Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:53 30 студзеня 2017
15
Памер шрыфта

Нішто не прадказвала бяду. Управіўшыся па гаспадарцы, павячэраўшы, Вольга Міхайлаўна, як звычайна, села на канапу, каб разам з мужам паглядзець тэлевізар. Яны даўным-даўно набылі спадарожнікавую талерку, дзякуючы якой можна знаёміцца з перадачамі не аднаго дзясятка каналаў. І трэба ж супасці так, што ў мінулы панядзелак па «России-1» пасля 23 гадзін у эфіры з’явіўся небезвядомы Уладзімір Салаўёў, і ўжо немаладая пара вырашыла не прапускаць яго чарговую прапагандысцкую перадачу.

Прайшло колькі хвілін, і муж Вольгі Міхайлаўны прыдрамнyў. А калі раптам расплюшчыў вочы, дык убачыў: ціха памірае жонка. Нейкае імгненне – і яе жыццё абарвалася. “Хуткая дапамога” не змагла нічым дапамагчы.

Развітанне з Вольгай Міхайлаўнай Гарошка, жыхаркай вёскі Вішэвічы Пінскага раёна, адбылося ў сераду. Ёй было 72 гады. Да таго “тэлевізійнага” вечара яна адчувала сябе нармальна, цяжка ўзгадаць, калі яна звярталася да дактароў. Няўжо так блізка да сэрца ўспрыняла імперскія хваласпевы У.Салаўёва, што яно не вытрымала?

Абарвалася жыццё цудоўнай жанчыны, маці трох дзяцей. Дзясяткі гадоў яна лічылася лепшым эканамістам раёна. Дзякуючы намаганням яе і яе мужа Васіля Майсеевіча ў далёкія сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады бурнымі тэмпамі развіваўся калгас “Аснежыцкі”, які выйшаў на самыя перадавыя рубяжы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім СССР. Перад выхадам на заслужаны адпачынак Вольга Міхайлаўна працавала ў сельгаспрадпрыемстве “Ставоцкі”.

А якая яна была гаспадыня! Лічы, на ёй трымалася і хата, і агарод, і ўсё, што бегала па падворку. Такіх руж, якія вырошчваліся яе рукамі, ва ўсім наваколлі немагчыма было знайсці. Любіла яна сустракаць і частаваць гасцей. З асаблівай цеплынёй песціла ўнукаў. Радавалася жыццю, жыццё радавала яе.

Шкада, што такая мілая, добрая жанчына так нечакана пакінула гэты свет. Не менш шкада і яе мужа Васіля Майсеевіча Гарошку, Героя Сацыялістычнай працы, кандыдата сельскагаспадарчых навук, вядомага палескага аграрніка. У апошнія гады ён, маючы не самае лепшае здароўе, адчуваў сябе за спінай Вольгі Міхайлаўны, вобразна кажучы, як за каменнай сцяной.

Шаноўны Васіль Майсеевіч! Мы, сябры, былыя саслужыўцы, землякі, разам з Вамі глыбока смуткуем з нагоды нечаканай, раптоўнай смерці Вольгі Міхайлаўны. Няхай ёй, ураджэнцы Віцебшчыны, будзе пухам палеская зямля! Трымайцеся, Васіль Майсеевіч!

Пінскі раён.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.