Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 29 снежня 2016
16
Памер шрыфта

Два гады таму ляцеў з Кіева ў Мінск у адным самалёце з былым іграком мінскага і кіеўскага “Дынама” Аляксандрам Хацкевічам. Ведаем адзін аднаго яшчэ з 1990-х, таму ўспомнілі мінулае, абмеркавалі сучаснае. Аказалася, што нагода для наведвання роднага горада (а апошнім часам Аляксандр жыў і працаваў з сям’ёй ва ўкраінскай сталіцы) дастаткова сур’ёзная – запрашэнне на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі па футболе.

– Гіблае месца, – шчыра выказаў я тады сваё меркаванне.

– Час пакажа, – па-філасофску адказаў Хацкевіч.

Час паказаў… 4 снежня 2014 года чатырохразовы чэмпіён Беларусі і сяміразовы чэмпіён Украіны Аляксандр Хацкевіч быў прызначаны кіраваць нацыянальнай камандай, а 6 снежня 2016 года ён скасаваў кантракт з федэрацыяй, якая з-за адсутнасці выніку вырашыла зменшыць трэнеру заробак, хаця кантракт быў разлічаны да лістапада 2017 года. Хацкевіч з’ехаў назад у Кіеў, а ў тэлефоннай размове паведаміў, што абмяркоўваць сваю адстаўку ў яго жадання няма.

Дарэчы, заўважыў, што ў беларускім футболе ўжо стала нацыянальнай традыцыяй шпурляць камяні ў спіны трэнераў зборнай, якія сыходзяць у адстаўку. Пры гэтым крытыкаў і “аналітыкаў” знаходзіцца столькі, што застаецца толькі здагадвацца: чаму гэтыя людзі яшчэ не на стаўцы ў Федэрацыі футбола? І чаму з дапамогай іх слушных парад зборная яшчэ не круціць вушы ў фінале чэмпіянату Еўропы якім-небудзь немцам ці партугальцам?

У 2013 годзе ў “Народную Волю” на “Прамую лінію” прыйшоў на той час дзеючы настаўнік нацыянальнай каманды Георгій Кандрацьеў. Патэлефанаваў балельшчык з Магілёва: “Юрыя Курненіна, пад кіраўніцтвам якога на чэмпіянаце Еўропы няўдала выступіла “маладзёжка”, у літаральным сэнсе зацкавалі да смерці. Георгій Пятровіч, навошта вы пагадзіліся ўзначаліць зборную? Рана ці позна, але і вас пачнуць цкаваць…”

Кандрацьеў тады адказаў так: “Пасля матча з іспанцамі мяне таксама пачалі цкаваць. Менавіта цкаваць, а не крытыкаваць. А чаму згадзіўся ўзначаліць зборную? Таму што верыў: атрымаецца стварыць моцную каманду”.

Калі амаль праз год Кандрацьева папрасілі “на выхад”, той сказаў: маўляў, на сённяшні момант майстэрства беларускіх футбалістаў адпавядае таму месцу, якое яны займаюць у футбольным свеце. Божа, што тут пачалося! Калі на форумах чытаў “аналітыку” футбольных “спецыялістаў”, часам складвалася ўражанне, што гэта, прабачце, выпускны баль псіхпацыентаў “Навінак”. Столькі было нянавісці, неадэкватнасці!

Пасля Кандрацьева прыйшоў Хацкевіч. Здаецца, усіх задавальняў. Футбаліст, які яшчэ і сам не так даўно гуляў у складзе зборнай і ведаў усю “кухню” знутры. Чалавек, які рубіў праўду, не зважаючы на пасады. Трэнер, які, як і Кандрацьеў, марыў стварыць моцную каманду. Не атрымалася. Але ў каго атрымалася? Назавіце мне гэтага шчасліўчыка. Да слова, калегі падлічылі, што зборная пад кіраўніцтвам Хацкевіча была найбольш стандартнай з усіх каманд за 25-гадовую гісторыю. Беларуская каманда ў сярэднім выйграе тры матчы з дзесяці, яшчэ ў трох гуляе ўнічыю і чатыры прайграе. І менавіта такі вынік у афіцыйных сустрэчах дэманстравала каманда пры Аляксандру Хацкевічу. Тады пра якое “невыкананне задачы” ідзе гаворка? Датэрмінова павінны былі выйсці з групы ў фінальную частку чэмпіянату свету? Апусціцеся з нябёс на зямлю! Пасля сваёй адстаўкі Хацкевіч павінен быў сказаць тыя самыя словы, што ў свой час сказаў Кандрацьеў: “На сённяшні момант майстэрства беларускіх футбалістаў адпавядае таму месцу, якое яны займаюць у футбольным свеце”. Але Аляксандр ціха сабраў рэчы і з’ехаў, вырашыўшы сваімі каментарыямі не падліваць алею ў агонь. Маўляў, далей – без мяне.

А зараз Федэрацыя чакае чарговага кандыдата на гэтае гіблае месца. За 240 тысяч долараў у год, безумоўна, знойдуць. Праўда, зраблю асцярожны прагноз: гады праз два вынікі зборнай будуць такія ж, як і сёння, а чарговага трэнера зноў папруць. Праўда, не разумею аднаго: калі няма розніцы, навошта плаціць такія грошы?

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Военный эксперт: Казарма — это не тюремная камера

Как искоренить «дедовщину», раскрепостить срочников и повысить престиж военной службы — семь шагов к реформированию армии от Андрея Поротникова.

Стало известно, какой на детском «Евровидении» выступит белоруска Хелена Мерааи

Прошла жеребьевка детского «Евровидения-2017» — представительница Беларуси Хеоена Мерааи выступит пятой.

Совет ЕС утвердил новые правила въезда в Шенгенскую зону

Евросоюз принял решение усилить контроль внешних границ Шенгенской зоны для граждан стран, не входящих в сообщество.