Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 20 чэрвеня 2017
9
Памер шрыфта

Цікавасць беларусаў да Фінляндыі існуе здаўна. Такія ж, як мы, у аснове сваёй “сялянскі народ”, фіны цягам сваёй няпростай гісторыі здолелі вымкнуць спачатку з абдымкаў імперскай (калісьці) Швецыі, а пасля і з абдымкаў імперскай (і даўней, і цяпер) Расіі.

У чэрвені 1910 года Янка Купала разам са сваім настаўнікам – навукоўцам Браніславам Эпімах-Шыпілам і вядомым збіральнікам беларускага песеннага фальклору Антонам Грыневічам наведалі Фінляндыю. Купала тады захоплена пісаў: “Як жа багацейша і пякнейша наша зямелька, калі параўнаць яе з фінскай, хаця людзі тут лепей апрануўшыся і весялей, свабадней выглядаюць, як нашы. Дзіўна і несправядліва звініць гэта наша безупыннае: “Край наш бедны! Зямлі мала!” Мне здаецца, што не край наш бедны, а толькі мы яго абяднілі ды наша мачыха-доля… Прыехалі мы сюды а гадзіне 3-й па паўдні, у пару, у якую хіба кожны ўспомне аб полудні. Хоцькі-няхоцькі пайшлі мы к буфету і бачым: на стале чаго толькі душа хоча: і рыба, і мяса, і сыр, і масла, і ўсякія прыправы к гэтаму; людзі падыходзяць, бяруць самі на талеркі, што хочуць, і ядуць, колькі ўлезе. Ніхто нікога ні аб чым не пытаецца, ніхто нікога не пільнуе; еш, колькі душа прымае…”

У сакавіку 1914 года, спрабуючы паправіць сваё падупалае здароўе, Фінляндыю наведала Алаіза Пашкевіч (Цётка). У сваіх “Успамінах з паездкі ў Фінляндыю” наша выдатная пісьменніца і грамадская дзяячка захоплена расказала пра свой побыт у звычайнай сялянскай сям’і Кюмяляйненаў, сям’і культурнай, задбанай; сям’і, якая клапоціцца і пра сваіх дзяцей; сям’і высокамаральнай і руплівай. У іншым раздзеле сваіх успамінаў Цётка піша:

“Фін, гледзячы ў дны сваіх чыстых азёраў, на светлае блакітнае неба, наяве сніў аб долі лепшай: у казкі, песні ўплятаў сваю мінуўшчыну, слаўных дзядоў сваіх рыцараў, песціў несмяртэльнымі ўспамінамі ў сваіх сэрцах. Гадоў сорак таму назад уся інтэлігенцыя смяялася, як над нечым дзяціным, нязграбным і вельмі незразумелым, над старадаўняй фінскай мовай. Але сыны фінскага народа, дабіўшыся да святынь высшай школы, дастаўшы высшую навуку, сказалі: не! Мы не дзеля таго дабіваліся аб сухім хлебе і вадзе, каб потым вам, паны, яе прадаваць за срэбнікі Юды! Мы – сыны мужыцкага народа, мы – унукі дзедаў – рыцараў-хлебаробаў, каторыя адкладалі саху набок, пакідалі дзетак галодных, хапалі за меч і баранілі перад шведамі незалежнасць свае роднае старонкі: аб іх сведчаць нашы цвёрдыя скалы, аб іх пяюць нашыя народныя песні. Мы праўнукі іх, мы з народу і застанёмся з народам!

І пайшлі да сваіх айцоў, матак, сёстраў, братоў з жывым свядомым словам; мы фіны… мы любім свае балоты і возеры, скалы і горы, мы да іх падобны, наша мова да іх падобна…

І фіны ўзяліся свядома да працы. Не адзін з торбай на плячах пайшоў па краю збіраць песні народныя, казкі, легенды. Як толькі гэты матэрыял быў сабраны, аддрукаваны, шляхта ажно здзівілася вялікаму багаццю душы народнай…

Фінляндскі народ цяпер займае шчытнае месца паміж культурнымі народамі. Фінляндскі ўніверсітэт штогод з сваіх сцен выпускае маладую армію сыноў хлебаробаў, каторыя ідуць у народ і працуюць з забыццём шчасця свайго “я”. Народа шчасце – іх шчасце. Фінляндскі народ перша ў Еўропе прызнаў роўныя правы кабетам. Кабета-матка – свядомая фінляндка-патрыётка – яшчэ ў калысцы пачне навучаць сваіх дзетак любіць родны край, любіць і паважаць справядлівасць роднага народа. І ніякая сіла не перарабіць цяпер фінскі народ на іншы капыл ужо не здолее, бо свядомасць народа, культурнасць яго стаяць вышэй усякай сілы”.

Сёння беларускі чытач атрымаў магчымасць ацаніць гістарычныя здабыткі фінскага народа не толькі праз эмацыйна-ўзрушаныя словы нашых класікаў. Літаральна колькі тыдняў таму на паліцах нашых кнігарань з’явілася кніга “Гісторыя Фінляндыі”, перакладзеная на беларускую мову нашай маладой і таленавітай перакладчыцай Вольгай Рызмаковай. Праца гэтая раней была перакладзена на англійскую, рускую, украінскую, эстонскую, латышскую, албанскую, грузінскую мовы; неўзабаве павінен з’явіцца і яе нямецкі пераклад. Аўтар кнігі, фінскі прафесар гісторыі Хельсінкскага ўніверсітэта Хенрык Мейнандэр, здолеў у адносна невялікай працы у межах дзевяці сціслых раздзелаў выкласці самыя важныя падзеі гісторыі Фінляндыі ад старадаўніх часоў да нашых дзён. Кніга вызначаецца аб’ектыўнасцю і стрыманым поглядам: у ёй няма ані следу шавінізму ці самаўсхвалення. Хенрык Мейнандэр адкрыта гаворыць пра цяжкасці і памылкі шматгадовага шляху сваёй краіны. Увагі заслугоўваюць яго развагі наконт сённяшняй моўна-культурнай сітуацыі ў Фінляндыі, пра плюсы і мінусы так званай глабалізацыі. Мне здаецца, што папулярная праца фінскага гісторыка дае досыць вычарпальныя адказы пра карані фінскага поспеху і прымушае думаць.

Паўтаруся, “Гісторыя Фінляндыі” якасна перакладзена на нашу мову. Можа быць, нехта выказаў бы пэўныя прэтэнзіі да вёрсткі кнігі, выкананай пад эгідай дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура”: старонкам выдання, магчыма, не хапае “паветра”, але ўсё адно кнігу хочацца ўзяць у рукі, а галоўнае – прачытаць…

Прыемна зазначыць, што беларускамоўныя пераклады папулярных кніг па гісторыі народаў свету паступова перастаюць рабіцца нечым надзвычайным, унікальным. Яшчэ ў канцы 1990-х гадоў былі апублікаваны “Нарысы амерыканскай гісторыі” аўтарства некалькіх амерыканскіх прафесараў; у 2000-я гады тры выданні вытрымаў “Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа”, укладзены Мар’янам Семаковічам; у 2014 годзе ў Вільнюсе была надрукавана па-беларуску “Гісторыя Літвы” Алфансаса Эйдзінтаса, Альфрэдаса Бумблаўскаса і іншых. У прыватным выдавецтве Зміцера Коласа рыхтуецца да выдання беларускі пераклад “Гісторыі Латвіі” Ілгварса Бутуліса і Антонія Зунды… Ёсць спадзяванні, што праз пэўны час мы прачытаем па-беларуску і добрую кнігу па гісторыі іншай нашай краіны-суседкі, Украіны…

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.