Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20:55 25 мая 2017
6
Памер шрыфта

Так, іх, герояў без… перамог, цяпер у нас нямала.

Чалавек не здзейсніў ніякага больш-менш мужнага ўчынку, не дасягнуў вышынь у звычайнай працы, а пра яго мільён узгадак на сайтах, па радыё, на тэлеканалах, у незалежных газетах. Вунь колькі сказана-пераказана ў апошнія дні пра таго ж Мікалая Статкевіча. А ў чым яго “свежая” заслуга? Толькі ў тым, што ў чарговы раз трапіў за краты. Зараз на 5 сутак.

Героем без… перамог на пачатку тыдня стаў і Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў. Мабыць, і сам такой славы не чакаў. Дастаткова было заявіць, што ён і яго паплечнікі адмаўляюцца ад правядзення першамайскага мітынгу ў парку Дружбы народаў, як ледзь не ва ўсёй інтэрнэт-павуціне замільгала яго прозвішча.

Бясплатны піяр! На голым месцы! І што кідаецца ў вочы – у дадзенай сітуацыі раскрутка дэмлідараў адбываецца дзякуючы чыноўніцкай дурасці. Калі Статкевічу не даруецца любое парушэнне закона, то гэтыя пяць сутак ён мог адсядзець у ізалятары на Акрэсціна і тыдзень, і два таму – пакаранне яму вынесена за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая была праведзена даўным-даўно. Дык не – трэба кінуць за краты напярэдадні 1 Мая, каб не з’явіўся са сваімі прыхільнікамі ў гэты дзень на Кастрычніцкай плошчы. А калі б з’явіўся? Не думаю, што палыхнуў бы Майдан. У рэшце рэшт праваахоўныя органы навучыліся прымаць прэвентыўныя меры – затрымліваць людзей на падыходзе да месца несанкцыянаванай акцыі.

Не магу сказаць, у чым тут выйгрыш пагоннікаў спадара Шуневіча, а вось што ў каторы раз Мікалай Статкевіч стаў героем без… перамог – факт відавочны! Уся яго мужнасць у дадзеным выпадку абмежавалася толькі тым, што ён звярнуўся з заклікам да сваіх аднадумцаў прыйсці  1 Мая на цэнтральную плошчу ў Мінску, каб разам, нягледзячы на несанкцыянаванасць (заяўку ў Мінгарвыканкам ён нават не падаваў), адзначыць Дзень салідарнасці, выказацца наконт палітыкі дзеючых улад. Не адчуў на спіне дручкоў амапаўцаў, не падыхаў брудным пылам ад падлогі аўтазакаў – і на табе, герой дня! Як жа, змагара за народнае шчасце пазбавілі волі аж на 5 дзён! Як быццам ён не ведаў, што ўлады не даруюць яму нават малейшага парушэння закона. А калі быць  шчырымі, то закон Мікола ўсё ж такі парушыў, удзельнічаючы (і не раз!) у несанкцыянаваных акцыях.

Можна да хрыпаты спрачацца: добрую палову законаў трэба нам мяняць ці толькі трэцюю частку? Не выключаю абодва варыянты. Але ж пакуль яны, законы, існуюць – хочаш не хочаш, а неабходна выконваць. І мяняць іх лепш па дэмакратычных правілах. А гэта ўжо ўдзел не толькі купкі  апазіцыянераў, суб’ектыўнасць якіх іншы раз можа прывесці да непажаданых вынікаў, а ўсяго народа. Зможа ён выбраць дэмакратычны парламент, а заадно і дэмакратычнага прэзідэнта – будуць у нас і дэмакратычныя законы.

Але працягну думку, з якой пачаў артыкул, і зноў узгадаю Аляксандра Ярашука. Яго, дзякуй Богу, не запіхнулі ў ізалятар, ён не даў для гэтага ні малейшых падстаў. Пазбег сутыкнення з чалавечкамі ў масках, як і з Фемідай. І, магчыма, правільна зрабіў. Толькі пры гэтым застаецца без адказу адно пытанне: адмовіўшыся ад правядзення майскага мітынгу ў парку Дружбы народаў, скажыце, ён як лідар дэмакратычных прафсаюзаў прадэманстраваў сілу ці, наадварот, бяссілле? Дарэчы, як і ўсе астатнія, хто падпісваў заяву ў Мінгарвыканкам на дазвол акцыі?

У інтэрв’ю А.Ярашук заявіў, што адмова чыноўнікаў у правядзенні шэсця ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор нічым не матываваная, а “без маршу мітынг выглядае першапачаткова правальным”. Ой, хітруеце, Аляксандр Ільіч… Скажыце, калі ласка, чаму акцыя, якая магла б адбыцца ў парку Дружбы народаў, стала б правальнай? Правялі ж афіцыйныя прафсаюзы мітынг у парку Перамогі. І без шэсця. Праўда, як мне падалося, і без шараговых членаў прафсаюзаў. На фота- і відэарэпартажных кадрах я не заўважыў рабочых трактарнага альбо аўтамабільнага заводаў, як і прадстаўнікоў навуковай эліты, дзелавых колаў. Вось на здымку дзяўчаты з кепкамі на вушах – мабыць, актывісткі-БРСМаўкі са студэнцкага прафкама, а за імі – малойчыкі з лозунгам “Пятую калону – у пяты вугал” стопрацэнтна не з рабочага класа.

Як небезвядомы Міхаіл Орда салідарызаваўся пазаўчора з беларускім і сусветным пралетарыятам – асобная тэма. Я ўсё ж такі вярнуся да паважанага Аляксандра Ярашука. Што было важней – моўчкі пратопаць нейкіх паўтра кіламетра да плошчы Бангалор ці сабрацца ўсім ў парку Дружбы народаў і правесці масавы мітынг? З агучваннем пакета патрабаванняў да ўлад, з прыняццем рэзалюцыі па сённяшняй сітуацыі ў краіне, з абвяшчэннем дзеянняў дэмакратычных прафсаюзаў на бліжэйшую перспектыву. На жаль, ніхто нічога не пачуў. Адмовай ад правядзення мітынгу вы, Аляксандр Ільіч, і вашы сатэліты толькі аблегчылі 1 мая працу праваахоўнікам і камунальным службам. Чулі б вы, як вас за гэта крытыкаваў на Кастрычніцкай плошчы лідар Беларускага Дэмакратычнага Кангрэса Уладзімір Някляеў!..

Можна здагадвацца пра сапраўдную прычыну адмовы дэмпрафсаюзаў ад правядзення мітынгу ў парку Дружбы народаў. Як і пра тое, якую сілу сёння яны наогул уяўляюць. Апошняе, я мяркую, з’яўляецца самым вялікім тормазам на шляху змагання за правы чалавека, за правы тых, хто працуе на заводах і фабрыках, у рудніках і на будоўлях, на палетках і фермах, у лабараторыях і на транспарце, у бальніцах і ў школах… Без людской кансалідацыі дабіцца саступак ад улад, разлічваць на сапраўды дэмакратычныя выбары нерэальна. І аб’яднаць масы, згуртаваць іх у вялікую сілу – галоўная місія прафсаюзаў. Калі б у тым жа парку Дружбы народаў сабралася 150–200 тысяч чалавек, то, як неяк выказаўся А.Лукашэнка, там былі б усе яго вышэйшыя чыноўнікі. І з’явілася б спадзяванне на тое, што лёс краіны ў нас можа вырашыць народ, а не тыя, хто грэбуе ім.

Можна раз-пораз трапляць за калючы дрот і адчуваць сябе героем. Можна рабіць гучныя заявы і ставіць на гэтым кропку. І ў адным і ў другім выпадку публічная слава мае кароткі тэрмін. Героі без… перамог – віртуальныя славутасці. Няхай не крыўдзяцца на мяне Мікалай Статкевіч і Аляксандр Ярашук, але ім, як і іншым лідарам-дэмакратам, неабходна аб гэтым помніць кожны дзень. І працаваць не на персанальную публічную славу, а на агульныя пераможныя вынікі. Каб побач з вамі, шаноўныя, сталі тыя ж 150–200 тысяч чалавек, трэба, прабачце за банальнасць, не адзін год працаваць дзень і ноч з людзьмі. З людзьмі, з кожным чалавекам асобна! Там, дзе яны жывуць, там, дзе яны працуюць.

Згодны: пры аўтарытарным рэжыме гэта амаль што фантастычная задача. Але ж, спадарства, пад ляжачы камень вада не цячэ. А казка, бывае, часта становіцца быллю.

Аўтар: Аркадзь МІЛЬКОЎСКІ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.