дзе, асабліва па-за Мінскам, на думку Аляксандра Сушы, пануе нейкая малазразумелая ціша…

З першым навуковым дакладам на форуме выступіў вядомы беларускі гісторык – акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Касцюк. Ён паспрабаваў зрабіць шырокае асэнсаванне здабыткаў нашага навуковага скарыназнаўства і сфармуляваць кола яго нявырашаных праблем. Да такіх належыць не толькі высвятленне “цёмных месцаў біяграфіі” Скарыны, але і вытлумачэнне сімволікі гравюр яго выданняў, далейшае даследаванне гістарычнага кантэксту жыцця і творчасці вялікага палачаніна, параўнальнае лінгвістычнае і літаратурнае вывучэнне яго пісьмовай спадчыны і іншае. Да канца не вырашана пытанне, як вызначыць галоўныя дасягненні Скарыны, кім ён быў у першую чаргу – беларускім першадрукаром, першавыдаўцом, першым еўрапейскім прыхільнікам шырока разуметага экуменізму, першым беларускім паэтам, першым нацыянальным філосафам?..

Свой адказ на некаторыя з гэтых пытанняў паспрабавала даць адна з арганізатараў форуму, доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая. На яе думку, менавіта Біблія Скарыны паклала пачатак самавызначэнню беларусаў як еўрапейскай нацыі. Ужо стала прывычнай яе крытыка існуючых перакладаў Святога Пісьма на сучасную беларускую мову, хоць у гэтай крытыцы, на мой погляд, было шмат чаго суб’ектыўнага. Прафесары Леанід Лыч і Адам Мальдзіс вельмі грунтоўна растлумачылі сваё разуменне скарынаўскага экуменізму: паводле іх  думкі, родны для Скарыны Полацк, а ў значнай ступені і ўсё тагачаснае Вялікае Княства Літоўскае, стваралі спрыяльную глебу для пашырэння ідэі хрысціянскай еднасці – прычым тады ў гэтай ідэі былі ўплывовыя прыхільнікі нават у Вялікім Княстве Маскоўскім.

Сапраўды сенсацыйныя звесткі прагучалі ў рэфераце кандыдата філалагічных навук Алеся Жлуткі. З даўніх часоў невырашальнай праблемай для даследчыкаў біяграфіі Скарыны было пытанне, дзе ён быў і чым займаўся ў перыяд паміж 1506-м (атрыманне ступені бакалаўра ў Кракаве) і 1512-м (абарона тэзісаў на ступень доктара медыцыны ў італьянскай Падуі) гадамі. Навукоўцу ўдалося знайсці дакументы, якія яшчэ неадназначна, але з вялікай доляй верагоднасці пацвярджаюць не раз выказаную раней гіпотэзу, што непасрэдна перад прыездам у Падую Францыск Скарына быў сакратаром дацкага караля Ганса Ольдэнбурга. Трапіць у Капенгаген ён мог у складзе супольнай дыпламатычнай місіі Польскага каралеўства і ВКЛ, якая адправілася туды з Кракава ў 1509 годзе. У бліжэйшыя месяцы Алесь Жлутка плануе ў межах нямецкай навуковай стыпендыі прыехаць у дацкую сталіцу, каб пашукаць у капенгагенскіх архівах тыя дакументы, якіх пакуль што не хапае. Цікавыя сведчанні знойдзены гэтым даследчыкам таксама пра апошні перыяд жыцця Скарыны, звязаны, як вядома, з чэшскай Прагай…

Увагу прысутных на форуме прыцягнулі таксама выступленні мастацтвазнаўцы Ірыны Зварыка і вышэйзгаданага Міколы Купавы, якія разважалі пра сімволіку ілюстрацый да Скарынаўскай Бібліі і зрабілі шэраг цікавых назіранняў.

Заключным акордам форуму прагучала майстэрскае дэкламаванне перакладаў фрагментаў прадмоў Францыска Скарыны да ўсёй Бібліі і да Псалтыра ў  перакладзе на сучасную беларускую мову, выкананым нашым славутым паэтам Алесем Разанавым. Перад пачаткам дэкламавання ён падкрэсліў, што, па сутнасці, гэтая частка скарынаўскай творчай спадчыны ўяўляе сабою суцэльны паэтычны твор – нават калі ў ім і адсутнічае рэгулярны рытм, а рыфма прысутнічае толькі зрэдку.

У планах Міколы Купавы і яго аднадумцаў арганізаваць яшчэ ў першай палове гэтага года другі грамадскі Скарынаўскі форум. А што ж дзяржава? Як кажуць, паглядзім…

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Какой фрукт способен омолодить организм на 17 лет

Специалисты из Нью-Йорка выяснили невероятные свойства этого плода.

Жители итальянских Венето и Ломбардии проголосовали за автономию от центральных властей

Жители итальянских северных областей Венето и Ломбардия на прошедших накануне референдумах высказались за автономию от центральных властей.

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед