Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:34 21 снежня 2016
9
Памер шрыфта

Як вядома, вялікія падзеі бачацца на адлегласці. Кастрычніцкі пераварот 1917 года сучаснікі не заўважылі. Падумаеш, матросы захапілі Зімні палац!.. Ніхто не разумеў, што на 70 гадоў краіна ўкінута ў грандыёзны сацыяльны эксперымент.

І пасля заключэння Белавежскіх пагадненняў таксама насельніцтва былога Савецкага Саюза ўспрыняло гэтую падзею амаль раўнадушна. Некалькі палітыкаў сабраліся ў пушчы і прынялі яшчэ адзін дакумент. Колькі іх ужо прымалі падчас гарбачоўскай перабудовы! Памянялі назву, замест СССР цяпер краіна будзе называцца СНД. Усяго толькі. Цікава, што і самі «путчысты» да канца не разумелі, што пачынаецца новая эпоха.

Большасць і насельніцтва, і кіроўнай эліты Беларусі пачувалі сябе вельмі дыскамфортна ў сітуацыі незалежнасці. Як гэта – жыць самастойна, самім за сябе адказваць? Таму адразу выявілася вялікае жаданне прытуліцца да вялікай Расіі. Спачатку Кебіч, потым Лукашэнка нічога лепшага не прыдумалі, як пастаянна ездзіць у Маскву за грашыма, энергарэсурсамі, парадамі. Дарэчы, пры вялізнай падтрымцы грамадства. І эпатажныя паводзіны першага прэзідэнта Беларусі выяўлялі комплексы дзяржаўнай непаўнавартаснасці.

За чвэрць стагоддзя так і не змаглі стварыць эфектыўную эканоміку, здольную забяспечыць дабрабыт хоць бы на ўзроўні суседніх дзяржаў і існаваць без вонкавай дапамогі. І гэта самы вялікі правал 25 гадоў.

Аднак сам факт існавання незалежнай Беларусі дыктаваў логіку палітычных рашэнняў. Пад акампанемент рыторыкі аб інтэграцыі з Расіяй выбудоўваліся інстытуты і атрыбуты незалежнай дзяржавы. Няхай сабе і трохі ў дзіўнай форме, з дамінуючымі элементамі каланіяльнай спадчыны.

Але хутка высветлілася, што будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці стала пабочным прадуктам будаўніцтва аўтарытарнага рэжыму. Там, дзе гэтыя працэсы супадалі, атрымалася нядрэнна. Калі вынесці за дужкі эканоміку, то ўладныя інстытуты працуюць як гадзіннік. Хто не разумее, пра што гаворка, няхай параўнае з Украінай 2014 года, калі дзяржаўныя інстытуты ў момант вострай вонкавай небяспекі проста разваліліся.

А вось у эканоміцы ўсё атрымалася з дакладнасцю да наадварот: логіка ўтрымання ўлады супярэчыла задачы будаўніцтва сучаснай эканамічнай сістэмы. Таму і засталіся з савецкай эканамічнай спадчынай.

Яшчэ адно вялізнае расчараванне – гэта беларускае грамадства. Яно так і не саспела да гістарычнай творчасці, да таго, каб стаць суб’ектам палітыкі. Народ перадаверыў свой лёс аднаму чалавеку, нават не спрабуючы неяк на яго ўплываць. Гэта сітуацыя сярэднявечча, калі манарх аднаасобна вызначае кірунак жыцця 10-мільённай краіны. Грамадства затрымалася ў феадалізме. І нават моладзь не адчувае ніякага дыскамфорту ад свайго бяспраўнага становішча.

У выніку атрымаўся дзіўны гібрыд, кентаўр. Моцная дзяржава з разваленай эканомікай, феадальнай палітычнай сістэмай і ідэалагічнымі атрыбутамі савецкай спадчыны. І вірлівыя сацыяльныя працэсы, якія ідуць у свеце вакол Беларусі, вельмі слаба ўплываюць на гэтую выспу жалезабетоннай стабільнасці.

Краіна спынілася ў прасторы і часе. Як Куба пры Фідэлі. Але ж там выспа ў ізаляцыі ад свету. А Беларусь – у цэнтры Еўропы. Увесь спадзеў на спрыяльны лёс. Вось пашанцавала ж 25 гадоў таму!

Svaboda.org

Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.